Прасці́ць ’прабачыць’ (Сл. ПЗБ). Аўтары слоўніка (там жа) узводзяць да рус. прости́ть ’тс’ < прасл. *prostiti, параўн. укр. прости́ти, ст.-рус. простити ’прабачыць’, ’вылячыць’, серб.-харв. про̀стити, славен. prostíti, чэш. prostiti ’звольніць’. Да *prostъ (гл. просты), г. зн. ’зрабіць вольным ад чаго-небудзь’; гл. Фасмер, 3, 380. Параўн. прошча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́шча1 ’месца (крыніца, камень) у лесе, сярод балота, надзеленае надзвычайнай сілай; святое месца’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Касп., Доўн.-Зап.), ’капліца’: абракацца хадзілі людзі ў прошчу (светлаг., SOr, 39, 356); ’багамолле’ (Нас.). Укр. про́ща ’паломніцтва; адпушчэнне грахоў; надмагільная прамова’, рус. про́ща ’адпушчэнне грахоў, цудоўнае выздараўленне’, ст.-рус. проща ’тс’. Паводле Фасмера (3, 387), узыходзіць да *prostja ад prostъ (гл. просты), першапачаткова ў значэнні ’вольны’, параўн. ст.-бел. простый ’свабодны, вольны’, у тым ліку ’вольны ад хваробы, грахоў’, чэш. prostiti ’вызваліць’, ст.-рус. простити ’зрабіць здаровым’, укр. прости́ти ’дараваць’, што паўплывала на першасную семантыку слова (гл. ЕСУМ, 4, 606).

Про́шча2 ’неахайніца’ (Касп.). Этымалагічна ўзыходзіць да просты (гл.), г. зн. ’непрыбраная, недагледжаная жанчына’; да семантыкі параўн. проставалосая ’з непрычасанымі валасамі на галаве’, да фанетыкі ст.-бел. прощъ ’проста, прама’. Параўн. яшчэ прасцяк, прастуха і да т. п.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)