персана́ж, -а, мн. -ы, -аў, м.

Дзеючая асоба ў мастацкім творы.

Эпізадычны п.

Персанажы Кандрата Крапівы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

персана́ж

назоўнік, агульны, адушаўлёны, асабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. персана́ж персана́жы
Р. персана́жа персана́жаў
Д. персана́жу персана́жам
В. персана́жа персана́жаў
Т. персана́жам персана́жамі
М. персана́жу персана́жах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

запаміна́льны запомина́ющийся;

усе́ персана́жы атрыма́ліся я́ркімі, ціка́вымі, ~нымі — все персона́жи получи́лись я́ркими, интере́сными, запомина́ющимися

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

тыпа́ж, ‑у, м.

1. Сукупнасць тыпаў, узораў, мадэлей якіх‑н. дэталей. Тыпаж самалётаў. Пашырэнне тыпажу металаапрацоўчых станкоў.

2. Сукупнасць прыкмет, характэрных для якога‑н. грамадскага разраду, тыпу людзей. Сацыяльны тыпаж. □ Тыпаж бярэцца сакавіты, персанажы выкрываюць сябе праз учынкі, без надакучлівага маралізавання. Лужанін.

3. Акцёр з яркай характэрнай знешнасцю, які падыходзіць па сваіх даных для пэўнай ролі.

[Фр. typage.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уда́ча, ‑ы, ж.

Жаданне, шчаслівае завяршэнне якой‑н. справы; поспех. Ірына паехала на паравозе, радуючыся ў душы такой нечаканай удачы. Лынькоў. — Вось гэта, Костусь брат, удача! — І дзядзька рады, чуць не скача. Колас. Лёня і Дзіма моцна паціснулі хлопцам рукі па развітанне, пажадалі ўдачы. Новікаў. // Дасягненне ў працы, творчасці. Адмоўныя персанажы ў аповесці [«Пачатак»] — асаблівая ўдача Пестрака. Хромчанка.

•••

Ну і (такая, вось, вот) удача! — такі ўжо ўдаўся, урадзіўся; няўдаліца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Руса́лка1 ’міфалагічны вобраз усходнеславянскіх народаў у выглядзе жанчыны з доўгімі распушчанымі валасамі, якая жыве ў вадзе або жыце’ (ТСБМ), ’жанчына, што ходзіць з непрыбранымі валасамі’, руса́ўка ’тс’ (ТС). Укр. руса́лкама́вка), рус. руса́лка, польск. rusałka, чэш., славац. rusalka, славен. rusalkavila), серб.-харв. ру́са̄лкавила), балг. руса́лкави́ла, самоди́ва). Этымалогія цьмяная ў сувязі з налажэннем розных паняццяў і семантычнымі зменамі. Першаснай формай трэба прызнаць руса́ўка і значэнне ’жанчына, што ходзіць з непрыбранымі валасамі’, якія суадносяцца з ру́савы дзед (гл.). Форма руса́лка другасная, узнікла пры дапамозе субстантывуючага суфікса ‑ка ад руса́льны (дзень, тыдзень), параўн.: Русалка — дэнь такый (драг., Талстая, Полес., 214), прыметніка, утворанага ад русаллі (гл.). У далейшым назва міфалагізавалася і была перанесена на паганскія персанажы, што сімвалізавалі ахоўную функцыю (Той русаўкой пужалі дзецей, шчоб не ходзілі по жыці, ТС, 4, 336). Гл. Цыхун, БЛ, 57, 120.

Руса́лка2 ’страказа’ (гом., Арх. ГУ), параўн. балг. руса́лка ’матылёк падзёнка, Ephemera vulgata’. Перанос назвы русалка1 на насякомых, звязаных з вадой, па знешняму выгляду (“бухматасць”) і перыяду з’яўлення, блізкім да свята Тройцы. Мяркуецца, што яны сімвалізавалі душы памерлых продкаў, гл. Пічхадзэ, Новое в рус. этим., 201.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

увіха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Хутка і спрытна рабіць што‑н., займацца чым‑н.; клапаціцца аб кім‑, чым‑н. Увіхацца каля печы. Увіхацца па гаспадарцы. □ [Раёк] усё каля дому ўвіхаўся — пчол глядзеў, у лесе сеяў, дом і сядзібу высокім парканам абносіў... Сіўцоў. Спрытна арудуючы іголкай і нажніцамі, дзяўчына ўвіхалася каля .. шыняля. Васілевіч. Над бледнай, скрыўленай ад болю маці ўвіхалася медсястра ў белым халаце. Карпаў.

2. Разм. Круціцца каля каго‑, чаго‑н.; неадступна хадзіць за кім‑н. Усцін Маркавіч .. абчышчаў рыбу. Каля яго .. увіхаўся кот. Кулакоўскі. // Увівацца, круціцца каля каго‑н., стараючыся дагадзіць чым‑н. Камар увіхаўся каля гасцей, перастаўляючы з месца на месца крэслы. Гартны. // Заляцацца, увівацца. [Наталля:] — [Ніна] расказала мне, як каля цябе ўвіхалася: у кіно вадзіла, у госці да сябе запрашала. Было гэта? Скрыган. Міровіч параіў Чароту .. увесці [у п’есу] два камічныя персанажы: бабыля Данілу і немаладую, адзінокую, але зухаватую Параску, за якой увіхаецца Даніла з надзеяй ажаніцца з ёю. Рамановіч.

3. Хутка рухацца; круціцца. Трос [мядзведзь] галавой, круціўся ва ўсе бакі, увіхаўся, а сабака грыз яго не на жарт. Бядуля. На сухой верхавінцы таполі па-ранейшаму ўвіхалася неўтаймоўная стракатая мухалоўка. Гарбук. Увіхаюцца рукі, не ведаючы стомы. [Максімка] не для Радзівілаў .. працуе, а для сябе. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ула́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які належыць каму‑, чаму‑н. як уласнасць. Уласная гаспадарка. Уласная аўтамашына. □ Жыў Нікадзім Варакса з Кіраю ў маленькім уласным доміку. Карпаў. // Які належыць каму‑н. разам з іншымі як члену якога‑н. калектыву, грамадства. Першымі сярод усходніх славян уласнае кнігадрукаванне атрымалі беларусы. Шакун. З таго часу, як [партызанскі] атрад пабудаваў свой уласны лагер, пры штабе стала працаваў трафейны радыёпрыёмнік. Брыль. // Звязаны сваяцкімі, прыязнымі і пад. адносінамі. [Ад’езд] радаваў — дома мяне чакала сустрэча з уласнымі дзецьмі, і крышачку засмучаў. Васілевіч. Яму хацелася падзяліцца з .. інжынерам некаторымі сваімі думкамі, якія хаваў .. [Шмульке] нават ад сваёй уласнай палавіны. Лынькоў.

2. Свой, асабісты. Крушынскаму ўспомніліся воўчыя сляды ў пяску побач з яго ўласнымі. Бядуля. Лёс майго карабля — гэта ўласны мой лёс; быць на вахце — вышэйшы мой гонар. А. Вольскі. Шчаслівы час, калі прыходзіць роздум І ты ва ўладзе толькі ўласных дум. Тармола. // Уласцівы каму‑н. Вельмі часта сваю ўласную філасофію аўтар пераносіць на персанажы свайго твора. Чорны. Верачка важна трымала Мікалая Пятровіча пад руку, ішла паволі, з пачуццём уласнай годнасці. Каршукоў. Вядзернікаў меў уласны погляд на рэчы. Радкевіч. // Які ідзе ад каго‑н. асабіста, які робіцца, ажыццяўляецца самім. [Сярго:] Азорыча я знаю асабіста: Калі ён там, дык не па ўласнай волі. Глебка. Спыніцца і моўчкі крыху пастаяць, Шчаслівым астацца за ўласную працу. Астрэйка. Лазебны — радыёаматар, і ў хаціне, дзе яны жывуць з камандзірам, стаіць прыёмнік яго ўласнай канструкцыі. Шамякін.

3. Літаральны, сапраўдны. Ва ўласным сэнсе слова.

4. Спец. Уласцівы толькі каму‑, чаму‑н., без дамешак, без пабочных дабавак. Уласная вага цела.

•••

Уласнае імя гл. імя.

Уласны карэспандэнт гл. карэспандэнт.

Варыцца ва ўласным саку гл. верыцца.

На ўласныя вочы бачыць гл. бачыць.

На ўласныя вушы чуць гл. чуць.

Стаяць на ўласных нагах гл. стаяць.

Уласнымі сіламі гл. сіла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тон, ‑у, м.

1. Гук пэўнай вышыні, які ўтвараецца перыядычнымі хістаннямі паветра; музычны гук. Нізкі тон. Высокі тон.

2. звычайна мн. (то́ны, ‑аў). Гукі сэрца, яго клапанаў; гук, які ўтвараецца пры выстукванні полых органаў цела чалавека. Смірын вухам прыпаў да потных грудзей нампаліта, намагаўся выслухаць тоны сэрца. Яны выразна чуліся і былі чыстыя. Алешка.

3. Інтэрвал тэмпераванай тамы, што складаецца з двух паўтонаў і прымаецца за адзінку пры вызначэнні рознасці гукаў па іх вышыні. [Ермашоў:] Ідзіце, ідзіце, яшчэ ёсць час. І скажыце, што я дазволіў аркестру ўзяць на два тоны вышэй. Губарэвіч.

4. Тое, што і танальнасць (у 1 знач.). Мажорны тон. Мінорны тон. □ Эх, песні, адвечным песні зямлі! Калі заспяваюць вас на вясёлы, радасны тон? Колас. // перан. (звычайна са словамі: «мажорны», «мінорны»). Эмацыянальная настроенасць, настрой. Мажорны тон вершаў. □ Мінорны тон песні больш чуецца не праз сцяну, а праз адчыненае акно. Дуброўскі.

5. Характар гучання інструмента або голасу. Малы ўзяў дудку. Перш агледзеў. А потым сам, як і Сымон, Паднёс да губ, і, нібы ў заедзі, Пачуўся мяккі яе тон. Колас. // Характар гучання, які надае выканаўца інструменту або голасу. Вось настроіў, навёў тон у струнах як след, Не зірнуўшы на гулі ні разу, І сядзіць гэты сумны, як лунь белы, дзед. Купала.

6. Вышыня або сіла гучання голасу чалавека, які гаворыць. — Дагэтуль яшчэ не было выпадкаў, — знізіўшы тон, сказаў дзед. Чарнышэвіч.

7. звычайна каго або які. Характар гучання маўлення, манера гаварэння (або пісьма), якія выражаюць пачуццё гаворачай асобы, адносіны да прадмета гутаркі, асаблівасці душэўнага складу. Афіцыйны тон. Жартаўлівы тон. Адміністрацыйны тон. □ Генерал і Бяссонаў перайшлі на той таварыскі тон, што вельмі лёгка ўстанаўліваецца паміж франтавікамі. Мележ. [Камбрыг] урачыста, тонам камандзіра сказаў: — Добра, Саковіч! Я так і ведаў, што ты не падвядзеш братву. Брыль. — Стой! Не страляй, не трэба! — сказаў .. [Пракоп Адамавіч] тонам загаду. Ляўданскі. За спакойным тонам пісьма чуваць вялікае хваляванне, можа, нават гора. Дамашэвіч. // Манера, стыль пісьма, апавядання. Палемічны тон артыкула. □ Сама тэма шырокага паказу жыцця народа абумовіла эпічны тон апавядання. Хромчанка. // Манера, стыль тэатральнай ігры. Глебаўскія персанажы афарбаваны камедыйнымі тонамі.

8. з азначэннем. Характар, стыль паводзін, жыцця. Правілы добрага тону. Трымаць рукі ў кішэнях — адзнака благога тону. // Характар або агульны выгляд чаго‑н. Аркавы пояс з байніцамі падаў нейкі новы асноўны тон усёй арнаментыцыі будынка. Ліс.

9. Колер, афарбоўка, а таксама адценне колеру, якое адрозніваецца ступенню яркасці, насычанасці. Фарбы цёплых тонаў. Светлы тон карціны. Залацістыя тоны восені. □ Люся паспрабавала злічыць, колькі фарбаў у .. [вясёлцы], — і не змагла: адзін тон непрыкметна пераходзіў у другі, трэці. Даніленка.

•••

Задаць тон гл. задаць.

Збавіць тон — тое, што і знізіць тон (гл. знізіць).

Знізіць тон гл. знізіць.

Павысіць тон — тое, што і павысіць голас (гл. павысіць).

Трапіць (патрапіць) у тон гл. трапіць.

У тон (пад тон) — а) аб гармоніі колераў, адценняў колеру. Светлы, добра скроены пінжак. Чыстая, адпрасаваная сарочка. У тон да іх удала падабраны гальштук. Сабалеўскі; б) у тым жа духу, стылі. Мэбля пад тон архітэктуры; в) з тым жа настроем, з той жа інтанацыяй (гаварыць, сказаць і пад.). — Што ў вас, вяселле, ці што? — падладжваючыся пад вясёлы тон гасцей, спыталася .. [Валя Ягадка]. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)