многаступе́ньчаты, ‑ая, ‑ае.

З вялікай колькасцю ступеней. Многаступеньчатая ракета. □ Піліп Пракапенка выточваў даволі складаную, многаступеньчатую дэталь. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узві́цца, узаўюся, узаўешся, узаўецца; узаўёмся, узаўяцеся; зак.

1. Наматацца. Ніткі ўзвіліся на шпульку.

2. Імкліва падняцца ўверх, узляцець увысь. Клубок агню ўзвіўся ўгору і на міг асвятліў зямлю. Няхай. Над горадам узвіліся рознакаляровыя ракеты. Дудо. Глянуў заяц і здзівіўся — Раптам віхрам снег узбіўся. Танк. Чарада галубоў пранеслася пад соснамі, нізка абляцела вакол дома, памкнулася да вышкі, дзе была галубятня, і... зноў узвілася ўгару. Шамякін. / Пра песні, гукі, галасы і пад. Узвілася песня за гарой высокай. Панчанка. Быццам хочучы спалохаць мяне, прарэзліва ўзвіўся гудок над сцішаным прасторам. Сабаленка. / Пра каня. Конь узвіўся на дыбкі. Кулакоўскі. / Пра сцягі, заслоны і пад., якія хутка ўзнімаюцца ўверх. Строгія столкі заслоны ўзвіліся. Глебка. Над галовамі людзей, якія сышліся ў адзін гурт, узвілося, затрапятала, як жывое, чырвонае палотнішча. Сабаленка.

3. перан. Прыйсці ў раздражнены стан; узбурыцца. «Як з ночы? — узвіўся Селязнёў. — Чаму не далажылі адразу?» А Пракапенка толькі цепае плячыма. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́вы 1, ‑ая, ‑ае.

1. Размешчаны з таго боку, які з’яўляецца процілеглым леваму. [Палкоўнік] сунуў правую руку ў кішэню і насцярожана азірнуўся. Паслядовіч. Праз правае плячо звесілася цяжкая светлая каса. Корбан. Трэба пераправу Па вадзе зрабіць, Каб па бераг правы Ўсіх перавазіць. Бядуля.

2. Рэакцыйны, кансерватыўны, варожы перадавым плыням у палітычным і грамадскім жыцці (ад традыцыйнага размяшчэння членаў рэакцыйных партый у правай ад старшыні частцы зала). Правая партыя. // (у знач. наз. пра́выя, ы́х). Людзі з кансерватыўнымі, рэакцыйнымі поглядамі. // Які варожа адносіцца да палітыкі камуністычнай партыі ўнутры самой партыі, капітулянцкі. Перамога сацыялізма была дасягнута ва ўпорнай барацьбе супраць трацкістаў і правых капітулянтаў. «Звязда».

пра́вы 2, ‑ая, ‑ае.

1. Справядлівы, праўдзівы. Чым мне быць у нямецкай няволі, Лепш у правым загінуць баю. Астрэйка.

2. Не вінаваты, які дзейнічае па праўдзе. За яго палезу ў бойку — Вінаваты ён ці правы Мне ўсё роўна: ён мой друг! Панчанка.

3. часцей кар. ф. (праў, права́). Які правільна, беспамылкова думае, гаворыць. Андрэй Міхайлавіч адчуваў, што Гогіберыдзе правы ад першага свайго слова да апошняга, што не мае сёння будучыні ягоны праект. Самуйлёнак. Пракапенка праў па-свойму, — сказаў Андрэй Давыдавіч, — а Гурба — па-свойму. Кулакоўскі.

•••

Правая рука чыя гл. рука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нале́жаць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

1. каму-чаму. Быць, з’яўляцца ўласнасцю каго‑, чаго‑н. Гэтыя кнігі належаць таварышу. □ Дзед не раз гаварыў пра зямлю пад Дубамі, пра паплавы на рэчцы, якія калісьці належалі мужыкам. Колас. // Быць, знаходзіцца ў распараджэнні каго‑н. Будучае належыць моладзі. □ Цяпер вуліца належала .. [працэсіі]: сустрэчныя аўтамашыны збаўлялі хуткасць, а тыя, што даганялі, паволі сунуліся ззаду. Карпаў. // Быць, з’яўляцца чыім‑н. тварэннем, быць напісаным, створаным (пра твор, ідэю, думкі і пад.). Пяру Янкі Купалы належаць пераклады многіх вершаў з «Кабзара». Палітыка. // перан. Быць прысвечаным каму‑, чаму‑н. Усё жыццё Дзяміда належала лесу. В. Вольскі. // (з займеннікам «сабе»). Свабодна распараджацца сабою, ні ад каго не залежаць. Цяпер Міхал Шарупіч належаў не толькі сабе. Дэлегацыю на вакзале ўжо чакалі, і прыйшлося пасяліцца ў гасцініцы «Масква». Карпаў.

2. да каго-чаго. Адносіцца да якой‑н. групы, уваходзіць у склад чаго‑н. Відаць, прахожыя належалі да тутэйшых механізатараў і цяпер па нейкай патрэба ішлі ў РТС. Быкаў. Адчувалася, што доктар не належаў да вельмі спакойных і ўраўнаважаных натур. Васілевіч.

3. каму-чаму. Быць чыім‑н. правам, непасрэдным абавязкам. [Андрыян Цітавіч:] — Калі справа ідзе аб павышэнні, то рашаючае слова павінна належаць .. [Валі]. Марціновіч.

4. безас. каму. Падлягаць выплаце, выдачы за што‑н. Вам належыць заплаціць за білет. □ Бабка была зацікаўлена ў гэтай ссыпцы, бо і ёй належала некаторая частка гарцаў. Колас. // з каго. Разм. Пра пачастунак з якой‑н. нагоды. — З цябе сёння належыць, — смеючыся на ўсю палатку, сказаў Пракапенка. — Пішы, што ты імяніннік.. Пойдзем у клуб, пачытаеш, як там цябе ў заводскай насценгазеце расхвалілі. Кулакоўскі. [Лявон:] Ну, пане гаспадар, дакоскі зрабіў, з вас бутэлька належыць. Козел.

5. безас. каму і без дап. Быць устаноўленым, вызначаным. Па статуту нам належаць пісталеты. Але дзе ж там.. — калі і вінтовак усім не хапіла... Брыль.

6. безас. з інф., каму. Быць неабходным. Перш за ўсё належала сабраць насенне, ачысціць яго, пратруціць, каб увесну было што ўкінуць у зямельку. Сабаленка. Нарэшце пагадзіліся [настаўнікі] на тым, што дырэктару школы належыць яшчэ раз сустрэцца са старшынёй.. сельскага Савета. «Звязда».

•••

Як (і) належыць — як патрэбна, як мае быць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)