*Прапека, пропэка ’здобны пірог’ (Сл. Брэс.). Зваротны дэрыват ад прапячы < пячы з узнаўленнем першаснага ‑к‑, гл. прапячы ’спячы’: свежага хлеба прапякла (ігн., Сл. ПЗБ); да семантыкі прэфікса параўн. праварыць ’зварыць’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прапяка́нка ’від самаробнай стрэльбы’ (ТСБМ), прапе́ка ’тс’ (жлоб., Кошчанка, вусн. паведамл.). Паводле Кошчанкі, гэтай стрэльба уяўляла сабой металічную трубку, якая сплюшчвалася з аднаго боку. Там, дзе сплюшчана, прасвідроўвалася маленькая дзірачка; потым трубка прымацоўвалася да драўлянага бруска. У адтуліну з другога боку запіхвалі серу з запалак і пыж з моху або пянькі. Калі трэба было стрэліць, да дзірачкі падносіўся агонь і пыж ляцеў на пэўную адлегласць. Як відаць з апісання рэаліі — ад дзеяслова прапякаць (дзірку) (гл. пячы), хутчэй за ўсё, першапачаткова ў драўлянай дэталі стрэльбы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)