фі́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Кубік, квадрацік, кружок, які служыць у некаторых настольных гульнях для падліку ачкоў, бітак і пад. Маленькі Папружкін стаяў перад яго дочкамі і трымаў у руках фішкі ад новай гульні, якую Васіль Сымонавіч нядаўна прынёс сваім дочкам. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазаганя́ць 1, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

Загнаць куды‑н. усіх, многіх або ўсё, многае. [Лівень] пазаганяў у хаты людзей і, як бы нацешыўшыся, аціх. Асіпенка. Цімох Сымонавіч на ўсякі выпадак схапіў у рукі дубальтоўку і пазаганяў на месца патроны. Дубоўка.

пазаганя́ць 2, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго.

Разм. Заганяць, замарыць усіх, многіх. — Коней.. пазаганялі да таго, што на іх страшна было паглядзець. Скрыган. — Вот ты, Пятро, дзень і ноч ірвеш, баб сваіх пазаганяў, а як жывеш? Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спра́ўдзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

1. Ажыццявіць, здзейсніць; выканаць. Помсціць кляўся родны брат І ўсе таварышы яго. І спраўдзяць. Будзе ведаць свет Аб справе слаўных змагароў. Броўка. Валя арганізавала школу, каб толькі спраўдзіць мару. Лужанін. Хадоська выняла з хусткі гасціпчык, дала кожнаму па сушанай грушцы, спраўдзіла матчыну волю — паклала на стол нізку грыбоў. Мележ.

2. Апраўдаць што‑н. (звычайна пра надзеі і пад.). Нічога не кажучы хлопцу аб тым, што ён не спраўдзіў спадзяванняў, майстар пачаў тлумачыць, што трэба рабіць. Шахавец. «Няўжо дачка мяне пакіне?.. Не спраўдзіць бацькавых надзей?..» Аўрамчык.

3. Упэўніцца ў чым‑н., праверыць што‑н. Іван Сымонавіч спраўдзіў: на палях кнігі ажно вунь колькі разоў паўтараецца Міхасёва прозвішча. Брыль.

4. Разм. Правільна прадказаць што‑н. — Глядзіце, хоць раз спраўдзіў наш сіноптык, — сказаў камандзір палка Пішчыкаў, узіраючыся ў акно. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкры́цца, ‑крыюся, ‑крыешся, ‑крыецца; зак.

1. Накрыцца, пакрыцца чым‑н. Васіль Сымонавіч прачытаў інфармацыю «З залы суда», пацікавіўся прагнозам надвор’я і ўжо збіраўся, як заўсёды, прыкрыцца газетаю і падрамаць з гадзінку. Арабей. Ліда ляжала на пасцелі, прыкрыўшыся да пояса лёгкаю дзяружкаю. Колас. Калгасны вартаўнік Максім, які сачыў за ўсім гэтым, лёг на посцілку, зверху прыкрыўся. Сабаленка. // Разм. Апрануцца збольшага. [Даміра:] — Бачыш, дзеўкі ў шаўках сядзяць. А пасля вайны прыкрыцца не было чым. Асіпенка. Не меў ён [Музыка] ні двара, Ні гароду; Толькі сярмяжку старую, — Прыкрыцца калі ў непагоду, — І жалейку жывую. Танк.

2. Засланіцца, загарадзіцца чым‑н. Увішны вадзіцель дае поўны ход назад, скіроўвае ўбок, пад мост, каб прыкрыцца ад агню. Гурскі. Насустрач выбеглі кіпарысы: «Ад нашага сонца, таварыш, прыкрыйся». Панчанка.

3. перан. Схаваць, замаскіраваць свае дзеянні, намеры. А я — паехаў, кінуў сябра, выкруціўся ад свайго дзяжурства, прымусіў Казіміра пайсці на варту, хоць чарга была мая. І чым прыкрыўся! Вельмі, маўляў, трэба пабачыць Валю, памагчы, пагаварыць з ёю. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́ссып, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. рассыпа́ць — рассы́паць (у 1 знач.).

2. Разм. Пра што‑н. рассыпанае ў вялікай колькасці. «Анюціны вочачкі», — расчульвалася цётка над сітам з мікраскапічным россыпам насення. Брыль. // перан. Пра вялікую колькасць, мноства чаго‑н., быццам бы рассыпанага на паверхні. Мацвей Сымонавіч за якія два дзесяткі метраў убачыў россып лісічак. Мяжэвіч. На траве ляжаў бліскучы россып вадзяных кропель. Савіцкі. Каленік уздымае вышэй галаву і ўзіраецца ў густы россып зор на Млечным шляху, аж пакуль стамляюцца вочы. Галавач.

3. Спец. Лес, які сплаўляецца асобнымі бярвеннямі, а не плытамі.

4. Спец. Страты пры пагрузцы і перавозцы сыпкіх рэчываў.

5. Спец. Адкладанні, у складзе якіх маюцца крупінкі, крышталі карысных мінералаў (золата, плаціны і пад.). Алмазны россып.

6. Спец. Вялікая колькасць каменных глыб рознай велічыні і формы, якія ўтвараюцца пры выветрыванні горных парод. Пароды, якія выветрываюцца, утвараюць вялікія каменныя россыпы.

7. у знач. прысл. ро́ссыпам. Хто куды, у розныя бакі; урассыпную. Зноў пачуўся ўсё большы і большы гул матораў. Людзі кінуліся россыпам. Гурскі.

8. у знач. прысл. ро́ссыпам. У рассыпаным, разрозненым стане. Лес сплаўляюць россыпам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інфарма́цыя, ‑і, ж.

1. Тое, што і інфармаванне.

2. Паведамленне аб становішчы спраў у якой‑н. галіне, аб чыёй‑н. дзейнасці і пад.; звесткі аб чым‑н. Атрымаць інфармацыю. Бюро тэхнічнай інфармацыі. Палітычная інфармацыя. □ Камбінацыя трох прыяцеляў заключалася ў тым, каб падбіць Саўку за пэўную ўзнагароду звязацца з тулягамі, паўстаўшымі супроць багацеяў, і даваць аб іх інфармацыю. Колас. Неўзабаве Юзік меў ад Аннушкі і Каліны поўную інфармацыю аб камендатуры. Няхай. // Артыкул, нататка інфармацыйнага характару. Апублікаваць інфармацыю з месц. □ Васіль Сымонавіч прачытаў інфармацыю «З залы суда», пацікавіўся прагнозам надвор’я. Арабей.

3. Сукупнасць якіх‑н. звестак, ведаў. Паток інфармацыі.

4. Звесткі, сігналы аб навакольным свеце, якія ўспрымаюць арганізмы ў працэсе жыццядзейнасці. Інфармацыя праз органы пачуццяў перадаецца ў мозг.

5. Звесткі, якія з’яўляюцца аб’ектам захоўвання, перадачы і перапрацоўкі. [Назвы паселішчаў] з далёкага мінулага нясуць нам інфармацыю пра нашых продкаў, пра ўклад народнага жыцця. «Маладосць».

6. Сукупнасць колькасных даных, выражаных пры дапамозе лічбаў, крывых або графіка, якая выкарыстоўваецца ў зборы і апрацоўцы якіх‑н. звестак. Даныя тэлеметрычнай інфармацыі. З борта штучнага спадарожніка Зямлі наступае навукова-тэхнічная інфармацыя.

7. У біялогіі — сукупнасць хімічна закадзіраваных сігналаў, якія перадаюцца ад аднаго жывога аб’екта другому (ад бацькоў патомкам) або ад адных клетак, тканак, органаў другім у працэсе развіцця арганізма.

•••

Тэорыя інфармацыі гл. тэорыя.

[Ад лац. informatio — растлумачванне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распусці́цца, ‑пушчуся, ‑пусцішся, ‑пусціцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раскрыцца, разгарнуцца (пра пупышкі, кветкі, лісты). На тонкіх рабенькіх бярозках абапал гасцінца вось-вось павінны распусціцца клейкія зубчастыя лісточкі. Брыль. На верхавіне сцябла парасонам сабраліся пучкі, гатовыя распусціцца ў кветкі. Маўр. // Пакрыцца лістамі, кветкамі, коцікамі (пра расліны). А Толік сам сабе дзівіўся: Чаму так хутка распусціліся тыя бярозы? Некалькі ж дзён назад пад вясновым ветрыкам трымцелі толькі пупышкі. Даніленка. // Разм. Разгарнуцца (пра што‑н. згорнутае, складзенае). Спачатку .. [пакунак] ляцеў шпарка ўніз, потым распусціўся белым парасонам, пад якім, нібы на качэлях, загойдаўся чалавек. Якімовіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Расплесціся, развіцца (пра што‑н. заплеценае). Каса распусцілася. // Раскідацца, ператварыцца ў ніткі (пра вязаныя рэчы). Рукавіца распусцілася. // Развязацца. Воз распусціўся. Вяроўкі распусціліся.

3. Разм. Пачаць весці сябе непрыстойна; даць волю сваім пачуццям, настроям. Бабы старыя плёткі па сялу пусцілі, што распусцілася ў горадзе Ніна, гуляць з усімі стала, а цяпер ад таго хварэе. Галавач. // Стаць распушчаныя, раздураным, недысцыплінаваным. [Супрон:] — Я хацеў сказаць, Макар Сымонавіч, што вы гэткі добры чалавек, дык трэба было, каб сын да нейкай работы прылаўчаўся. Куды ж гэта, распусціцца, разбазырыць. Ермаловіч. [Мар’я:] — Вось я скажу настаўніку, дык ён за цябе возьмецца. Распусціўся за лета, як пуга... Васілевіч.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перайсці ў вадкі або напаўвадкі стан. Воск распусціўся. // Разысціся ў якой‑н. вадкасці. Соль распусцілася ў вадзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)