На́маразень ’падоўжны брусок, які набіваецца на капылы ў санях’ (Сл. ПЗБ; карэл., Нар. лекс.), на́маразні мн. (шчуч., Сцяшк. Сл.; Сл. ПЗБ; Сержп. Грам.), на́марзень (ТСБМ), на́марзня, на́мерзня (Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), на́марзні (Бяльк., Сл. ПЗБ), на́мярзні (Сл. ПЗБ), на́морожэнь, на́морозень (Маслен.), на́маражня, на́морожня (Мат. Гом., Маслен.; лунін., Шатал.; ельск., КЭС; Сл. ПЗБ, ТС), на́маражні (Пятк., Сл. ПЗБ), на́маржні (Сл. ПЗБ), намарзня ’вяровачная пятля на капыл саней, якой прымацоўваецца аглобля’ (дзярж., Нар. сл.), укр. на́морозень, на́моржень, рус. сіб. на́морзни, на́морожни. Цікавы выпадак народнай этымалогіі, якая грунтуецца на іншай назве дэталі саней, параўн. усту́жьіна ’вязок у санях на першых капылах’ (гарадоц.., Нар. лекс.), палес. сту́зэнь, сту́жені, сту́дні ’тс’ (Маслен.), рус. сту́жень ’вязок, пры дапамозе якога гнутыя высокія галоўкі палазоў прымацаваны да першых капылоў у санях са стуженем або ўсходнееўрапейскіх санях’ (гл. Вийрес, Из истории саней в Прибалтике//Проблемы этнич. истории балтов. Тезисы межресп. конф. Рига, 1985, 129). Элемент стуж‑ (студ‑), што паходзіць ад сту́га ’палоска, сувязь, мацаванне’ (< *sъtǫga да тугі́, ця́га, цягну́ць, гл. Фасмер, 3, 786), быў атаясамлены з адпаведным элементам у стуж‑а ’сцюжа’, стуж‑ны ’халодны’, у выніку чаго стала магчымай яго субстытуцыя (замена) блізкім па сэнсу элементам мароз і стварэнне паўкалькі на́маразень, дзе прэфіксацыя на- адлюстроўвае надзяванне дэталі зверху на капыл, а суфіксацыя, як у стужень, параўн. той жа словаўтваральны тып у іншай назве дэталі — на́даўбень (гл.), у якім адлюстравана «тэхналогія» вырабу дэталі. Можна меркаваць, што магчымасць для дээтымалагізацыі назваў са стуж‑ узнікла ў выніку замены скручаных з гібкіх прутоў вязоў «даўбанымі» вязамі, якія ўжо не сцягвалі капылы з галоўкамі, параўн. палес. сцягі, усцяглі — іншыя назвы разглядаемай дэталі. Знешнім стымулам для стварэння паўкалькі стаў вобраз з намярзаючага на дэталь снегу ці льду, параўн. на́морожня ’намаразь’ (ТС). У плане адноснай храналогіі назва намаразень больш новая ў параўнанні з назвамі на стуж‑ і сцяг‑, аднак больш старая за назвы тыпу на́даўбень, на́дубень і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́дубеньнамаразень’ (свісл., Шатал.). З *на‑дълб‑ень, гл. кадаўба, відаць, збліжанае з дуб (бо часцей рабілася з дуба?), ці пераасэнсаванне ўнутранай формы тэрміна на‑мараз‑ень з наступным калькаваннем, параўн. надубецца ’намерзнуцца’ (Сцяшк. Сл., Сцяц.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́біржына ’вузкая дошка, што накладваецца на капылы паверх вязаў’ (смарг., Шатал.). Відаць, да бераг ’край’, параўн. іншую назву той жа дэталі — наберажня (гл.); дэфармацыя і дээтымалагізацыя можа быць звязана з уплывам дзеяслова тыпу літ. biržyti, сярод значэнняў якога сустракаецца і ’лупіць, біць, сцябаць’, што адпавядала б унутранай форме іншай назвы гэтай дэталі — на́плестка (ад пляскиць?), або назоўнікаў тыпу biržlis ’бярозавая галінка’ ці beržinė ’бярозавы дубец’, што можна разглядаць як іншую версію паходжання слова, бо першапачаткова названую дэталь у санях маглі рабіць са скручаных бярозавых дубцоў, параўн. намаразень (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)