се́дала

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, ніякі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. се́дала се́далы
Р. се́дала се́далаў
Д. се́далу се́далам
В. се́дала се́далы
Т. се́далам се́даламі
М. се́дале се́далах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2023, актуальны правапіс)

се́дала, -а, мн. -ы, -аў, н.

1. Жэрдка або некалькі жэрдак у куратніку, на якія садзяцца ноччу куры; курасадня.

2. перан. Месца, дзе чалавек пражыў многа гадоў; абжыты куток.

Пакінуць роднае с.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

се́дала ср. насе́ст м.

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

се́дала, ‑а, н.

1. Жэрдка або некалькі жэрдак у куратніку, на якія садзяцца ноччу куры; курасадня. Пад павеццю на седале закудах[т]ала курыца. Рылько. Седалы і гнёзды для нясушак зрабіў Вацлаў Нехвядовіч, які аказаўся на дзіва кемлівым птушнікам. Б. Стральцоў. [Стэфка:] — Курачкі цяпер на седале, то ідзі злаві мне адну, Сымонка. Чарнышэвіч. // Месца, дзе гняздзяцца птушкі. Ужо каторы раз над намі моўчкі і паспешліва праляталі на свае седалы самыя познія вароны. Кулакоўскі. Сам арол вісеў галавою ўніз, безупынку лопаючы крыламі. Вось яму ўдалося зноў уладкавацца на сваім седале. Беразняк.

2. Гняздо ў куратніку, дзе нясуцца куры або выседжваюцца кураняты. Яечка — рэдкая прыемнасць у Ганьчыным жыцці. Ганька толькі збірае яйкі на седале і складае іх у стары зялёны макацёр. Васілевіч. У сярэдзіне мая маці пасадзіла на рэшата сапраўдную квактуху Чубатку. — А тваю, відаць, пара з седала выкідаць, — сказала яна да Мані. Якімовіч.

3. перан. Разм. Месца, дзе чалавек пражыў шмат год; абжыты куток. Было страшна, што адарвешся ад роднага седала ды і згубішся ў людзях. Асіпенка. Нейкі час Надзя глядзела засяроджана на сваё колішняе седала, і хоць усё для яе было тут звыклае і роднае, глядзела і не верыла сваім вачам. Гроднеў. // Наседжанае месца або прыдатнае для сядзення месца. Антон праверыў усе вуды, начапляў новых чарвякоў, пажыў рукі і, крыху адышоўшыся ад вады, пачаў рыхтаваць седала — стаяць над вудамі ён ужо стаміўся. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Се́дала ‘жэрдка або некалькі жэрдак у куратніку, на якія ноччу садзяцца куры; курасадня’ (ТСБМ, Касп., ЛА, 1), се́дало ‘тс’ (Пятк. 2., ТС, Сл. Брэс.), се́дла ‘тс’ (Сцяшк. Сл.), се́дала ‘сядзенне ў прасніцы’ (гарад., Сл. ПЗБ), се́дало ‘дэталь калаўрота’ (Сл. ПЗБ), ‘месца, дзе чалавек часта бывае’ (Сл. Брэс.), ‘месца адпачынку’ (ТС). Укр. сі́дало, рус. зах. і паўдн. се́дало і седа́ло, ст.-рус. сѣдало, чэш. sedadlo, в.-луж. sedźadlo, серб.-харв. сје̏дало ‘сядзенне’, дыял. sedàlu ‘сядзенне ў кроснаў’, славен. sedálo, балг. седа́ло, макед. седало ‘сядзенне’. Ад *sědati, ітэратыва дзеяслова sěděti ‘сядзець’ з суф. ‑dlo; гл. Махэк₂ 539. Паводле Слаўскага (SP, 1, 113), гэта ўтварэнні ўжо асобных славянскіх моў. Аднак Трубачоў (Ремесл. терм., 134) лічыць, што прынамсі як назва ткацкай лаўкі гэта слова праславянскае, паколькі мае адпаведнікі ў літ. sédeklė, лат. sēdekle ‘сядзенне ў кроснаў’ і лац. sediculum ‘сядзенне’. Варбат (Морфон., 213) таксама разглядае слова як праславянскае *sědadlo.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кураса́дня, -і, мн. -і, -яў, ж. (разм.).

Перакладзіна ў куратніку, на якую куры садзяцца на ноч; седала.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

кураса́дня, ‑і, ж.

Разм. Перакладзіна ў куратніку, на якую куры садзяцца на ноч; седала. Першыя пеўні прапяялі на курасаднях пад страхою. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Насе́дала (насёдало) ’седала’: Пашлі куры на наседало (івац., Нар. сл.). У выніку зрашчэння прыназоўнікавага спалучэння на седала і канверсіі (ператварэння прыслоўя ў назоўнік).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

насе́ст м. се́дала, -ла ср., кураса́дня, -ні ж., кураса́днік, -ка м.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пазлята́ць, 1 і 2 ас. адз. не ўжыв., -а́е; -а́ем, -а́еце, -а́юць; зак.

1. Зляцець адкуль-н. — пра ўсіх, многіх.

Куры пазляталі з седала.

2. Паляцець, вылецець куды-н. — пра ўсіх, многіх.

Шпакоў не відаць, некуды пазляталі.

3. Зваліцца — пра ўсіх, многіх ці ўсё, многае (разм.).

Шапкі пазляталі з коннікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)