студэ́нцкі

прыметнік, адносны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. студэ́нцкі студэ́нцкая студэ́нцкае студэ́нцкія
Р. студэ́нцкага студэ́нцкай
студэ́нцкае
студэ́нцкага студэ́нцкіх
Д. студэ́нцкаму студэ́нцкай студэ́нцкаму студэ́нцкім
В. студэ́нцкі (неадуш.)
студэ́нцкага (адуш.)
студэ́нцкую студэ́нцкае студэ́нцкія (неадуш.)
студэ́нцкіх (адуш.)
Т. студэ́нцкім студэ́нцкай
студэ́нцкаю
студэ́нцкім студэ́нцкімі
М. студэ́нцкім студэ́нцкай студэ́нцкім студэ́нцкіх

Крыніцы: krapivabr2012, piskunou2012, prym2009, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

універсія́да, -ы, ДМ -дзе, мн. -ы, -сія́д, ж.

Міжнародныя студэнцкія спартыўныя спаборніцтвы.

|| прым. універсія́дны, -ая, -ае.

Універсіядныя старты.

Універсіяднае першынство.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

універсія́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Студэнцкія спартыўныя спаборніцтвы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

студэ́нцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да студэнта, студэнцтва. Студэнцкі гурток. Студэнцкі білет. □ Сцяпан .. скончыў першы курс будаўнічага інстытута і праводзіў дома свае першыя студэнцкія канікулы. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спод, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Ніз, ніжняя частка чаго‑н. У сподзе кожнага аркуша стаіць лічба 3, а тады — «Якуб Колас. Дрыгва». Брыль.

2. Бок прадмета, процілеглы яго верху. Спод тоўстага кругляка, нібы ступа, быў заліты воскам. Паўлаў.

3. Дно чаго‑н. Але не абышлося без няшчасця, у чоўне Тайдо прапароўся спод аб востры камень, а лішняй кары не было, каб залатаць. Маўр. Стаіць адным бокам, з паднятым на паветра другім бокам і з пагнутым і парваным сподам нямецкі танк. Чорны. Свіст неўпрыцям паклаў на спод кацялка вынутае з торбы Пшанічнага сала. Быкаў. // перан. Глыб, нутро. [Тодару] здавалася, што ён забыўся пра .. [Доню]. Не, сподам душы і думкі адчуваў яе ціхую прысутнасць усе тыя студэнцкія гады. Вышынскі. І ажылі, замітусіліся думкі, што ад раніцы ляжалі пакутліва-цяжкім клубком недзе на сподзе душы. Сачанка.

4. Адваротны бок (тканіны, аркуша і пад.). І ложкі былі, і на ложках не рыззё, не коўдры дамашнія, а пярыны з чырвоным сподам. Мележ. Набягае ветрык — і лісце трапеча, звініць, паблісквае матава-с[е]рабрыстым сподам. Ракітны.

•••

Пад спод; пад сподам — пад ніз, пад нізам. Старыя, жоўтыя [грыбы] кладзём пад спод, а белыя, ядраныя .. наверх. Сачанка. Там .. чарназём з глеем пад сподам, і калі быў мокры год — усё вымакала. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пада́цца 1, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. падаўся, ‑лася, ‑лося; зак.

1. Зрабіць рух тулавам у які‑н. бок; адхіліцца. На парозе ў сенцы стары спатыкнуўся, тулава яго падалося назад. Чорны. Паставіла [цётка] жалязняк лязом у зямлю, паціснула на яго нагою, падалася ўсім целам назад, нагнулася і вывернула цяжкі.. дзірван. Сачанка.

2. Адсунуцца, пасунуцца пад уздзеяннем напору; паддацца ўздзеянню чаго‑н. Люба паспрабавала адчыніць шафу. Дзверцы легла падаліся і адчыніліся. Мурашка. [Сомік] падняў кол і, залажыўшы між кавалкаў [бярвенняў], злёгку павярнуў. Кавалак паслу[хмя]на падаўся раптам, перакруціўшыся цераз горб, рынуўся ўніз па шліхце. Крапіва. // перан. Зрабіцца мякчэйшым, палагаднець. І, захліпаючыся ад слёз, выліваў сваю жальбу-роспач Пятрусь над Ганнай. Іначай быць не магло. Камень-сэрца — і тое падасца! Нікановіч.

3. перан. Прыкметна пагоршаць, пастарэць. Яшчэ не зусім, старая жанчына, за апошні год .. [жонка Казанцава] так падалася, што цяпер пазнаць яе было цяжка. Васілевіч.

4. Разм. Накіравацца куды‑н., у якім‑н. напрамку. Падацца ў горад. Падацца ў вырай. □ Сабастыян падкруціў вусы і падаўся дадому. Чорны. Каб не рабіць круга, [Ліда] падалася напрасцяк цераз выган той вёскі, у якой жыла. Кулакоўскі. // Падысці, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Падацца да стала. Падацца да дзвярэй. □ [Алесь] пачырванеў ад злосці і, сціснуўшы кулакі, падаўся да навічка. Ваданосаў. // Стаць вышэйшым, падрасці. Недарослы і хударлявы ў студэнцкія гады, Сарочын не вельмі падаўся ў рост і на вайсковай службе. Алешка. І, здаецца, бялей сталі гнуткія бярозы і яшчэ вышэй падаліся стромкія хвойкі і елкі. Лынькоў.

5. Разм. Паступіць, уладкавацца куды‑н., абраць спецыяльнасць. Падацца на працу ў калгас. Падацца ў настаўнікі. □ [Сашка] вырашыў падацца на вучобу ў будаўнічы інстытут. Гроднеў. Вера і Чупрык яшчэ даўно, калі вучыліся ў дзесяцігодцы, вырашылі падацца ў механізатары. Гурскі.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць пададзеным. Падалася каманда: «Гатова!» Глебка.

•••

Падацца ў белы свет — тое, што і пайсці ў белы свет (гл. пайсці).

пада́цца 2, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. падаўся, ‑лася, ‑лося; зак.

Разм. Тое, што і здацца ​2. Зося спынілася і недаверліва глянула на чалавека. Голас падаўся ёй знаёмы, але ў твар яна яго не магла пазнаць адразу. Крапіва. Падалося Ларысе, што гэты Адам вельмі ж нечым знаёмы ёй. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)