Сік, сіка ‘лічынкі дняпроўскай міногі’ (Яшкін, З жыцця; Інстр. 2), сі́ка ‘назва рыбы’: сіка вузкая, вона маленькая і зверху ходзіць (ПСл), сік зборн. ‘лічынкі ўюноў’ (круп., Сл. ПЗБ), сік, сіква, сікаўка ‘лічынка міногі’ (Жук.). Відавочна, ад сікаць (гл.). Матывацыю гл. сікла. Назва перанесена на назву лічынак міногі, таму што рыбы сямейства ўюноў (Cobitidae) часта рыюць сабе норкі ў муле, дзе жывуць сумесна з лічынкамі міногі (Сабанееў, Жизнь, 506). Параўн. Каламіец, Рыбы, 38 (ад дзеяслова сікаць ‘сычаць’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сікла ‘рыба галец, Nemachilus barbatulus’ (Дэмб. 2, Жук.), ‘галец — уюн Cobitis barbatula’ (Дэмб. 1), ‘лічынка міногі Lampertra mariae Berg.’ (Яшкін, З жыцця; Інстр. 2), сіко́лка, сікоўка ‘рыба’ (?) (Мат. Гом.). Укр. сі́ква ‘галец’, си́кля ‘шчыпоўка’, рус. си́кла ‘галец’, ‘шчыпоўка’, польск. sikawka ‘шчыпоўка’, чэш., славац. sekavec, sykavec, н.-луж. sykanc, sykawice, sykawka, серб.-харв. seka, sjekaća ‘тс’. Цяжка размежаваць назвы рыб сямейства ўюновых. Махэк₂ (540) лічыць іх усе дэрыватамі ад *sěk‑ (гл. секаўка); Брукнер (490) — ад *sikati (гл. сікаўка). Але, відаць, тут трэба выдзеліць назвы шчыпоўкі ад *sěk‑, а назвы гальца лічыць вытворнымі ад *sik‑ (параўн. іншую назву гэтай рыбы: рус. паўд. сциколка, укр. (с)цикун), таму што гальцы пры недахопе кіслароду захватваюць яго ротам і з шумам выпускаюць праз заднюю адтуліну (Сабанееў, Жизнь, 50 і наст.). Параўн. таксама сіка, сік, сікаўка (гл.). Лаўчутэ (Балтизмы, 131) лічыць магчымым узвесці гэтую назву да лат. sîks ‘маленькі, дробны’, siklis, siklins ‘маленькі лясок’, sīkuļa, sīkuļe ‘маленькая, дробная жывёліна’, што з-за шырокай распаўсюджанасці назваў у славянскім свеце не пераконвае, гл. Анікін, Опыт, 276–277. Ён жа мяркуе пра змяшэнне назваў, матываваных каранямі sik‑ ‘мачыцца’ і sik‑/syk‑ ‘шыпець’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)