пруг, ‑а, м.

Падоўжная палоска па краі тканіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пруг ’падоўжаная палоска па краі тканіны’ (ТСБМ, Нас., Касп., Сцяшк., Уладз.; бых., шкл., КЭС) ’рубец у шытве’ (Нас., Уладз.), ’рубец на скуры’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’ліштва ў бёрдзе для замацавання трасцінак’ (ТС), ’папярочка паміж слупамі ў калодзежы’ (ельск., Нар. сл.), пругі́, пругы́, пруге́ ’тонкія дошчачкі, якія прытрымліваюць палатно, каб яно не сцягвалася’ (Шат., Уладз., Бяльк.; брагін., Нар. сл.) або ’каб не блыталіся ніткі асновы’ (Касп., ТС, Дабрав., Кросны, Інстр. 3, Сл. ПЗБ). Рус. пру́га ’пружына’, укр. пруг ’край, рабро, кант’, ст.-рус. пругъ ’сетка’, польск. prąg, pręga, в.-луж. pruha, н.-луж. pšuga, чэш. pruh, prouha, славац. pruh ’паласа’, серб.-харв. пру̏г ’расцягнуты’, пру́га ’паласа, лінія’, славен. próga ’паласа, лінія, кант’, балг. пръг ’кій (у кроснах), рама’, пъ́ргав ’пругкі’, макед. пруга ’паласа’. Прасл. *prǫgъ, prǫga ’паласа, край’. Першапачаткова ’тое, што нацягвае, напружвае’, звязанае чаргаваннем галосных з *pręgti ’нацягваць, запрагаць’. Параўноўваюць з літ. sprangùs ’той (або тое), што душыць’, с.-в.-ням. sprinke ’пастка’, нова-в.-ням. Sprenkel ’сіло для птушак, зажым’, ст.-в.-ням. springen ’скакаць; біць струмянём’, ст.-ісл. springa ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 387 і наст.; там жа і інш. літ-pa; БЕР, 5, 816). Відаць, няма падстаў аддзяляць ад папруга (гл.), параўн. Скок, 3, 31; Шустар-Шэўц, 2, 1164; Бязлай, 3, 126. Памылкова Кюнэ (Poln., 90) разглядае віцебскае пруг ’край; рубец’ як запазычанне з польск. próg ’парог’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пахі́стка ’акравак каляровай тканіны, ейны пруг, якія выкарыстоўваюцца як стужка ці аблямоўка’ (Шн. 3, Касп.). Да прасл. xystati (sę) (гл. Трубачоў, Эт. сл., 8, 159). Паводле семантыкі, бел. лексема з’яўляецца роднаснай з укр. похистити ’схаваць, абараніць’, хиститися ’абгароджвацца, хавацца, прыкрывацца’, захист ’абарона’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́мка 1 ’шырокі рэмень са скуры ці моцнай тканіны, які перакідваецца цераз плячо пры перацягванні, пераносцы грузу’, (перан.) ’ярмо, непрыемны абавязак’ (ТСБМ, Нас., Касп., Бяльк., Яруш.). Укр. ля́ма, ля́мка ’тс’, ’шлейка’, рус. ля́мка ’тс’, ’стружка’, ’вяроўка’, ’пятля’, ’торба’, ’рукзак’, ст.-рус. лямка ’лямка’ (XVII ст.). У рус. мове гэта запазычанне з фін. lämsä ’пятля, повад, аркан’, саамск. карэльск. lamca ’вуздзечка’, саамск. нарв. lavčče, комі letš ’пятля’ (Каліма, 153). Больш падрабязна гл. Фасмер, 2, 551.

Ля́мка 2 ’пруг з тоўстага сукна’, ’надточаная частка падола ў світцы, спадніцы з іншага матэрыялу’ (Жд. 1, Бяльк., Нас.; смарг., Сл. ПЗБ). Запазычана з польск. lama, lamka ’аблямоўка, абшыты падол адзежыны’ (Слаўскі, 4, 36).

Ля́мка 3 ’манішка’ (рас., Шатал.). Да лямка 2 (гл.), аднак пры ад’ідэацыі семантыкі лексемы ля́мец ’каўнер’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)