сцепану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм. Раптам здрыгануцца, уздрыгнуць, скалануцца. Ніка сцепанулася можа ад лёгкай жуды, можа ад холаду. Караткевіч. Міця спалохана сцепануўся, нібыта яго нехта піхнуў у спіну. Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цырк, ‑а, м.

1. Від тэатральнага мастацтва, які ўключае акрабатыку, эквілібрыстыку, жангліраванне, клаунаду, эксцэнтрыку, дрэсіроўку жывёл і пад. У цырку, у трэцім аддзяленні, Назарава давала прадстаўленне, — Вялізных тыграў утаймоўвала яна. Корбан.

2. Будынак з амфітэатрам і арэнай, прызначаны для цыркавых паказаў; установа, якая арганізуе такі паказ. Калі пабачыў акрабатаў у цырку, дык яны так ачаравалі яго, што ў Ніка нарадзілася мара стаць калі-небудзь сапраўдным акрабатам. Лынькоў.

[Лац. circus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непаслухмя́ны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які не слухаецца, не жадае слухаць каго‑н.; які дзейнічае насуперак. Часам на Ніка як бы нешта находзіла, і ён станавіўся дзёрзкі, грубы і непаслухмяны. Лынькоў. Арцём — чалавек непаслухмяны, гарачы. Бажко. / у знач. наз. непаслухмя́ны, ‑ага, м.; непаслухмя́ная, ‑ай, ж. Маці войкала, нават біла непаслухмяную, але Соні — мора па калена. Лось. // Які не падпарадкоўваецца волі, жаданню, розуму. Ногі раптам сталі непаслухмянымі. Мележ. Ад доўгага сядзення цела зрабілася нібы чужым, непаслухмяным. Шыцік. // перан. Які не паддаецца або з цяжкасцю паддаецца якому‑н. уздзеянню. Рукой нябачнай вецер тузае Непаслухмяных пасмаў чуб. Макаль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзёрзкі, ‑ая, ‑ае.

1. Непачцівы, грубы; нахабна-задзірлівы. Дзёрзкі адказ. □ Дрэнны ён хлопец: навошта было так крыўдзіць матку, казаць ёй такія дзёрзкія словы? Колас. Часам на Ніка як бы нешта находзіла і ён станавіўся дзёрзкі, грубы і непаслухмяны. Лынькоў.

2. Вельмі смелы, абыякавы да небяспекі. — Хто думае наступаць, той заўсёды клапоціцца наконт разведкі: мабільнай, гібкай, разумнай, а калі трэба — дзёрзкай. Алешка. // Поўны смелых, упэўненых парыванняў. Якая багатая ноч! І як добра, што я гашчу ў цябе, радзіма мая, — дзёрзкая, свежая і дужая, як маладосць. Скрыган. Нам партыя дала І смелы дзёрзкі розум, І дум высокі ўзлёт, І веліч ясных мэт. Звонак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калані́ца1 ’калёсная мазь’ (ТСБМ, РБС–82, Сл. паўн.-зах.), каланіца ’адпрацаваная каламазь’ (Бяльк., Гарэц., Касп., Мат. Гом., Сержп., Шат.; маладз., Янк. 1; Яшк.), ’загусцелы дзёгаць’ (лаг., КЭС), ’выгарэлы ў коле дзёгаць’ (Нас.), ’размоклая дарога, багна, бруд’ (слаўг., Яшк.). Сюды ж каланічына ’месца здабывання каланіцы — дзёгцю для змазвання колаў’ (Яшк.). Укр. усх.-палес. каланіца ’мазь, якой змазваюць восі колаў і іншых дэталей у возе’, рус. зах.-бран. каланица ’дзёгаць для змазвання колаў; густы дзёгаць на колах’, пск., бран. колоница ’дзёгаць’, велікалук., пск. ’дзёгаць самай дрэннай якасці’, пск. ’ачышчаны дзёгаць’, халмаг., пск. ’дзёгаць для змазвання колаў’, апоч., пск. ’вадкі сасновы дзёгаць, смала’, смал., кур. ’дзёгаць, змешаны з пылам на колах і восях’, кур., дан., варонеж. колоника ’дзёгаць, смала, змешаная з пылам на колах і восях’, бран., смал., арл., калуж. ’найбольш дрэнны гатунак дзёгцю’. Лексема адзначана ў розных бел. гаворках, апрача паўдн.-зах. Разам з тым лінгвагеаграфічны крытэрый у канкрэтным выпадку не вельмі істотны, паколькі ілюстрацыі ў слоўніках сведчаць аб культурным характары слова, што дапускае яго лёгкае пранікненне ў розныя гаворкі. Паходжанне слова не вельмі яснае: магчыма, найбольш верагодным з’яўляецца найпрасцейшы варыянт — утварэнне ад кола (Даль) з суфіксам ‑ніца (ніка ў рус. прыкладах), гістарычна, відаць, складаным. Пацвердзіць такі варыянт тлумачэння можа рус. калін. колесня ’калёсная мазь’. Распаўсюджанне слова на ўсх.-слав. тэрыторыю сведчыць пра сумесную бел.-рус. інавацыю або, калі гэта позняе ўтварэнне, толькі пра бел. інавацыю (у рус. гаворках коло, паводле Даля, адзначаецца ў бел. і ўкр. зонах). Іншыя версіі, якія можна прапанаваць (аб сувязі з каліць, каляць ’змазваць’, або каляны ’запэцканы’, або каліць : акаліна ’нагар’), менш верагодныя, паколькі патрабуюць дапушчэння нерэгулярных фанетычных змен і не вельмі надзейныя паводле семантычнага крытэрыю. Аднак і вышэй прапанавання інтэрпрэтацыя словаўтварэння не бездакорная. У бел. гаворках таксама адзначана колоница «прямостороннее ведрышко для дегтя» (Нік. Очерк.). Калі параўнаць гэта слова з рус. деготница, мазница, можна дапусціць, што яно ўтворана такім жа чынам. Рус. лексемы двухсэнсоўныя па магчымай дэрывацыі, тут або вытворныя ад деготь і мазь, або семантычныя кандэнсаты. Калі дапускаць апошняе, для разглядаемага слова можна рэканструяваць рус. значэнне ’калонная мазь’, для колонна, колонка тэхнічны тэрмін у дзягцярнай справе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

захапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., каго-што.

1. Узяць, схапіць (рукамі, пальцамі і пад.) якую‑н. колькасць чаго‑н. Цётка Малання касцістай учэпістай рукою захапіла поўную жменю аўсяных сцяблоў і парывіста, са злосцю, разанула сярпом. Мележ. // Абхапіць. Васіль .. захапіў у абдым[кі] абодвух сыноў і прыціснуў да сябе. Кавалёў.

2. Узяць, прыхапіць з сабою. У дзеда Талаша была раней думка захапіць з сабою воўчую шкуру: дужа было б цікава падаць умоўлены знак іменна ў воўчай шкуры. Колас. [Ларыса] захапіла з сабой палку .. і, як ластаўка, выпырхнула за дзверы. Даніленка.

3. Узяць, авалодаць сілай. Захапіць уладу. □ Ведалі кулямётчыкі.. любоў камбрыга да тэхнікі і таму стараліся не псаваць яе, калі можна было захапіць непашкоджаную. Шчарбатаў. // Затрымаць сілаю, пазбавіць волі. Захапіць у палон. □ Партызаны захапілі бадай палавіну афіцэраў штаба. Лынькоў. // Апярэдзіўшы іншых, узяць што‑н. сабе, авалодаць чым‑н. Захапіць ініцыятыву. □ Хлопцы, каб захапіць месца на бярвенні, спяшаліся. Вітка.

4. Заняць, ахапіць сабой што‑н., распаўсюдзіцца на што‑н. Чорныя крылы хмары захапілі ўсё неба. Даніленка. // Пашырыцца на пэўны прамежак часу. Пахаладанне захапіла пачатак чэрвеня.

5. перан. Вельмі зацікавіць, прымусіць поўнасцю аддацца якой‑н. справе. Заняткі так захапілі, што лётчыкі не заўважылі, як хутка прабег час. Алешка. Бурная будаўнічая праца захапіла Сцяпана Ягоравіча. Корбан. // Завалодаць, ахапіць, узрушыць (пра пачуцці, думкі і пад.). Розныя мыслі аб школе займалі Лабановіча і раней. Цяпер яны захапілі яго яшчэ з большай сілай. Колас. Юнацкія ўражанні глыбока запалі ў яго свядомасць, захапілі сваёй веліччу і гераізмам. Арабей.

6. перан. Завалодаць увагай, зачараваць каго‑, што‑н. [А. Александровіч] умеў захапіць аўдыторыю. Хведаровіч. Міжвольна захапіла іх вадзяная шыр, лёгкае, п’янае паветра і гулкі, святочны настрой.. публікі. Гартны.

7. Разм. Застаць; заспець. Стары Якуб Сакалоўскі не захапіў ні свайго двара, ні хаты, ні хлявоў — на іх месцы было папялішча. Лупсякоў. Мы заўважылі і Ніка, які бег таксама разам з усімі. Яго, як і нас, хваля захапіла на беразе. Лынькоў. Ніну вайна захапіла ў піянерскім лагеры. Васілевіч.

•••

Дух (дыханне) захапіла — тое, што і дух (дыханне) заняло (гл. заняць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)