ску́бці, скубу́, скубе́ш, скубе́; скубём, скубяце́, скубу́ць; скубі́; незак.

1. што. Цягнучы, выцягваючы, браць патроху.

С. салому ад стога.

2. што. Разрываць пальцамі што-н. на дробныя часткі.

С. пер’е.

3. каго-што. Вырываць, адрываць, выскубваць (пра траву, пер’е, пух і пад.).

Гусі скубуць траву.

С. курыцу.

4. каго-што. Перабіраць пальцамі, тузаць.

Дзеці скубуць бацьку за паліто.

5. перан., каго-што. Патрабаваць чаго-н.; непакоіць.

Мяне скубуць з усіх бакоў.

|| аднакр. скубану́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́, скубну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць, -ні́ і скубяну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́.

|| наз. скубе́нне, -я, н. (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ску́бці

дзеяслоў, пераходны, незакончанае трыванне, незваротны, 1-е спражэнне

Цяперашні час
адз. мн.
1-я ас. скубу́ скубё́м
2-я ас. скубе́ш скубяце́
3-я ас. скубе́ скубу́ць
Прошлы час
м. ску́б ску́блі
ж. ску́бла
н. ску́бла
Загадны лад
2-я ас. скубі́ скубі́це
Дзеепрыслоўе
цяп. час скубучы́

Крыніцы: dzsl2007, krapivabr2012, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

ску́бці несов.

1. (сено, щетину и т.п.) дёргать;

2. (шерсть, перья, траву) щипа́ть;

3. тереби́ть;

с. бараду́ — тереби́ть бо́роду;

4. перен. (беспокоить, требовать чего-л.) тормоши́ть, тереби́ть;

5. перен., разг. (причинять ущерб) щипа́ть;

мяне́у́ць з усі́х бако́ў — меня́ щи́плют со всех сторо́н

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ску́бці, скубу, скубеш, скубе; скубём, скубяце; незак., каго-што.

1. Цягнуць рыўкамі; цягнучы, браць патроху. Скубці сена. □ Каля самага прыгумення [Курловіч] пачуў, як нехта шастае саломай, скубучы яе са стажка. Дуброўскі.

2. Расскубваць што‑н. пальцамі, разрываць на дробныя часткі. Скубці пер’е. □ Пакрысе .. [маці] скуплівала воўну, прамывала і скубла. Бядуля.

3. Вырываць, адрываць (пра траву і пад.). Поле травіцаю соннай адзелася, Вышла скацінка і дружна скубе. Купала. Бабка Кацярына сядзела ў разоры і жвава скубла маладую лебяду. Якімовіч. Буланы конь за дзень папрацаваў. Цяпер адпачываў і скуб траву. Корбан. // Вырываць, выскубваць (пер’е, пух і пад.). Скубці гусей. □ Паволі таптаўся [Астап] ля печкі, пачаў скубці курыцу. Лынькоў. // перан. Разм. Наносіць урон, шкоду. Відаць, скублі .. [немцаў] тут з усіх бакоў... Няхай.

4. Перабіраць пальцамі, патузваць. Хвалююся. Гімнасцёрку скубу, абцягваю, пілотку папраўляю. Ракітны. Пальцы .. [Люды] нервова скублі батыст насоўкі. Савіцкі. — Зямля відаць мне навылёт, Заткну за пояс вас! — І грозна стукнуў кулаком, Нервова вус скубе [бацька]. Бялевіч. // Тузаць, трэсці. — Дай мне слова! — скубе за рукаў старшыню Гарбач. Мурашка. Юзік .. засаромеўся сваіх таварышаў, якія скублі яго за полы ватовай капоты. Чорны. // Цягнуць рэзкімі рухамі. — [Бацька] ўжо не вернецца? — пытае Зміцерка. — Маўчы, дурненькі, — кажа Ганначка і балюча скубе Зміцерку за валасы. Асіпенка. / Пра вецер. Гусцее пад далёкім полем вячэрняя смуга. Вецер зласней скубе фіранку, — спяшае, каб хутчэй аціхнуць нанач. Пташнікаў.

5. Зашчэмліваючы пальцамі скуру, прычыняць боль. — Анэлька, баліць, дурная ты! — азвалася ціха Яніна. — Баліць... Я ж і хачу, каб балела... — праказвала яна, скубучы тую, дзе пападзе. Мурашка.

6. перан. Непакоіць, дакучаць; патрабаваць чаго‑н. [Старшыня:] — Цябе адзін загадчык райана скубе, а мяне ўсё раённае начальства. Асіпенка. Тут табе і яблычак свежы, і мядок пахучы, не якая-небудзь ферма, дзе цябе кожны скубе, а павагі ніякай. Ермаловіч. // Крыўдзіць. [Галя:] — [Іру] ўсе тузаюць і скубуць у класе. Гарбук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ску́бці ‘шчыпаць’, ‘ашчыпваць’, ‘тузаць’, ‘дзерці’, ‘вырываць, адрываць’, ‘грызці (траву)’ (ТСБМ, Касп., Шат., Сл. ПЗБ, ЛА, 1, Ян.), дыял. ску́бсці ‘тс’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1; ашм., Стан.), скусць ‘тс’ (Нас., Бяльк.), скуба́ць ‘тс’ (Нас., Гарэц., Шат., Растарг.; ашм., Стан.; Мат. Гом., Сцяшк., ТС, Байк. і Некр., Ласт., Сл. ПЗБ). Укр. скубти́, рус. скубти́, ску́бсти, скуба́ть, польск. skuść, skubać, в.-луж. skobać, skubać, н.-луж. skubąś, чэш. skuhati, ст.-чэш. skústi, славац. škubať, серб.-харв. ску́псти, славен. skúbsti, балг. ску́бя, макед. скубе. Прасл. *skubtiскубці пер’е, птушку, воўну’. Роднаснае з літ. skùbti ‘спяшацца’, skubrùs ‘хутка’, гоц. af‑skiuban ‘адхіляць’, ст.-в.-ням. scioban ‘рухаць’, ст.-ісл. skúfa ‘рухаць, штурхаць’ і інш. Гл. Траўтман, 263; Покарны, 955; Скок, 3, 274; Фасмер, 3, 660; БЕР, 6, 806–807. Сной₁ (576) выводзіць ад і.-е. базы *skeu̯bh‑ ‘рабіць кароткія рухі’; гл. таксама Борысь, 556.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

скубці, грызці, шчыпаць

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

паску́бваць, -аю, -аеш, -ае; незак., каго-што.

Скубці час ад часу.

П. траву.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

скуба́ць несов., см. ску́бці

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ску́бены щи́панный; см. ску́бці2

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

глэ́мзаць

‘пра кароў: шчыпаць, скубці

дзеяслоў, пераходны, незакончанае трыванне, незваротны, 1-е спражэнне

Цяперашні час
адз. мн.
1-я ас. - -
2-я ас. - -
3-я ас. глэ́мзае глэ́мзаюць
Прошлы час
м. глэ́мзаў глэ́мзалі
ж. глэ́мзала
н. глэ́мзала
Дзеепрыслоўе
цяп. час глэ́мзаючы

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)