Сква́ра ‘гарачыня, спёка’ (Нас., Гарэц.), сквар ‘тс’ (Нас., Др.-Падб., Бяльк., Янк. БП), ‘гарачыя вуголлі; гарачыня’ (Сцяшк. Сл.). Укр. сквар ‘спякота’, шква́ра ‘тс’, рус. сква́ра, шква́ра ‘агонь, гарэнне; вытапкі, выжаркі’, стараж.-рус. сквара ‘агонь, спёка; ахвярапрынашэнне; дым, чад’, польск. skwar, skwara ‘спёка’, чэш. škvár, škvára ‘акаліна’, славац. skvara ‘шлак’, серб.-харв. цква̏ра, сква̏ра ‘растопленае сала; мазь для валасоў з тлушчу’, славен. skvára ‘кропля тлушчу на паверхні вадкасці’, ст.-слав. сквара, скваръ ‘жар, агонь’, ‘чад, дым (ад ахвяры, якую спальваюць)’, ‘пах гарэлага мяса’. Прасл. *skvarъ, skvara, нульсуфіксальны і з суф. ‑a дэрываты ад *skvariti (гл. скварыць). Мяркулава (Этим. иссл., 2, 114–116) мяркуе, што значэнне ‘спёка, спякота’ ў беларускай і ўкраінскай мовах развілося пад польскім уплывам, што цяжка давесці, параўн. народную прыказку: стар любіць сквар, а молад любіць холад (Нас. Сб.), а першасным значэннем было ‘спальванне ахвярнай жывёлы’, прадстаўленае ў стараславянскіх і старажытнарускіх словах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сква́рка, шква́рка ‘падсмажаны або звараны кусочак сала’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Жд. 2, Шатал., Сл. ПЗБ, Нар. сл., ТС, ЛА, 4), ‘скрылік сала; кавалак сала’ (Сл. ПЗБ), скваро́к ‘скварка’ (Ян.). Укр. шква́рка, рус. сква́рка, шква́рка, шкво́рка, польск. skwarka, skwarek, в.-луж. šwjerč ‘вытапкі’, н.-луж. šwark, škwark, чэш. škvarek ‘скваркі, вытапкі’, славац. škvarka ‘вытапкі’. Дэвербатыў ад скварыць (гл.) з суф. ‑к(а). Карскі (Белорусы, 157) лічыў запазычаннем праз польск. skwarek з ням. Schwarte ‘свіная шкурка; шкварка’, на якое паўплывала варъ, сквара ‘жар’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)