*Слім, слым ‘вераценніца’ (малар., Цыхун, вусн. паведамл.). Гл. слімень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скліме́ць ‘плакаць, хныкаць’, скліма́ ‘плакса, піскуха’ (Юрч.). Няясна; магчыма да слім (гл.) з ‑к‑, як у склізкі/слізкі, з нетыповым семантычным развіццём.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слі́мень ‘мядзянка, вераценніца’ (ТСБМ, Ласт., ТС, Ян.), ‘земнаводнае Angulis fragulis L.’ (Янк. 3., Пятк. 2, Жыв. св., Сл. ПЗБ), сліме́нь ‘тс’ (Сцяшк.), ‘тоўсты, тлусты, сыты (чалавек)’ (Ян., Юрч.), слі́мень ‘смоўж (ТС, Мат. Гом.), сляме́нь ‘невялікая змяя, Anguis fragilis L.’ (Касп.). Параўн. каш. slëḿėń ‘земнаводнае Anguis fragilis L.’, ‘слімак’ (беспадстаўна трактуецца ў SEK, 4, 311 як “выключна кашубскае”), балг. радоп. cе́лʼменʼ, со́лʼменʼ ‘слімак’. Прасл. *slimenь утворана пры дапамозе суф. ‑en‑ ад асновы *slim‑ ‘слізкі’ па тыпу *golenь ад *golъ, параўн. слімак, слім (гл.). Першаснае значэнне, відаць, ‘слімак, слізень’, перанесенае на мядзянку ці вераценніцу па матывах табу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слімаза́рны, слімазу́рны ‘запэцканы слінай; малы, хілы’, ‘марудлівы, дробязны (аб працы)’ (Нас.), слімаза́рны ‘няўдалы, нязграбны’ (Сцяшк. Сл.), ‘плюгавы’ (Янк. 2), ‘мізэрны’ (Сержп.; кам., ЖНС), слемаза́рны ‘ўбогі, варты жалю, слёз’ (Нар. Гом.), слямаза́рный ‘дробны’ (Сл. Брэс.), слімаза́рнік, слімазу́рнік ‘гадкае запэцканае дзіця’, ‘благі працаўнік, рамеснік’ (Нас.), слімаза́рнік ‘неахайны, апушчаны чалавек’ (Чач., Касп., Федар. 4), слімазу́рыць ‘пэцкаць’, ‘марудліва займацца нечым’ (Нас.), слімаза́ ‘плакса’ (КСП). Параўн. укр. арг. шлямаза́рник ‘вучань, што нестаранна піша’, польск. ślamazarny, szlamazarny, ślimazarny ‘павольны; расхлябаны, бездапаможны; вялы’, ślamazara ‘няўклюда, няздара, недарэка’, каш. slamaza ‘марудны, пазбаўлены энергіі чалавек’. Сцяцко (Афікс. наз., 41) слімаза́ разглядае як назоўнік агульнага роду, утвораны пры дапамозе непрадуктыўнага суф. ‑з‑(а), што характарызуе асобу па негатыўнай працэсуальнай прыкмеце, ад слі́маць ‘плакаць’ (КСП) па тыпу раўцірэўза. Да падобнай версіі паходжання каш. slamaza схіляецца Борысь (SEK, 4, 308), мяркуючы пра зыходныя формы *ślimaza, ślimaga, якія пазней зблізіліся з запазычаным ślam < ням. Schlamm ‘глей, мул, гразь’, ад якіх выводзіць польскія словы Брукнер (530). У якасці словаўтваральнай асновы прымаецца *slim‑ ‘слізь, сліна’ < прасл. *slimъ або *slima, гл. SEK, 4, 311; Бязлай, 3, 260; параўн. слім, слімень (гл.). Аднак аргатычнае ўжыванне дапускае і іншую версію паходжання слова ці, ва ўсякім выпадку, уплыў на семантыку славянскага слова з боку яўр.-ням. (ідыш) schlimasel ‘злы лёс’, як гэта меркаваў Карскі (Белорусы, 173). Шульман (Полымя, 1926, 8, 216) лічыць крыніцай беларускага сьлімазальнік ‘пэцкаль, мурза, няўдачнік’ ід. Schlimesalnik ‘тс’. Гл. таксама Альтбаўэр, JP, 17, 49 і наст. Горбач (Арго школярів, 35) украінскі аргатызм выводзіць ад ма́зати, гл. мазаць, і яўр. šlim‑mazzalnik ‘няўдачнік, бедалага’ з ням. schlimm ‘дрэнны’ і яўр. mazzal ‘доля, шчасце’. Сучасны аргатызм шлемазл ‘няўдачнік’ (гл. Евреи Гродно, Гродно, 2000, 118) < ід. Schlafnassel ‘цяжкая, заблытаная сітуацыя, пры якой індывід церпіць прыкрую няўдачу’, што з біблейскага яўр. Schla > Schlau + ід. Massel ‘шчасце’, для якога дапускаецца кантамінацыя з ням. Schlimm ‘дрэнны, паганы’ (Штэрн, Wörterbuch, 189).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)