сцэна́рый

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. сцэна́рый сцэна́рыі
Р. сцэна́рыя сцэна́рыяў
Д. сцэна́рыю сцэна́рыям
В. сцэна́рый сцэна́рыі
Т. сцэна́рыем сцэна́рыямі
М. сцэна́рыі сцэна́рыях

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2023, актуальны правапіс)

сцэна́рый, -я, мн. -і, -яў, м.

1. Літаратурна-драматычны твор з падрабязным апісаннем дзеяння, на аснове якога можа ставіцца кінафільм, тэатральная пастаноўка і інш.

С. фільма «Альпійская балада».

2. Спіс дзейных асоб п’есы з указаннем парадку і часу выхаду на сцэну (спец.).

3. Загадзя распрацаваны дэталёвы план правядзення якога-н. відовішча, увогуле (перан.) ажыццяўлення чаго-н.

С. фестывалю.

4. перан. План ажыццяўлення чаго-н.; прагноз.

Дзейнічаць па сцэнарыі.

|| прым. сцэна́рны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

С. матэрыял.

С. аддзел.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сцэна́рый м., в разн. знач. сцена́рий

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

сцэна́рый, ‑я, м.

1. Літаратурны твор, напісаны як аснова для пастаноўкі кінафільма. Сцэнарый фільма [«Тартак»] — дэбют І. Пташнікава ў жанры драматургіі. «ЛіМ».

2. Сюжэтная схема, план п’есы, оперы, балета.

3. Спіс дзеючых асоб п’есы з указаннем парадку і часу выхаду на сцэну.

[Іт. scenario ад scaena.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцена́рий сцэна́рый, -рыя м.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

тэлесцэнары́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Той, хто стварае сцэнарый тэлевізійных перадач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запусці́ць¹, -ушчу́, -у́сціш, -у́сціць; -у́шчаны; зак.

1. што і чым у каго-што. З размаху кінуць (разм.).

З. камень або каменем у сцяну.

2. што. Прывесці ў дзеянне, у рух, пачаць работу над чым-н.

З. матор.

З. новую мадэль у вытворчасць (пачаць масава вырабляць што-н.). З. сцэнарый у вытворчасць (пачаць працу над фільмам). З. змея (прымусіць узляцець). З. ракету.

3. што. Засунуць куды-н. унутр (разм.).

З. руку ў чыю-н. кішэню (таксама перан.: узяць чужое). З. кіпцюры ў што-н.

4. каго (што). Змясціць, упусціць куды-н. з пэўнай мэтай.

З. малькоў карпа ў сажалку.

|| незак. запуска́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. запуска́нне, -я, н. і за́пуск, -у, м. (да 2 знач.).

|| прым. запускны́, -а́я, -о́е (да 2 знач.; спец.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

праляжа́ць, ‑жу, ‑шыш, ‑жыць і прале́жаць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

1. Прабыць у ляжачым становішчы некаторы час. Цэлы дзень праляжалі разведчыкі ў канаве. Васілеўская. Пастушок праляжаў на зямлі хвілін дзесяць і папоўз. Чорны. [Ціток] пралежаў на клеці тры ночы і нічога не прысачыў. Лобан. // Ляжаць хворым некаторы час. Паранены, .. [Бінке] вымушан быў легчы ў шпіталь і праляжаў там ажно пяць месяцаў. Шамякін. Назаўтра ў Рыты падскочыла тэмпература. Да самага Новага года, болей месяца, яна праляжала хворая. Навуменка. [Маці:] — Давай, сын, вядзі маладую гаспадыню ў хату. А то не маю сіл во, і адзін бог ведае, колькі пралежу пластом. Чыгрынаў.

2. Прабыць які‑н. час без ужывання, без увагі. [Аляксей] нядаўна атрымаў пісьмо з дому. Яно недзе пралежала два тыдні, але ўсё роўна было навіною з дому. Машара. А сцэнарый, скручаны ў трубачку, так і праляжыць да заўтрашняга дня, бо няма чаго над ім і думаць. Гаўрылкін. Падводную лодку з дна паднялі. Доўга праляжала, з сорак трэцяга. Б. Стральцоў.

3. перан.; што. Атрымаць пролежні ад доўгага ляжання. Праляжаць сабе бок. // Пратаптаць, сапсаваць што‑н. ляжаннем. Праляжаць канапу. □ — От хай ляжаць [грошы старых выпускаў], есці ж не просяць, месца не пралежаць. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фантасты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Прасякнуты фантастыкай (у 1 знач.), заснаваны на фантастыцы, на казачных матывах. Кравец наслухаўся ад людзей самых неверагодных і фантастычных апавяданняў пра ведзьмароў і чарцей. Чорны. Дзе-нідзе тырчэлі вялізныя карчы-вываратні, падобныя .. да фантастычных жывёлін. Бядуля. Героі, кніг .. пабывалі ўжо і пад зямлёй, і на Месяцы, і на Марсе, і ў розных дзівосных краінах, і прыдумалі ўсе цудоўныя фантастычныя машыны і апараты. Якімовіч. Міхась Зарэмба марыў пра флоцкае жыццё, .. Янук заўсёды маляваў тушшу на яго грудзях фантастычныя якары і парусы. Асіпенка.

2. Які не існуе ў рэчаіснасці, выдуманы. Пра .. [Аню] хадзілі самыя фантастычныя чуткі. «Маладосць».

3. Які не грунтуецца на рэальных даных; неверагодны, нездзяйсняльны. Фантастычныя планы. □ [Мікола:] — Сцэнарый нам патрэбен дні праз тры. Так што выручайце. — Тэрміны фантастычныя. — Юнак зацягнуўся папяросай. Гаўрылкін. У Анінай галаве зноў пачалі ўзнікаць фантастычныя ідэі помсты Косцю. Карпюк.

4. Падобны на фантазію, чарадзейны, вычварны. Было штось страшнае ў гэтых пералівах чырвані і ў яе фантастычным палыханні ў глыбінях агорнутага мрокам неба. Колас. Музыка перанесла .. [Банжына] ў нейкі фантастычны свет, далёкі ад усяго таго, што трывожыла хвіліну назад. Шыцік. Сіняватыя прамяні месяца асвятлялі .. [воблакі] нейкім фантастычным святлом. Новікаў. Самаробная «амуніцыя» некаторых падводных плыўцоў мае часам вельмі фантастычны выгляд. «Маладосць».

5. Разм. Незвычайны, звышнатуральны. Ганс Лемке быў не з палахлівага дзесятка, але тут яго апанаваў страх. Людзей з такой фантастычнай вытрымкай і адвагай перамагчы цяжка. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палатно́, ‑а; мн. палотны, палотнаў, палацён і палоцен; н.

1. Гладкая льняная тканіна асобага перапляцення (звычайна белая), а таксама баваўняная, шаўковая ці сінтэтычная тканіна падобнага перапляцення. Кужэльнае палатно. Зрэбнае палатно. Штапельнае палатно. □ Маці кужаль прала пры лучыне. На расе маёвай палатно бяліла. Барадулін. Вольга падала.. [Зараніку] чысты ручнік з грубаватага льнянога палатна. Хадкевіч. // Сувой такой тканіны. У сенях стаяла скрыня Матроны. У гэтай скрыні былі схаваны яе лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пяцёркі. Колас.

2. Вялікі шырокі кавалак якой‑н. тканіны. Насупроць дзвярэй.. стаяў стол, накрыты чырвоным палатном. Асіпенка. // Пра вялікі ліст паперы і пад. Папяровае палатно трапляе на сушыльную частку машыны, дзе яно высыхае, разгладжваецца і накручваецца на вал. Рунец. // У жывапісе — кавалак матэрыі палатнянага перапляцення, на якім пішуцца карціны (звычайна алейнымі фарбамі). Зіна больш не працавала на пякарні. Яна ад раніцы да ночы размешвала фарбы і нацягвала палатно на падрамнікі. Нядзведскі. Мастак, чалавек ужо немалады, невысокі і лысы, вязе з сабою вялізнае палатно, нацягнутае на раму, мальберт і эцюднік з пэндзлямі і фарбамі. В. Вольскі.

3. Карціна мастака (звычайна на матэрыі асобага перапляцення). Джордж Лоўрэнс у гэты час быў даволі прыкметнай велічынёй сярод чыкагскіх мастакоў. Яго палотны мелі поспех на апошняй выстаўцы. Васілевіч. // Пра літаратурны або музычны твор, які дае шырокую карціну чаго‑н. Сцэнарый [фільма] ўяўляе сабой шырокае эпічнае палатно. Б. Стральцоў.

4. Праезная паверхня дарогі; дарожны насып. Шаша была мёртвай. Яе пакарабачаная пасля зімы палатно, здавалася, правісала між двух узгоркаў. Асіпенка. Пешаходнай сцяжынкі ля дарогі няма, ісці па палатне дарогі небяспечна — могуць забіць ці знявечыць машыны. Новікаў. // Чыгуначная лінія, насып чыгункі. Праз шкляныя дзверы балкона відаць вакзал і палатно чыгункі. Сяргейчык. Паабапал чыгуначнага палатна цягнуўся рэдкі жухлы хмызняк. Васілёнак.

5. Спец. Паласа, стужка, якая складае частку пэўнага механізма. Палатно транспарцёра.

6. Спец. Плоская тонкая частка якога‑н. інструмента, прылады. Тонка і працяжна звініць цыркулярка, самавіта шастаюць палотны піларамы. Ракітны. Перахапіў [Толік] далонню палатно касы на сярэдзіне, каб лягчэй было падтачыць, і — ужо глушэй азвалася рэха: Шах! Шах! Шах! Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)