самату́гам

прыслоўе

станоўч. выш. найвыш.
самату́гам - -

Крыніцы: krapivabr2012, piskunou2012, prym2009, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

самату́гам, прысл.

1. На сабе, без дапамогі цяглавай сілы.

Араць с.

Вазіць торф с.

2. перан. Сваімі сіламі, без дапамогі.

С. выбіцца ў людзі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

самату́гам нареч.

1. (без помощи тягловой силы) на себе́;

цягну́ць воз с. — тащи́ть воз на себе́;

2. перен. свои́ми си́лами;

рабі́ць с. — де́лать свои́ми си́лами

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

самату́гам, прысл.

1. Без дапамогі цяглавай сілы, на сабе. Тады на заводзе былі ўсяго дзве печы. Рабочыя саматугам вазілі ў іхнія ненасытныя зеўры на тачках торф. Даніленка. Раніцай, у скорым часе пасля пад’ёму, на цэнтральнай дарозе паказвалася двухколка, якую саматугам цягнулі палонныя. С. Александровіч.

2. перан. Сваімі сіламі, без дапамогі. Зміцер сам праз сябе, саматугам выбіўся ў людзі. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дамаро́слы, -ая, -ае.

1. Вырашчаны дома, у сваёй гаспадарцы.

Д. тытунь.

2. перан. Пасрэдны, невысокай вартасці; які навучыўся чаму-н. саматугам.

Д. майстар.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

самату́жкі, ‑жак; адз. няма.

Разм. Прымітыўная павозка на двух колах, а таксама невялікія сані для перавозкі чаго‑н. саматугам. Дарога на вуліцы была добрая, цупкая, выкаўзаная, і саматужкі, павіскваючы палазамі, аж самі беглі, хоць на іх ляжала ладная вязка сена. Капыловіч. Упр[о]гшыся ў нагружаныя дрывамі саматужкі, па дарозе памалу, відаць, моцна стомленая, крочыла пажылая жанчына. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дамаро́слы, ‑ая, ‑ае.

1. Вырашчаны дома, у сваёй гаспадарцы; сваёй гадоўлі. Сядзіць дзед на палку каля калыскі, дамарослы тытун[ь] пакурвае з люлечкі, сваю звычайную песню спявае. Колас.

2. перан. Які навучыўся чаму‑н. саматугам; не прафесіянальны. Паліцыянтам, скваплівым на гарэлку, спецыяльна падсунулі гэтую торбу з гарэлкай, запраўленай сонным парашком. Хітра зроблена, нічога не скажаш. Гэта рабіў не нейкі дамарослы падпольшчык, а чалавек з галавой. Машара. // Невысокай вартасці, якасці; просты, прымітыўны. Праўда, гумар яго дамарослы, і Красак часам не узвышаецца да іроніі над сваімі уласнымі, падчас смешнымі, слабасцямі. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкаці́ць 1, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак. каго-што.

1. Коцячы, наблізіць, даставіць куды‑н. Прыкаціць бервяно. □ Янушак .. шмыгнуў у бочку з-пад салідолу, якую прыкаціў быў некалі да кароўніка Рыбалтоўскі, каб укапаць яе і паліць вадой. Дайліда. // што. Даставіць саматугам куды‑н. (воз, матацыкл і пад.). У гэты ж дзень да .. [механіка] прыкаціў свой веласіпед Несцер Ігнатавіч. Дубоўка. Пакуль настаўнік прыкаціў свой матацыкл да возера, на беразе ўжо гарэў касцёр. Скрыпка.

2. Разм. Прыехаць, прыбыць. Прыкацілі мы ў гарадок на самай лепшай трафейнай машыне. Якімовіч. І вось у бліжэйшую нядзелю пачалі з’язджацца сваякі. Першы прыкаціў у размаляваным вазку дзед Юрка з бабаю Крысяю. С. Александровіч. Аўтобус, нарэшце, прыкаціў, з яго выйшлі пасажыры, што прыехалі з горада. Васілёнак.

прыкаці́ць 2, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак., каго.

Разм. Нарадзіць, прывесці. — Маладзец, сына прыкаціла, — сказала бабка, калі дзіцянё закугакала ў яе на руках. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ту́жыць ‘туга нацягваць’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘рабіць тужэйшым’ (Юрч. Вытв.), ту́жіць: ту́жʼіцʼ самаму́ ‘цягнуць павозку самому, без дапамогі цяглавай сілы’ (лоеў., Нікан., Трансп.), параўн. самату́гам ‘тс’ (ТСБМ), ту́жацца ‘цвярдзець’ (Мат. Гом.), тужэ́ць ‘станавіцца больш тугім, шчыльным, мацнець’ (Нас., Касп., Байк. і Некр., ТС), ‘дранцвець, дубець, пруцянець’ (Ласт.), тужа́ты ‘цвярдзець (пра зерне, зямлю)’ (стол., Выг.), ту́жыння ‘зацягванне з мэтай зрабіць тужэй’ (Юрч. СНЛ), тужы́ць ‘нацягваць аснову красён’ (уздз., Сл. ПЗБ), ту́жыцца ‘намагацца, напружвацца’ (ТСБМ; зэльв., Нар. словатв.). Укр. тужі́ти, ту́житися, тужа́віти ‘налівацца (пра колас), цвярдзець, шчыльнець, загусаць’, рус. ту́житься ‘напружвацца’, в.-луж. tužić ‘звужвацца’, ‘сціскаць, ушчыльняцца’; ‘прымацоўваць, нацягваць, напружваць’, ‘прыглушаць’, польск. tężeć ‘цвярдзець’, дыял. tużyć ‘цягнуцца, схіляцца’, чэш. tužit ‘рабіць цвёрдым’, ‘крухмаліць’, ‘умацоўваць (мускулы)’, tužit se ‘намагацца, напружвацца’, ‘націскаць’, славац. tužiť ‘тс’, tužieť sa ‘падсілкоўвацца’, tužieť ‘мацнець, дужэць’, ‘загартоўвацца’. Прасл. *tǫžiti (sę) < *tǫgъ ‘напружаны, нацягнуты’ (гл. тугі), чаргуецца з прасл. *tęgti ‘цягнуць, валачыць’, ‘быць цяжкім’, што да і.-е. *t​heng​h ‘тс’ (Покарны, 1067; Борысь, 631; Сной, 769), гл. туга́, ту́жба, укр. ту́га́ ‘натуга, напружанне’, якія семантычна звязваюць дзеясловы ту́жыць і тужы́ць (гл.), што падкрэслівае іх агульнае паходжанне.

Тужы́ць ‘сумаваць, маркоціцца, журыцца’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Шат., ТС, Вушац. сл., Сл. ПЗБ), ‘пакутаваць з тугою’ (Юрч. Сін.), ‘нудзіцца, быць ахопленым сумам’, ‘гараваць, перажываць няшчасце’ (ТСБМ, ТС), ст.-бел. тужити, тужыти ‘знаходзіцца ў стане смутку’ (ГСБМ). Укр. тужи́ти, рус. тужи́ть ‘тс’, польск. дыял. tążyć ‘сумаваць (пра жывёл)’, ст.-польск. tążyć, tężyć, tużyć ‘сумаваць’ (XVI ст.), н.-луж. tužyś (se) ‘сумаваць, маркоціцца’, в.-луж. tužić ‘засмучаць’, ‘трывожыцца, непакоіць’, чэш. toužiti ‘тс’, славац. túžiť ‘сумаваць (па радзіме)’, ‘моцна хацець’, ‘марыць’, серб. ту́жити ‘скардзіцца’, ‘падаваць скаргу’, ‘аплакваць каго-небудзь’, макед. тужи ‘падаваць у суд’, тажи ‘сумаваць, журыцца’, балг. тъжа́ ‘тс’, ‘мець жалобу па кім-небудзь’. Прасл. *tǫžiti ўтворана ад *tǫga (гл. туга), што далей да tęgnǫti (гл. цягнуць). Паводле Шустар-Шэўца (1555), развіццё значэння ад ‘ціснуць, цягнуць уніз’ да ‘прыгнечанасць, маркота, сум’ прадстаўлена ў роднасных ст.-ірл. þung ‘цяжкі’, þungol ‘смутак, сум, клопат, гора’, літ. tingė́ti ‘ленавацца’, tìngiu ‘я вялы, неактыўны’. Фармальна блізкае літ. tũžyti(e)s ‘злавацца’ лічыцца (гл. Фрэнкель, 2, 1148) запазычаннем з беларускай мовы, а літ. tū́žti ‘набухаць, уздымацца’, į́tū́žti ‘раззлавацца’ Смачынскі (697) пакідае без этымалогіі. Памылковае сцвярджэнне аб запазычанні з рус. тужить у Сл. ПЗБ, 5, 144. Сюды ж тужлі́вы ‘смутны, журботны’ (Гарэц., Байк. і Некр.), ту́жыкі ‘памінальны абед’: ту́жыкі е́сці (Шат.), тужэ́й ‘цяжэй, горш’ (пух., капыл., Сл. ПЗБ), ту́жык ‘ныцік’ (Байк. і Некр.), параўн. рус. ту́жик ‘хто заўсёды плача, скардзіцца на свой лёс’, серб. тужа̀кало ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)