сарцаві́на, -ы, мн. -ы, -ві́н, ж.

1. Сярэдняя частка сцябла, ствала або кораня раслін.

2. Унутраная, сярэдняя частка чаго-н., напр., плода.

С. яблыка.

|| прым. сарцаві́нны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сарцаві́на

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. сарцаві́на сарцаві́ны
Р. сарцаві́ны сарцаві́н
Д. сарцаві́не сарцаві́нам
В. сарцаві́ну сарцаві́ны
Т. сарцаві́най
сарцаві́наю
сарцаві́намі
М. сарцаві́не сарцаві́нах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

сарцаві́на ж. сердцеви́на

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

сарцаві́на, ‑ы, ж.

1. Унутраная частка сцябла (ствала) або кораня раслін. Ссеклі злыдні дзіва-дрэва, Сэрца вынялі з яго, Каб не чулі болей спеву Найдзіўнейшага таго, А дубок без сарцавіны Злосна кінулі на дол. Колас. Дзесяць год! За гэты тэрмін дрэва Дзесяць раз убор зялёны зменіць, Дзесяць пакаленняў салаўіных Выкалыша на сваіх галінах, Дзесяць залатых кругоў адложыць, Як пярсцёнкаў, каля сарцавіны. Танк. // Унутраная накрытая абалонкай частка плода. Сарцавіна яблыка.

2. Сярэдняя частка, сярэдзіна чаго‑н. Хрусне, расколецца [камень] Напалавіну, — Блісне слязінкай Слюда сарцавіны... Лойка. // перан. Аснова, сутнасць чаго‑н.; асяродак. [Наталля Іванаўна:] — Ты [Валера] ва ўсім старайся асяродак разгледзець, сарцавіну. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сарцаві́на ’унутраная частка сцябла (ствала) або кораня расліны’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Да сэрца (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стры́жань ‘асяродак, сарцавіна расліны’, ‘згустак гною ў нарыве’, ‘вось або апора чаго-небудзь’, ‘сярэдзіна ракі, быстрыня’ (ТСБМ, Варл.), ‘асяродак нарыва’, ‘сарцавіна смалістага дрэва або смалісты сук’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘сарцавіна’, ‘шчыльная драўніна’, ‘палена’, ‘асяродак (у морквы)’, ‘адросткі пяра пасля лінькі птушак’, ‘згустак малака’ (Сл. ПЗБ), ‘стрыжань дрэва’, ‘асяродак скулы’, ‘быстрыня; незамерзлае месца ў рацэ’ (Бяльк., Сцяшк.), ‘асяродак у хвоі’, ‘бруд, гной у нарыве’ (Янк. 1, Сл. Брэс.), ‘самае глыбокае месца ў возеры, рацэ’, ‘згустак гною ў нарыве’ (Растарг.), ‘стрыжань скулы’ (кіраў., нараўл., Шатал.; Юрч. Вытв.), ‘стрыжань дрэва, нарыва’ (ТС, Шымк. Собр., Касп.), стры́жэнь ‘моцны струмень у цячэнні ракі’ (ТС), ‘агрэх’ (ПСл), стрыжэ́нь ‘галоўны корань дрэва’ (Сцяшк.), стрыжі́нь ‘смалістае дрэва’ (кам., Ск. нар. мовы), стрыжо́нак ‘стрыжань (дрэва, нарыва)’ (Мат. Гом.), стрыжэ́ністый ‘з тонкім слоем абалоні (пра дровы)’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал.). Параўн. укр. стри́жень ‘стрыжань (дрэва, скулы, ракі)’, рус. сте́ржень ‘тс’, ‘стрыжань у механізмах’, стре́жень ‘быстрыня ў рацэ’, рус.-ц.-слав. стрьженьсарцавіна’, ц.-слав. стържьнь ‘тс’, польск. rdzeń, zdrżeń, чэш. stržeň ‘стрыжань нарыва’, славац. stržeňсарцавіна дрэва; мядовы сот’, серб.-харв. стр̏жсарцавіна’, харв. старое stržen ‘тс’, славен. stržên ‘стрыжань дрэва, нарыва, ракі’, макед. срж ‘касцявы мозг; сарцавіна’. Прасл. *strьženь або *strьžьnь (рэканструкцыя Фасмера, 3, 757–758), роднаснае ст.-прус. strigeno ‘мозг’, далей, швед. streke ‘стрыжань цячэння’ (*strikan‑); гл. Траўтман, 290; Мее, Études, 432. Фасмер (там жа) першасным значэннем слова лічыць ‘сарцавіна’. Бязлай (Eseji, 138) фармальныя адрозненні тыпу рус. стержень ‘асяродак’ і стрежень ‘быстрыня’ лічыць неістотнымі, паколькі яны ўзаемазамяняльныя і адлюстроўваюць старыя (мажліва, яшчэ даславянскія) адрозненні ў даўжыні. Сной (у Бязлай, 3, 336–337) рэканструюе прасл. *strьžę, Р. скл. *strьžene, В. скл. *strьženь ‘сярэдзіна рачнога патока’, якое, на яго думку, узыходзіць да прасл. *strigti ‘стрыгчы’, з семантычным развіццём ‘нешта адрэзанае’ > ‘стужка, паласа’ > ‘рачны паток’. Значэнні ‘стрыжань дрэва, нарыва’ ён тлумачыць як метанімічны перанос ‘сярэдзіна рачнога патока’ > ‘сярэдзіна ствала дрэва, нарыва і да т. п.’. Гл. яшчэ Сной₁, 617; ЕСУМ, 5, 441 (разглядаюцца як амонімы стрижень1, 2 ‘асяродак’, ‘быстрыня ў рацэ’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́дзька1 ’рэдзька (Raphanus sativus L.)’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ, Сцяшк. МГ, ТС, Шат.), рыдюха, рыдчек, рэдзечка, рютківка, рэдзько́ўка ’свірэпа, Barbarea vulgaris R. Br.’ (ЛА, 1), рэ́дзіна ’павелічальнае ад рэдзька’ (Нас.), рэ́дзьчына ’адна рэдзька’ (Нар. словатв.). Укр. ре́дька, рус. ре́дька, польск. rzodkiew, в.-луж. ŕetkej, н.-луж. ŕatkej, чэш. ředkev, славац. reďkovka, славен. rȇdkev, серб. і харв. ро̏тква, макед. ʼрдоква, балг. ръдоква ’рэпа’. Прасл. *redьky (Чарных, 2, 106). Даўняе запазыч. з герм. *redicō: ст.-в.-ням. retih, ням. Rettich < лац. rādix ’корань; рэдзька’ (Праабражэнскі, 2, 194; Фасмер, 3, 460).

Рэд́зька2 ’стрыжнёвы корань’ (Інстр. 3). З польск. rdzeńсарцавіна; стрыжань’ пад уплывам рэдзька1 паводле знешняга падабенства.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сала́, со́лка ’востраў сярод ракі, пакрыты лазой і кустамі’, ’камяністы выступ сярод рэчкі’ (іўеў., Арашонкава і інш., БЛ, 3, 45), сала́ ’водмель, востраў’, ’узвышанае месца сярод балота’ (іўеў., віл., швянч., Сл. ПЗБ). З літ. salá ’востраў’; гл. Арашонкава і інш. у названай крыніцы; Сл. ПЗБ, 4, 350.

Са́ла1 ’тлушчавае адкладанне ў целе жывёльнага арганізма’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., ТС, Нар. сл.), ’сала, здор’ (Сл. ПЗБ), ’курыны тлушч’ (Жд. 1), ’гусіны тлушч’ (Мат. Гом.), ’мясістая абалонка ў гарбузе’ (навагр., З нар. сл.), ’белая сарцавіна камыша’ (жлоб., Кошчанка, вусн. паведамл.), салны́ця ’унутранае сала’ (Сл. Брэс.). Агульнаславянскае; рус. са́ло ’сала, нутранае сала’, укр. са́ло ’сала; здор’, стараж.-рус. сало, польск. sadło ’нутраны тлушч наогул’, в.-луж. sadło ’топленае сала, тлушч’, н.-луж. sadło ’нутраны тлушч, сала’, чэш. sádlo ’від жывёльнага тлушчу’, славац. sadlo ’тс’, серб.-харв. са̏ло ’нутраны тлушч, свіны тлушч’, славен. sál̥o ’нутраны тлушч’, балг. са́ло ’нутраны тлушч’, ’мяккая тканка вакол насення ў гарбузе, перцы і г. д.’, макед. са́ло ’свіны тлушч; нутраны тлушч’. Прасл. *sadlo. Дэрыват ад кораня *sad‑ (які ў *saditi ’садзіць’), г. зн. ’тое, што садзіцца на мяса або на нейкія часткі цела’; гл. Міклашыч, 287; Мацэнауэр, LF, 19, 244; Младэнаў, 567; Брандт, РФВ 24, 145; Фасмер, 3, 550; Шустар-Шэўц, 2, 1263; Борысь, 537. Сумненні адносна словаўтварэння ў Махэка₂ (535), які праславянскай лічыць форму *sadidlo, і Рэйзака (558); апошні лічыць магчымым утварэнне слав. слова ад і.-е. sa‑ ’сыціць’. Аналагічна Сной₁, 552. Мартынаў (Этимология–1982, 9) параўноўвае з прус. saltan ’сала’, літ. lašiniai ’сала’, марфалагічна тоесных слав. *sadlo, але фанетыку кораня цяжка давесці.

Са́ла2 ’бома для прыціскання бервяна на козлах’ (дзісн., КЭС), ’рычаг (цяжкае бервяно)’ (нараўл., Сл. ПЗБ), ’груз на калодзежным жураўлі’ (Сл. Брэс.). Да сала1. Калька літ. lašinai ’сала’, ’палка або чурбан для прыціскання дошак’.

Сала3 ’«жалезныя свечы» на аржавенні-вадзе, дзе шмат жалезных спалучэнняў’ (Нік. Очерки). Да сала1 (гл.).

Са́ла4 ’ледаход’ (Байк. і Некр.). Да сала1, параўн. рус. са́ло ’першая корка лёду’; гл. Фасмер, 3, 550.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)