Наўз- (наўс‑) у прыслоўях тыпу наўздагон ’следам’, наўзбоч ’збоку’, наўскрыж ’накрыж’, наўскасы ’наўкос, коса’ і пад., сінанімічных адпаведным прыслоўям з на- або уз‑ (ус‑), параўн. наўздагон/уздагон, наўскрыж/накрыж і пад., часам мае тое ж значэнне, што і прэфіксальны комплекс наў- (гл.) у прыслоўях, параўн. наўдагон, наўкры́ж і інш. У многіх выпадках можа разглядацца як вынік кантамінацыі аднакарэнных прыслоўяў з на- і уз‑ (ус‑): надоўж × уздоўж = наўздоўж, накрай × ускрай = наўскрай, пры гэтым створаны ўмовы для фарміравання комплексу наўз‑ (наўс‑), які ў далейшым стаў ужывацца незалежна ад наяўнасці адпаведных прыслоўяў або паралельна з імі, параўн. наўзрост ’навыраст’ (ТС), наўспрамік ’напрасткі’ (Янк. Мат.) і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наў- у прыслоўях тыпу наўбе́жкі ’бягом’, наўго́н ’наўздагон’, наўдага́д ’наўгад’, наўкруг ’кругом’, наўкры́ж ’накрыж’ і пад. Звычайна па значэнню адпавядае прыстаўкам на- ці ў‑ і выкарыстоўваецца як іх семантычны эквівалент, параўн. паўпрамік//напрамік; наўшчэнт//нашчэнт//ушчэнт; наўкруг//укруг, або з’яўляецца «пустым» элементам, параўн. наўпроціў//проціў. У многіх выпадках утварэнні з наў‑ могуць разглядацца як вынік кантамінацыі прыслоўяў з пачатковымі на- і y‑, што, відаць, і стварыла ўмовы для ўзнікнення названага прэфіксальнага комплексу, параўн. напрамую × упрамую = наўпрамую; накася́к × укася́к = наўкася́к і г. д. Параўн. наўз-.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)