служа́ка, ‑і, м.

Разм. Вопытны, старанны служачы (звычайна пра ваеннага). Карпенка на ўсё жыццё запомніў тыя мудрыя словы старога служакі. Быкаў. Гарнізон у .. [оберлейтэнанта] быў невялікі, але надзейны: старыя служакі, яшчэ ў Бельгіі былі пад яго камандаваннем. Шамякін. // Пагард. Той, хто выслужваецца перад кім‑н.; паслугач. Думай думкі, што чыніці У бядзе паганай, Калі панскія служакі Прывядуць да пана! Купала. Хіба Панасюк служака ці падхалім? Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

размазня́, ‑і, ж.

1. Рэдкая каша, вельмі густы нясмачны суп і пад.

2. м. і ж. Разм. Аб нерашучым слабавольным чалавеку. Не мог [сакратар райкома] згадзіцца, як ні стараўся сам сябе запэўніць, што Панасюк размазня, якому толькі ў канцылярыі чарцяжы чарціць і падносіць іх начальству... Васілевіч. [Андрэй:] — І жыта ад бульбы адрозніваеце? [Кудрыцкая:] — Гэта рэдактару абавязкова? Добра, калі з гэтым начальнік спраўляецца. — А-а-а, думаў, што размазня, ажно з язычком. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

благаславі́ць, ‑слаўлю, ‑славіш, ‑славіць; зак., каго-што.

1. Перахрысціць каго‑н. са словамі малітвы, з пажаданнем удачы, шчасця. [Янка Андрэю:] — Валяй, браце. Абедзвюма рукамі благаслаўляю цябе ў дарогу. Няхай будзе яна насыпана жоўценькім пясочкам! Колас. Добрай матчынай рукою Благаславі на трудны шлях. Глебка.

2. Ухваліўшы, накіраваць на што‑н. Калі ж, палаючы ў агні, мяне Радзіма Пазвала ў паход у грозны час, — На подзвігі яна благаславіла І матчын аддала мне свой наказ. Русак. // Ухваліць, даць згоду на што‑н. — Давайце, хлопцы, пачынайце, — благаславіў Варанецкі. Дуброўскі. Але выбіраць не прыходзілася, і Панасюк, які вярнуўся ад шаўца з добрымі весткамі, благаславіў гэты сумесны твор у друк. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тып, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Узор, мадэль, форма з істотнымі якаснымі прыкметамі, якім адпавядае пэўная група прадметаў, з’яў. Тыпы пасажырскіх самалётаў. □ Будынак, перад якім спыніліся калгаснікі з Пракопам, быў камбінаваным будынкам новага тыпу, зробленым па праекту Лапко. Колас.

2. ‑у. Спец. Вышэйшая катэгорыя ў сістэматызацыі раслін і жывёл, якая аб’ядноўвае роднасныя класы. Тып членістаногіх жывёл. Тып кветкавых раслін.

3. ‑у. Характэрны фізічны склад, знешні выгляд чалавека, звязаны з яго этнічнай прыналежнасцю. У жанчыны твар мангольскага тыпу. □ Але нічога французскага ў .. [Жанне] не было. Звычайны славянскі тып твару. Новікаў.

4. ‑у. Катэгорыя людзей, аб’яднаных супольнасцю якіх‑н. характэрных унутраных рыс, якасцей, а таксама яркі прадстаўнік гэтай катэгорыі. На глебе калектывізацыі з’явіўся новы тып селяніна — свядомага калгасніка, гаспадара-калектывіста. □ У корані змянілася само сацыяльнае аблічча, сфарміраваўся якасна новы тып рабочага чалавека. Машэраў.

5. ‑а. Мастацкі вобраз, у якім абагульнены характэрныя рысы якой‑н. групы людзей, саслоўя, класа, эпохі. Народны тып, характар выяўлены тут .. выразна, з добрай мастацкай мерай. Ліс. З таго часу .. [Якім] мне даражэй за ўсіх стаў: як тып, як характар, як чалавек... Нікановіч. У мове кожнага гогалеўскага тыпа паслядоўна раскрываецца мастацкі вобраз з усімі яго выгінамі і мадуляцыямі. «Полымя».

6. ‑а. Асобны чалавек, індывідуум, які вылучаецца сярод іншых характэрнымі рысамі. У гэты момант Панасюк цікавіў Барукова проста ўжо як тып. Васілевіч.

7. ‑а. Разм. Чалавек, звычайна з адмоўнымі рысамі, уласцівасцямі, да якога ставяцца пагардліва. — Асцярожней, хлопцы, той тып небяспечны, — на хаду папярэдзіў адзін дружыннік. Хадкевіч. [Рыбалтовіч] вучыўся ў беларускай гімназіі і здаваўся нам тады вельмі адукаваным і разумным чалавекам, нават бальшавіком. А потым справа з гэтым тыпам праяснілася. Брыль.

8. ‑у. Від, разнавіднасць чаго‑н. Рад асаблівасцей у скланенні назоўнікаў жаночага роду з асновай на зычны вылучае іх у асобны тып са сваёй спецыфічнай парадыгмай, якая ў значнай ступені характарызуецца сумяшчэннем старажытных і новых, набытых пад уздзеяннем граматычнай аналогіі, канчаткаў. Гіст. бел. літ. мовы. У адказ на жыццёвыя запатрабаванні пачынаюць з’яўляцца розныя тыпы слоўнікаў. Суднік. Многія меладычныя тыпы каляндарных украінскіх песень, у сваю чаргу, сустракаюцца ў песнях, якія бытуюць па ўсёй Беларусі. «Беларусь». // Узор, з’ява.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)