віртуо́з, а, м.

Артыст (звычайна музыкант), які выдатна валодае тэхнікай свайго мастацтва. Віртуоз-скрыпач. // Чалавек, які дасягнуў вышэйшай ступені майстэрства ў сваёй рабоце. У паэме «Пан Тадэвуш» Міцкевіч паказаў сябе майстрам-віртуозам. Лойка.

[Іт. virtuoso.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэвалюцыяне́р, а, м.

Удзельнік рэвалюцыйнага руху, дзеяч рэвалюцыі. Мядзведзеў быў стары прафесійны рэвалюцыянер, з вялікім вопытам падпольнай работы, і сапраўды незвычайна красамоўны прамоўца. Машара. // Той, хто робіць пераварот у якой‑н. галіне (навуцы, тэхніцы, мастацтве). АМіцкевіч — рэвалюцыянер у паэзіі і ў жыцці. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пля́цка ’удар па целу плоскім прадметам, які суправаджаецца асаблівым гукам’ (Нік. Очерки; Нас.). Параўн. польск. placka ’скураны кружок на палцы, прызначаны для забівання мух’, якое (паводле Банькоўскага, 2, 595) увёў АМіцкевіч замест раска < pacnąć ’ляснуць’ < чэш. plácnout ’ляпнуць, пляснуць, шлёпнуць’. Відаць, гукапераймальнае. Параўн. пля́цкаць ’чвакаць, чмякаць разжаванай ежай’ (полац., Нар. лекс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аплята́ць1. Гл. плесці.

Аплята́ць2 ’прагна есці’. Рус. уплета́ть і оплета́ть, укр. оплітати ’тс’. Магчыма, звязана з народным выкарыстаннем аплеценых гаршкоў, параўн. аплятанік ’гліняны гаршчок, аплецены дротам’ (Інстр. I), аплятаць гаршчок ’закончыць яго’ (У. АМіцкевіч, вусн. паведамл.). Магчыма, звязана з плоць ’цела’, параўн. рус. сіб. плетево ’стан, талія чалавека’ > *оплетати ’набываць плоць, стан’?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

імправізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што і без дап.

Стварыць (ствараць) што‑н. без папярэдняй падрыхтоўкі, у час выканання, на хаду. Імправізаваць верш. □ Адам Міцкевіч, як народныя казачнікі і спевакі, уладар незвычайнай здольнасцю імправізаваць. Лужанін. Гэта было такое шчырае, такое сардэчнае выказванне сапраўднага замілавання да прыроды, што, здавалася, .. [Кася] не чытае, а імправізуе тут, у гэтым харастве. Дубоўка.

[Ад лап. improvisus — непрадбачаны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Весяліць ’рабіць вясёлым, забаўляць, выклікаць весялосць’, сюды ж весяліцца ’рабіцца вясёлым’ (КТС, БРС, Касп.), укр. веселити(ся), рус. веселить(ся), ст.-рус. веселити (з XII ст.), польск. weselić (выходзіць з ужывання) ’весяліць, цешыць, радаваць’, weselić się ’весела праводзіць час, радавацца’ (ужывае АМіцкевіч), в.-луж. wjeselić so ’радавацца’, чэш. veseliti se ’быць вясёлым, весяліцца’, славац. veseliť sa ’забаўляцца, радавацца, весяліцца’, славен. veséliti ’рабіць задавальненне, весяліць, радаваць, захапляць, быць мілым’, veselíti se ’радавацца, весяліцца, забаўляцца’, серб.-харв. весѐлити(се) ’тс’, макед. весели(се) ’весяліць’, балг. веселя(се), ст.-слав. веселити ’тс’. Праславянскі дзеяслоў, які выражае стан, утвораны ад veselъ (гл. вясёлы) і суф. ‑iti.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прызва́нне, ‑я, н.

Унутраная цяга і здольнасць да якой‑н. справы, прафесіі. Але прызванне Максімкі было не ў гэтым. Музыкай ён займаўся толькі ў час адпачынку, а больш за ўсё яму хацелася будаваць. Гурскі. З фельчарскімі абавязкамі вы спраўляецеся някепска, але мне здаецца, што па прызванню вы ўсё ж не медык. Арабей. Арганізоўваць, камандаваць — гэта .. [Сцёпкава] прызванне, яго стыхія. Жычка. // Прызначэнне. — Знаеце, што я вам скажу, Міцкевіч? — узрушана прамовіў Кудрынскі. — Беларускі верш — вось ваша сапраўднае прызванне! С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трактава́ць 1, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

1. Разглядаць, расцэньваць якім‑н. чынам. [П’еса А. Маўзона «Пад адным небам»] у вострай палемічнай форме трактуе актуальныя праблемы сучаснасці. Рамановіч.

2. Даваць тлумачэнне чаму‑н., тлумачыць. Трактаваць закон. // У літаратуры, мастацтве — разумець, тлумачыць пэўным чынам (сюжэт, тэму, вобраз і пад.). Міцкевіч гаворыць, напрыклад, што Пранціся Пустарэвіча, ролю якога яму даводзілася выконваць, трактавалі толькі як прапойцу, не ўваходзячы ў сацыяльную сутнасць гэтага вобраза. «Беларусь».

трактава́ць 2, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго.

Абл. Частаваць. Браты падхапілі ведзьму Барабаху на рукі, панеслі ў шацёр, пачалі частаваць-трактаваць. Есць ведзьма Барабаха, п’е. Якімовіч. // Абдорваць. А Свіда рад быў, рад, вядома: Рублём Міхала ён трактуе, Цыгарай хвацкаю частуе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сало́н 1, а, м.

1. Парадная гасціная або зала для прыёму гасцей у арыстакратычным доме. // Камфартабельна абсталяванае памяшканне для пасажыраў па параходзе, у поездзе, а таксама агульная гасціная ў атэлі, гасцініцы і пад. У музыкальным салоне На цеплаходзе «Латвія» Сабраліся пасажыры — Вандроўнікі знатныя. Калачынскі.

2. Літаратурны або грамадска-палітычны гурток з вядомых асоб арыстакратычнага асяроддзя, якія пастаянна збіраліся ў прыватным доме. Міцкевіч быў у салоне Саламеі Бэкю, прысвяціў гаспадыні верш і прыхільна адгукнуўся аб паэтычных практыкаваннях яе сына. Лужанін.

3. Зала для дэманстрацыі і продажу прадметаў гандлю. Салон жаночага адзення. Салон абутку. // Магазін мастацкіх вырабаў і твораў мастацтва. Разоў з пяць абышла.. [Муза Сымонаўна] салон, аднак усе карціны здаваліся ёй не такімі, якую б хацеў мець у сваім кабінеце Пятро Іванавіч. Арабей.

4. Памяшканне для пасажыраў у аўтобусе, тралейбусе і пад. У салоне самалёта было прасторна і светла. Хадкевіч.

5. Зала, памяшканне спецыяльнага прызначэння. Дамскі салон-цырульня.

•••

Салон-вагон — пасажырскі вагон, у адной палавіне якога размешчаны купэ, а ў другой — агульная зала для пасажыраў.

[Фр. salon.]

сало́н 2,

гл. салоны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спа́дчына, ‑ы, ж.

1. Маёмасць, гаспадарка, якая пасля смерці ўладальніка пераходзіць у чыю‑н. уласнасць. Сын палічыў, што бацька загінуў на вайне, прадаў і прагуляў бацькоўскую спадчыну. Машара. Ён [дзед] памёр пад шум асенніх траў, Толькі стрэльбу ў спадчыну пакінуў. Танк. // перан. Разм. Пра тое, што пераемна пераходзіць ад папярэдняга да наступнага. У Ніны быў самавар — не свой, нечая спадчына па кватэры. Лобан. / Пра ўласцівасці, схільнасці, пачуцці і пад. У маіх руках не кол, а кулямёт, А ў спадчыну ад прадзеда — адвага. Панчанка. З песняй той да Радзімы любоў Назаўжды дасталася мне ў спадчыну. Нядзведскі. // Разм. Тое, што пакінута папярэднікам у якой‑н. галіне дзейнасці, майстэрстве, справе. Сваё будаўнічае майстэрства цесляры звычайна перадавалі ў спадчыну нашчадкам. «Помнікі». [М. Багдановіч] памёр сталым майстрам. Яго спадчына адразу ж стала нашай класікай. Гілевіч.

2. З’явы культурнага жыцця, быту, якія ўспрыняты ад папярэдніх дзеячаў, ад мінулых часоў. Культурная рэвалюцыя ўключае: усеагульнае пашырэнне пісьменнасці, а затым і навуковых ведаў сярод працоўных, крытычнае асваенне культурнай спадчыны, набытай чалавецтвам, і стварэнне больш высокай культуры — нацыянальнай па форме і сацыялістычнай па зместу. «Звязда». Пэўная лінгвістычная спадчына засталася, і ў гісторыі навукі аб мове беларускага народа яна займае прыкметнае месца. Суднік. Міцкевіч пакінуў багатую спадчыну. Лойка.

3. Спец. Пераход маёмасці памёршага да яго наследнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)