Ара́ць, дыял. формы: гараць, ораты, орати, гораты пашыраны ва ўсіх гаворках Беларусі, за выключэннем паўночнавіцебскіх, усходнемагілёўскіх і гомельскіх (Арашонкава–Мурашка, Бел. мова, 107). Рус. дыял. орать, укр. орати, польск. orać, чэш. orati, славац. orať, в.-луж. worać, н.-луж. woraś (палаб. våronă ’воранае’), балг. ора́, серб.-харв. о̀рати, славен. oráti. Ст.-слав. орати. Літ. árti, лат. ar̂t, лац. arare, грэч. ἀρόω і г. д. І.‑е. *ar(ə)‑ ’араць’ (Покарны, 62–63), паводле Шпехта (KZ, 68, 42²), звязана з *erə‑ ’раздзяляць’ (першасна ’раздзяляць зямлю’). Фасмер, 3, 148, дзе іншая літаратура. Ад араць утвораны шэраг назоўнікаў, што абазначаюць працэс, тэрыторыю, час: аралля, аральба, араллё, араво, орыва, ворыва, арання, арацьба, араннік, аратар, аратнік, аратняк, аральбіт, арач, арэц, аратай і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прара́мак1 ’вузкая палоска зямлі, лесу’ (Ян.). Адпаведнікі стараж.-рус. раманы ’густы лес; лес, які мяжуе з палямі’, рама ’ўскраінная вобласць’, усх. і паўн. решенье ’рубеж, край раллі, які ўпіраецца ў лес’, ст.-рус. рама ’рубеж, граніца; ралля, якая мяжуе з лесам’, раменье ’лес па краю раллі, узлессе’, рамьнь ’моцны, бялізны’. Фасмер (3, 440) звязвае гэту групу слоў са стараж.-рус. рамяный ’багаты, моцны’, рус. ц.-слав. рамѣнь ’гвалтоўны, моцны’. Ільінскі (ИОРЯС, 23, 1, 179) параўноўваў са ст.-ісл. rót ’корань’, якое, далей, роднаснае лац. retdix ’тс’, ramus ’галінка’ (Вальдэ-Гофман 2, 415). Па фармальных і семантычных паказчыках найбольш пераканаўчым з’яўляецца тлумачэнне Аткупшчыкова (Из истории, 197) аб роднасці славянскіх слоў літ. armuo ’ралля’, лац. armen‑tum ’рабочая скаціна (тая, якая выкарыстоўваецца на раллі)’. Яны вызначаюцца як і.-е. дэрываты на теп‑ ад асновы, прадстаўленай у ст.-рус. орати, літ. arti ’араць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Склад1 ‘месца захоўвання (тавараў, матэрыялаў і пад.)’, ‘састаў’, ‘стан’, ‘постаць, целасклад’, ‘манера, спосаб выказваць думкі, гаварыць, пісаць’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Байк. і Некр., Варл., Янк. 3., ТС, Сл. ПЗБ), ‘лад, логіка, стройнасць’ (Пятк. 2), ‘штабель дроў’ (Шатал.), ‘павець’ (Сл. ПЗБ), скла́дзік ‘кладоўка’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Жд. 1), склада́нец ‘постаць, целасклад’ (Ян.), ст.-бел. складанка ‘збор, даход’ (Ст.-бел. лексікон). Аддзеяслоўны дэрыват ад скласці, складу < класці (гл.). БЕР (6, 754) на падставе агульнаславянскага распаўсюджання, параўн. рус. склад, польск. skład, чэш. sklad і г. д. узнаўляе прасл. *sъkladъ, але гэта няпэўна з прычыны прадуктыўнасці словаўтваральнай мадэлі. Значэнне ‘састаў’, магчыма, калька польск. skład ‘тс’, але яе практычна нельга адрозніць ад уласнабеларускага ўтварэння; аналагічна значэнне ‘спецыяльнае памяшканне’, што для старабеларускай і рускай выводзіцца з польск. skład ‘magazyn’ (Віткоўскі, Słownik, 173; Гарбуль, Slavistica Vilnensis, 2004, 171).

Склад2 ‘адзінка вымаўлення, сілаба, частка слова’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Варл., Гарэц., Шат.; ашм., Стан.). Слова як лінгвістычны тэрмін з’явілася ў XIX ст. (Гіст. лекс., 250). Да складаць < класці; параўн. і рус. читать по складам ‘аб тым, хто яшчэ не ўмее бегла чытаць’, а таксама слог ‘склад’ < сложи́ть ‘скласці’.

Склад3 ‘дзве барозны ворыва, пласты якіх пакладзены адна на другую’ (Шат., Шатал., Сцяшк., Дэмб., Юрч., Янк. 3., ТС, Сл. ПЗБ, Выг., Варл., Стан., Жыв. сл.), ‘узараны загон з двайной баразной пасярэдзіне’ (Яшк.), ‘частка загона’ (гом., Нар. словатв.). Укр. орати у склад ‘араць, пачынаючы з сярэдзіны загона такім чынам, што пласты кладуцца ўсярэдзіну’, чэш. orati do skladu ‘тс’, польск. skład ‘сярэдняя ўзвышаная частка загона’, славац. sklad ‘тс’, серб.-харв. скла̑д ‘склад’. Этымалагічна тое ж, што і склад1. Спецыяльна гл. Махэк₂, 251–252.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)