Нашу́шкацца, нашуштацца ’многа надзець на сябе’ (ТС, жытк., Жыв. сл.). Да шу́шкацца ’апрануць на сябе шмат’ і ’поркацца, шамацець, шаптацца’, параўн. нашу́шкацца ’нагаварыцца шэптам’ (Нас.), а таксама рус. нашу́шкаться, начу́чкаться ’многа на сябе адзець’ (дан., СРНГ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нашэ́шкацца ’многа адзець на сябе’ (ТС). Параўн. славен. našeškati ’пабіць, адлупцаваць’, што, магчыма, сведчыць у карысць вядомай семантычнай мадэлі ўтварэння экспрэсіўных дзеясловаў, гл. нашу́шкацца; зыходным мог быць дзеяслоў тыпу шашчэць ’трашчаць, храбусцець’, відаць, звязаны з шастаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ашу́шкацца ’надзець на сябе многа адзежын’ (Нас., Чач., КЭС, лаг.), ошушкацца (КСТ), абшушкацца ’цёпла адзецца’ (КСП), ушушкацца (Бір. Дзярж.), нашушкацца (таўбц., жыт., петрык., брагін., Цыхун, вусн. паведамл.). Ад шушкацца ’цёпла апранацца, укрывацца’, што звязана з шушкацца ’капацца, шастаць; паволі і ціха што-небудзь рабіць’, да семантыкі параўн. копша ’занадта цёпла адзеты чалавек; той, хто капаецца, павольна працуе’, параўн. варыянты з х і ст у корані: нашухацца ’адзецца цёпла і многа’ (КСТ) і нашуштацца (нашустацца) ад шухацца, шустацца (па тэрміналогіі Махэка — «ch‑» і «st‑intensivum», параўн. чэш. ošoust, ošusta ’абарванец’ і славац. ošuchaný ’абарваны’, гл. Махэк₂, 619, 629), што можна разглядаць як вынік кантамінацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)