Со́чыва ‘варэнне’ (Байк. і Некр.), ‘малачко з расцёртых канапель або маку’ (Ласт.), укр. соче́ва ‘зерне сачыўкі’, рус. со́чиво ‘сок, малако з льнянога семені’, ст.-рус. сочиво ‘зерне сачыўкі’, славен. sočivje ‘стручковыя плады; гародніна’, sočȋvo ‘бабовыя’, серб. со̏чӣво ‘тс’, харв. чак. sȍčivo ‘тс’, балг. со́чиво ‘суп’, макед. дыял. сочиво ‘фасоля’, ст.-слав. сочиво ‘сачыўка’. Прасл. *sočivo, вытворнае ад *sokъ, гл. сок (Фасмер, 3, 731; ЕСУМ, 5, 364). Рэканструкцыя першаснага значэння ‘ежа, яда’ на базе каузатыва *sočiti ‘рабіць мокрым, мачыць’ > ‘гатаваць’ па тыпу варыцьварыва (гл. Фурлан у Бязлай, 3, 282–283) падаецца верагоднай, аднак патрабуе дадатковай аргументацыі, параўн. Куркіна, Этимология–1994–1996, 206. Гл. таксама сачыўка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сачаві́ца ’аднагадовая травяністая расліна сямейства матыльковых; старажытная зернебабовая культура’. Укр. сочеви́ця, рус. чечеви́ца, дыял. сочеви́ца, ст.-рус. сочевица, сочиво ’тс’, польск. soczewica, чэш. sočovicě, ст.-чэш. sočovicě, славац. šošovica, šošovica, серб.-харв. со̏чи̑во ’тс’. Паўн.-прасл. *sočevica. Звязана з сок (гл.), рус. сочиво ’сок, малако з сямян’, ст.-рус. сочиво. Параўн. в.-луж. soka ’сачавіца’, н.-луж. sok ’тс’ (Міклашыч, 313; Праабражэнскі, 2, 357; Фасмер, 3, 355). Інакш Махэк₂, 106, які разглядае славянскае слова як складанае: другая частка ‑vica роднаснае лац. vicia ’віка’, а першая ўзыходзіць да і.-е. kiko‑ (параўн. ст.-прус. keckers ’гарох’), якая на славянскай глебе падверглася розным зменам. Гл. Борысь, 566; Шустар-Шэўц, 2, 1332.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)