Міха́сь

назоўнік, уласны, адушаўлёны, асабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. Міха́сь Міхасі́
Р. Міхася́ Міхасё́ў
Д. Міхасю́ Міхася́м
В. Міхася́ Міхасё́ў
Т. Міхасё́м Міхася́мі
М. Міхасю́ Міхася́х

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

падле́так, ‑тка, м.

Хлопчык або дзяўчынка ў пераходным ад дзяцінства да юнацтва ўзросце (ад 12 да 16 гадоў). Каля вогнішча сабралася дзятвы і падлеткаў мала што не з ўсяе вёскі. Васілевіч. Сёння вярнуўся з лесу малодшы Міхасёў брат Мікола, падлетак гадоў дванаццаці. Машара. Партызанскі разведчык, хоць ён і падлетак, павінен быць гатовы да ўсяго. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закусі́ць 1, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак., што.

1. Заціснуць зубамі. Хлапчук закусіў ніжнюю губу і зірнуў спадылба на бацьку. Пальчэўскі. Зося зрабіла крок наперад, потым закусіла рог хусткі і пачала яшчэ пільней углядацца. Лупсякоў.

2. Разм. Адкусіўшы частку чаго‑н., пакінуць рэшту недаедзенай; надкусіць. Закусіць яблык.

•••

Закусіць цуглі — а) перастаць падпарадкоўвацца (пра каня). Калі пачалі рвацца першыя снарады, Міхасёў конь, спалоханы выбухамі, закусіў цуглі і панёсся, як шалёны, у лес. Машара; б) перан. Ісці напралом, дзейнічаць без аглядкі, ні з чым не лічачыся.

закусі́ць 2, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак.

1. што, чым і без дап. Заесці што‑н. выпітае або з’едзенае. Закусіць горкае салодкім. □ [Кірыла і Тарас] выпілі па чарцы і закусілі цыбуляй. Гурскі.

2. Разм. Крыху паесці, перакусіць (у 2 знач.).

•••

Рукавом закусіць — выпіўшы, нічога не з’есці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мя́ккі, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўгінаецца пры націсканні, не робіць уражання цвёрдасці, шчыльнасці пры датыканні; няжорсткі, няцвёрды. Лёг Янка на мяккую пасцель і заснуў як забіты. Якімовіч. Сцежка была мяккая, тарфяная, мялася пад нагамі і скрадвала шум крокаў. Чорны. // Тонкі, шаўкавісты, эластычны (пра валасы, шэрсць, матэрыю і г. д.). Мяккая воўна. Мяккі лён. Мяккі хром. □ [Аксеня] апусцілася над.. [Янам] на калені, заглянула ў твар, ласкава пагладзіла яго мяккія валасы. Пестрак. // Далікатны, не грубы. Нечакана нечыя мяккія і цёплыя пальцы ласкава прыкрылі вочы. Шыцік.

2. Які лёгка паддаецца апрацоўцы, лёгка змяняе форму пры сцісканні; проціл. цвёрды. Мяккая марка сталі. Мяккая гліна. □ Лясны грунт мяккі, падатлівы. Рыдлёўка ідзе ў зямлю добра. Ставер. Мароз адпаў, снег быў мяккі і не рыпеў пад нагамі. Паўлаў. // Свежы, нячэрствы. Мяккі пірог. Мяккі хлеб.

3. перан. Прыемны для ўспрымання; не рэзкі. Голас быў у Цярэшкі прыемны, мяккі і такі шчыры, што ішоў, здавалася, ад самога яго сэрца. Краўчанка. Лямпа з сінім абажурам залівала мяккім святлом стол і паперы. Карпюк. На дварэ дзьмуў мяккі вецер, ціха шумеў у лісцях клёнаў, што акружалі казармы. Дудо. // Плаўны, павольны. Мяккая хада. Мяккія рухі. □ Некаторыя [людзі] кінуліся адразу назад, ад штабеляў, ад берага, туды, .. дзе хадзілі пад сонцам мяккія, жытнія хвалі, дзе ўтульна зелянеў ускраек лесу. Лынькоў. // Ціхі, прыглушаны; ледзь чутны. Ад ракі даносіліся крыкі, смех, чуліся мяккія ўсплёскі вады. Дуброўскі. У калідоры пачуліся крокі. Асцярожныя, мяккія, як кашэчыя. Арабей.

4. перан. Некантрастны; не зусім выразны. Мяккія ружовыя цені калыхаліся між шэрых камяніц, раставалі ў зялёным змроку садоў. Лынькоў.

5. перан. Які лёгка паддаецца чужому ўплыву; хісткі, няўстойлівы. Мяккі «таварыш», проста як вата, Хоць куды хочаш яго запіхай. Крапіва. // Сардэчны, спагадлівы, чулы. Міхасёў бацька Лявон Архіпавіч быў чалавек мяккі, душэўны. Якімовіч. Калі .. [пісьменнік] пачаў гаварыць аб дзецях, аб якіх мала дбаюць бацькі, .. то некаторыя больш мяккія натуры ўцерлі слязу. Колас. // Які выражае сардэчную дабрату. Калі развіталіся за саўгасаўскім садам, Міша сказаў, і словы яго былі мяккія, добрыя: — Прыходзь часцяком, да нас. Баранавых.

6. Нястрогі, паблажлівы; проціл. суровы. Мяккі прыгавор. Мяккае абыходжанне.

7. перан. Пазбаўлены рэзкасці, грубасці; далікатны. У голасе разам з мяккім дакорам чулася зморанасць. Гарбук. Мяккі тон маёра адразу раззброіў.. [Пальчыка]. Дамашэвіч. [Панна Ядвіга] тварам была копіяй бацькі, толькі з болей мяккімі і дробнымі рысамі. Бядуля.

8. Цёплы, несуровы (пра клімат, пагоду і пад.). Мяккі клімат. □ Нават Клім Турок, самы стары ва Узлессі чалавек, не памятаў такой мяккай зімы. Шахавец.

9. Які вымаўляецца прыбліжэннем сярэдняй часткі языка да цвёрдага паднябення (аб зычных гуках). Мяккія зычныя.

•••

Мяккая вада гл. вада.

Мяккая мэбля гл. мэбля.

Мяккая пасадка гл. пасадка.

Мяккі вагон гл. вагон.

Мяккі знак гл. знак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)