сплы́ць

дзеяслоў, непераходны, закончанае трыванне, незваротны, 1-е спражэнне

Будучы час
адз. мн.
1-я ас. сплыву́ сплывё́м
2-я ас. сплыве́ш сплывяце́
3-я ас. сплыве́ сплыву́ць
Прошлы час
м. сплы́ў сплылі́
ж. сплыла́
н. сплыло́
Загадны лад
2-я ас. сплыві́ сплыві́це
Дзеепрыслоўе
прош. час сплы́ўшы

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

сплыць сов., см. сплы́сці

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

сплыць,

гл. сплысці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сплы́сці і сплыць, сплыву́, сплыве́ш, сплыве́; сплывём, сплывяце́, сплыву́ць; сплыў, сплыла́, -ло́; зак.

1. Паплысці ўніз па цячэнні, быць знесеным вадой.

Мост сплыў аж да кустоў вербалозу.

2. Сцячы адкуль-н.

Вада з сенажаці сплыла к вечару.

3. Плаўна апусціцца, аддаліцца, адысці і пад.

Пыл сплыў ад дарогі на прысады.

4. перан. Паступова, павольна знікнуць.

З твару сплыла ўсмешка.

5. Мінуць, прайсці (пра час, здарэнні).

Сплыла маладосць, а за ёй і жыццё.

Было ды сплыло (прымаўка).

6. перан. Бясследна прапасці.

Тавар сплыў невядома куды.

Сплылі грошы і няма.

7. Знемагчы ад страты крыві.

С. крывёю.

|| незак. сплыва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сплы́сці і сплыць, сплыву, сплывеш, сплыве; сплывём, сплывяце; пр. сплыў, сплыла, ‑ло; зак.

1. Паплысці, сысці ўніз па цячэнню, быць знесеным вадой. Так, пэўна, і сплыло бярвенне з Азярышча аж у самы Сухадол, дзе .. мяшчане і трэскі не прапускалі. Караткевіч. Сплылі ўжо астатнія крыгі па рацэ. Гарэцкі. // перан. Зменшыцца. Цяпер людзей сплыло крыху. Чорны.

2. Сцячы адкуль‑н., выцечы. Вада ў рацэ пасля веснавой паводкі яшчэ вялікая. Але з прырэчнага лугу ўжо сплыла. Каршукоў. Нага ўся дранцвела, ад ступні да сцягна, .. [Сотнікаў] ужо не адчуваў і цеплыні крыві, якой, мусіць, сплыло нямала. Быкаў.

3. Павольна, плаўна апусціцца, паляцець, аддаліцца і пад. Пасля раптам хмары сплылі, зноў выбліснула сонца. Арабей. Мяркуючы быццам, што рабіць, .. [коршак] зноў сплыў да зямлі. Мурашка. Снегавы пыл, што ўзняў грузавік Стаева, даўно сплыў за дарогу, растаў сярод кедраў. Савіцкі. Улёгся вецер, Сыраваты, рэзкі. Смуга сплыла з палёў у пералескі. І. Калеснік. // перан. Паступова, павольна знікнуць. У наступны момант .. [Назарэўскі] адвярнуўся, і з яго твару сплыла ўсмешка. Чорны. Узрушэнне, выкліканае незвычайнасцю навіны, паступова сплыло. Навуменка.

4. Прайсці, мінуць (пра час, здарэнні). Было даўно — З тае пары Нямала дзён сплыло. Кірэенка. За ўсім адразу не паспееш, Жыццё, як воблачка, сплыве. Бураўкін. Было ды сплыло. Прымаўка.

5. перан. Разм. Бясследна знікнуць, прапасці. Гарод пры школе добры быў, — яго ўсе вучні абраблялі. Ды ўраджай кудысьці сплыў, калі ў свой час яго сабралі. Корбан. // Хутка зрасходавацца. [Дзядзька Міша:] — І што вы думаеце? Не агледзеўся чалавек, як сплылі тыя яго тысячы. Палтаран.

6. Знемагчы ад страты крыві. Яна сплыла крывёю і была бледная-бледная, не зважаючы і на загар. Шахавец.

•••

Сплысці (сплыць) (з) вадою — прайсці, мінуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сплы́ціць

‘звязаць бярвенні для плыта’

дзеяслоў, пераходны, закончанае трыванне, незваротны, 2-е спражэнне

Будучы час
адз. мн.
1-я ас. сплы́чу сплы́цім
2-я ас. сплы́ціш сплы́ціце
3-я ас. сплы́ціць сплы́цяць
Прошлы час
м. сплы́ціў сплы́цілі
ж. сплы́ціла
н. сплы́ціла
Загадны лад
2-я ас. сплы́ць сплы́цьце
Дзеепрыслоўе
прош. час сплы́ціўшы

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

изойти́ сов. изойти́ кро́вью сысці́ (сплыць) крывёй;

изойти́ слеза́ми прапла́каць во́чы, знемагчы́ся ад слёз.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

сплыть сов., разг. сплы́сці, сплыць, мног. пасплыва́ць;

бы́ло да сплы́ло погов. было́ ды сплыло́;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

уплы́ть сов.

1. паплы́сці, паплы́ць; (выплыть) вы́плысці, вы́плыць; (отплыть) адплы́сці, адплы́ць; (сплыть) сплы́сці, сплыць, мног. пасплыва́ць; (заплыть) заплы́сці, заплы́ць;

парохо́д уплы́л ра́но у́тром парахо́д адплы́ў ра́ніцай;

плове́ц уплы́л в мо́ре плыве́ц паплы́ў (заплы́ў) у мо́ра;

2. перен. (пройти, миновать), разг. прайсці́, міну́ць; сплы́сці, сплыць, мног. пасплыва́ць;

нема́ло вре́мени уплы́ло с тех пор няма́ла ча́су прайшло́ (міну́ла) з той пары́;

3. перен. (исчезнуть, израсходоваться), разг. сплы́сці, сплыць, зні́кнуць;

де́ньги уплы́ли в один день гро́шы сплылі́ за адзі́н дзень.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ва́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Абл. Загана, недахоп. А колькі хварэла яна сама — малою і ўжо нават дзеўкаю, калі хвароба лічыцца самаю большаю вадаю для дзеўкі. Дамашэвіч.

вада́, ы́, ДМ ‑дзе́; мн. во́ды, ‑аў; ж.

1. Празрыстая бясколерная вадкасць, якая ўтварае рэкі, азёры, моры і з’яўляецца хімічным злучэннем кіслароду і вадароду. У маім уяўленні яшчэ і цяпер жыва ўстае гэты Высокі Бераг над Нёманам, дзе так страшна бушуе вада. Колас. // Водная маса. Аж гудзе параход, налягаючы грудзьмі на глыбокія воды. Лынькоў. // (звычайна з азначэннем). Напітак, тэхнічныя растворы. Газіраваная вада. Мінеральная вада. Вапнавая вада. // толькі мн. (во́ды, ‑аў). Курорт з мінеральнымі крыніцамі. Лячыцца на водах.

2. толькі мн. (во́ды, ‑аў). Водныя прасторы, участкі рэк, азёр, мораў. Тэрытарыяльныя воды. Дзяржаўныя воды. Антарктычныя воды.

3. толькі адз.; перан. Разм. Пра наяўнасць пустога, беззмястоўнага шматслоўя ў дакладзе, лекцыі і пад.

4. Якасць каштоўнага каменя, якая вызначаецца чысцінёй бляску, празрыстасцю.

5. у знач. прысл. вадо́ю. Водным шляхам, па вадзе. Дастаўляць грузы вадою.

6. Паводка, разводдзе. Вялікая вада.

•••

Верхавая вада — вада, якая сцякла ў рэчку пасля дажджу або ўтварылася з расталага снегу.

Жорсткая вада — вада, якая ўтрымлівае шмат кальцыевых і магніевых солей.

Жоўтая вада — хвароба вачэй, пры якой зрэнка набывае жоўты колер.

Мяккая вада — вада, якая ўтрымлівае мала кальцыевых і магніевых солей.

Цёмная вада — слепата, выкліканая атрафіяй зрокавага нерва.

Цяжкая вада — ізатопная разнавіднасць вады, у якой звычайны вадарод часткова або поўнасцю заменены цяжкім вадародам.

Бура ў шклянцы вады гл. бура.

Вада не ўстоіць на кім — пра таго, хто ўмела і хутка ўсё робіць.

Вадой не разліць (не разальеш) каго гл. разліць.

Ваду малоць гл. малоць.

Вады (нікому) не замуціць гл. замуціць.

Віламі па вадзе пісана гл. пісаны.

Вывесці на чыстую ваду гл. вывесці.

Выйсці сухім з вады гл. выйсці.

Дзесятая вада на кісялі — пра далёкае сваяцтва.

Жывая вада (у казках) — цудадзейная вада, якая вяртае жыццё мёртвым.

Каламуціць (муціць) ваду гл. каламуціць.

Канцы ў ваду гл. канец.

Ліць ваду на млын каго, чый гл. ліць.

Мёртвая вада — а) вада, узровень якой настолькі нізкі, што не можа прывесці ў рух колы млына або іншыя вадзяныя рухавікі; б) у казках — цудадзейная вада, ад апырсквання якой зрастаецца пасечанае на кавалкі цела (ажывае ад апырсквання жывой вадой).

На ваду брахаць гл. брахаць.

Насіць ваду ў рэшаце гл. насіць.

Не з хараства ваду піць гл. піць.

Пасадзіць на хлеб і ваду гл. пасадзіць.

Перабівацца з вады на хлеб гл. перабівацца.

Сплыць вадою гл. сплыць.

Таўчы ваду ў ступе гл. таўчы.

У каламутнай вадзе рыбу лавіць гл. лавіць.

У лыжцы вады ўтапіць гл. утапіць.

Хоць вады напіся гл. напіцца.

Цішэй вады, ніжэй травы гл. цішэй.

Як вадой змыла гл. змыць.

Як вады ў рот набраць гл. набраць.

Як дзве каплі вады гл. капля.

Як з гусі вада каму — нічога не дзейнічае.

Як камень у ваду гл. камень.

Як пугаю па вадзе гл. пуга.

Як рыба ў вадзе гл. рыба.

Як у вадзе растаць гл. растаць.

Як у ваду глядзеў гл. глядзець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)