пра́вы 1, ‑ая, ‑ае.

1. Размешчаны з таго боку, які з’яўляецца процілеглым леваму. [Палкоўнік] сунуў правую руку ў кішэню і насцярожана азірнуўся. Паслядовіч. Праз правае плячо звесілася цяжкая светлая каса. Корбан. Трэба пераправу Па вадзе зрабіць, Каб па бераг правы Ўсіх перавазіць. Бядуля.

2. Рэакцыйны, кансерватыўны, варожы перадавым плыням у палітычным і грамадскім жыцці (ад традыцыйнага размяшчэння членаў рэакцыйных партый у правай ад старшыні частцы зала). Правая партыя. // (у знач. наз. пра́выя, ы́х). Людзі з кансерватыўнымі, рэакцыйнымі поглядамі. // Які варожа адносіцца да палітыкі камуністычнай партыі ўнутры самой партыі, капітулянцкі. Перамога сацыялізма была дасягнута ва ўпорнай барацьбе супраць трацкістаў і правых капітулянтаў. «Звязда».

пра́вы 2, ‑ая, ‑ае.

1. Справядлівы, праўдзівы. Чым мне быць у нямецкай няволі, Лепш у правым загінуць баю. Астрэйка.

2. Не вінаваты, які дзейнічае па праўдзе. За яго палезу ў бойку — Вінаваты ён ці правы Мне ўсё роўна: ён мой друг! Панчанка.

3. часцей кар. ф. (праў, права́). Які правільна, беспамылкова думае, гаворыць. Андрэй Міхайлавіч адчуваў, што Гогіберыдзе правы ад першага свайго слова да апошняга, што не мае сёння будучыні ягоны праект. Самуйлёнак. — Пракапенка праў па-свойму, — сказаў Андрэй Давыдавіч, — а Гурба — па-свойму. Кулакоўскі.

•••

Правая рука чыя гл. рука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)