Пры́тыць (пры́тыты) ’несці цяжкае, валачыць’ (Клім.). Параўноўваюць з серб.-харв. пр̏тити ’накладваць, узвальваць на спіну’, у̀прити ’ўзваліць цяжар на спіну’ (Талстой, Лексика Пол., 17). Запрудскі (дыс., 27) адносіць сюды ж запры́ць ’туга завязаць пры дапамозе закруткі’ (ваўк., Сл. ПЗБ) і пры́тны ’круты’ (гл.) (навагр., Сцяшк.), выводзячы зыходную семантыку ’круціць’. У такім выпадку з’яўляецца працягам прасл. *prъtiti, прадстаўленага ў пры́ткі ’хуткі, вёрткі’ (гл.); да семантыкі параўн. кру́чаны ’непаседлівы’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Спры́та ‘прыстасаванне (кол), з дапамогаю якога моцна сціскаецца вяроўка пры звязванні паклажы, закрутка’ (Сцяц. Сл.), сюды ж спры́ціць ‘моцна звязаць (спавіць)’ (там жа), спры́ціцца ‘загінуць, памерці’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. запры́ць ‘туга звязаць пры дапамозе закруткі’ (ваўк., Сл. ПЗБ), пры́тны ‘круты’ (Сцяшк.), што дазваляе суаднесці з *prъtiti ‘круціць , роднасным літ. spráusti ‘уціскваць’, sprũsti ‘вырывацца, выслізгацца’. Гл. прыткі 1, прытыць. Сюды ж, відаць, спры́ты ‘ражкі (у коласе)’ (Сцяшк. Сл.) на аснове вобразнага пераносу.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прыць ’імклівасць, шпаркасць’ (Нас., Ласт.); ’крутасць, стромкасць, круча’ (Ласт.), прыт ’жвавасць, рухлівасць’ (Бяльк.), рус. прыть ’тс’. Прасл. *prytь > бяссуфікснае вытворнае ад *prъtiti, *pryt(j)ati ’рухацца, корпацца, узнімацца’ (Варбат, Этимология–1971, 10; яе ж, Слав. языкозн., XII, 119), прадстаўленага ў беларускай мове, відаць, толькі палес. пры́тыты (гл. пры́тыць). Праблематычным з’яўляецца далучэнне сюды спріт ’спрыт, жвавасць’ (Бяльк.), а таксама рэканструкцыя ў якасці зыходнай для рус. прыть і бел. прыць формы *sprytъ, крыніцай якой лічыцца гоц. *sprūti < sprauto ’хутка’, параўн. ст.-англ. sprūtan ’даваць парасткі, развівацца’ (Мартынаў, Лекс. Палесся, 16–17); сумненні на гэты конт у Смулковай (Бел.-польск. ізал., 118–120). Аб серб.-харв. pȑtiti гл. Глухак, 507. Гл. таксама пры́тны, пры́ткі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пры́тны ’круты, стромкі, адхоністы’ (Варл., Сцяшк., Ласт., Мат. Гом.), ’хуткі, праворны’ (Нас., Бяльк.), ’упарты, непаслушны’ (Ласт.), сюды ж пры́тна ’хутка, жвава’ (Нас.), ’моцна, шчыльна; тэрмінова; старанна, уседліва; вельмі неабходна’ (Нас., Юрч., Сцяшк., Жд. 3, ЛА, 5), прытно́м ’непасрэдна, адзін за адным, запар’ (ТСБМ, Касп., Стан.; беласт., Бел.-польск. ізал.), ’вельмі часта’ (Янк. 1; ст.-дар., Жыв. НС), пры́тня ’строма, круча’, пры́цінь, пры́ціня ’тс’: у сам пры́цінь сонца (пра сонца ў зеніце) (Ласт.), прыці́н ’зеніт’ (Стан.). Відаць, утварэнне з ‑n‑ суфіксацыяй: *prytъnъ(jь) або *pritьnъ(jь), што да *prъtiti, гл. пры́ткі, пры́тыць. Магчымы ўплыў іншых асноў, параўн. рус. дыял. при́тмом ’раптоўна, хутка’, якое Люканен (Восточнослав., I, 119) узводзіць да прасл. *pritь‑mo ад *pri‑tęti (< *tęti ’рэзаць’, гл. цяць).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)