Ма́ўра, маўра́ ’раска, Lemna L.’ (Весці, 1969, 4; 1972, 1; паст., смарг., Сл. ПЗБ), ’разнавіднасць урэчніку, Potamogeton L.’ (астрав., шальч.), шальч. ’вадзяная зараза, Elodea canadensis Rich.’ (Oi. ПЗБ). Балтызм. Параўн. літ. máuras, mauraĩ ’раска, вадзяная расліна’, лат. maura, maũrs ’дзірван, трава (і мох) на страсе’ (Лаўчутэ, Балтызмы, 120; Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 3, 46).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ма́ўр

назоўнік, агульны, адушаўлёны, асабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. ма́ўр ма́ўры
Р. ма́ўра ма́ўраў
Д. ма́ўру ма́ўрам
В. ма́ўра ма́ўраў
Т. ма́ўрам ма́ўрамі
М. ма́ўру ма́ўрах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2023, актуальны правапіс)

мавр ист. маўр, род. ма́ўра м.;

мавр сде́лал своё де́ло, мавр мо́жет уйти́ книжн. маўр зрабі́ў сваю́ спра́ву, маўр мо́жа ісці́.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

нагляда́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Той, хто ўмее наглядаць (у 1 знач.). Абставіны прымусілі Саламона быць пастаянна насцярожаным і наглядальным. Бядуля. Ва ўсіх апавяданнях Я. Маўра ёсць захапленне старога наглядальнага і разумнага чалавека светам думак і пачуццяў дзіцяці. Кучар.

2. Які служыць для наглядання за кім‑, чым‑н. Лазячы на хвою, на наглядальны пункт, Міколка часта бачыў, як праходзяць зрэдку па Дняпры параходы. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паскупі́цца, ‑скуплюся, ‑скупішся, ‑скупіцца; зак.

Праявіць скупасць, празмерную эканомію. Мікодым, хоць і быў жмінда, на гэты раз не паскупіўся. Сабаленка. У нядзелю пайшла Маўра на базар прадаваць шчаўе... Да базары паскупілася пусціць дзешавей, прасядзела ледзь не да вечара. Сяркоў. — Сёння Амархан не паскупіўся, плоў прыгатаваў, — адказаў Мікола. Даніленка. // на што. Даць, выказаць мала чаго‑н. Паскупіцца на пахвалу. □ Але ж яшчэ не было такога, каб паляўнічы паскупіўся на фарбы для апісання велічыні той дзічы, якую ён упаляваў. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. прывёў, ‑вяла, ‑вяло; заг. прывядзі; зак.

1. каго-што. Ведучы, памагаючы ісці, указваючы шлях, даставіць куды‑н. Прывяла гусляра з яго ніўных сяліб Дворня князева ў хорам багаты. Купала. Раніцаю пасыльны штаба прывёў групу дзяўчат да зямлянкі камбрыга і загадаў чакаць. Шчарбатаў. Ніна Іванаўна, настаўніца, прывяла.. [новага вучня] у клас перад першым урокам. Арабей. // Кіруючы якім‑н. рухомым прадметам, якім‑н. сродкам перамяшчэння, даставіць куды‑н., давесці куды‑н. Прывесці машыну. □ У новым салдацкім шынялі, там-сям запэцканым машынным маслам у танку, які ён прывёў з Лепеля ў Гродна, Трахім ездзіў па вёсках. Корбан. — Марыся, — сказаў Дубіцкі, — прывядзі з каморы мой веласіпед. Чарнышэвіч.

2. каго-што. Пралягаючы ў пэўным напрамку, паслужыць шляхам куды‑н., даць магчымасць прыйсці куды‑н. (пра дарогу, сцежку, след і пад.). [Алесь] выбраў лыжню наўздагад. Праз хвілін дваццаць яна прывяла да невялічкай палянкі на ўзгорку. Шыцік. Саша і Данік дабеглі да пясчанага берага, куды прывялі сляды. Шамякін.

3. перан.; каго-што. Стаць прычынай, повадам для прыезду, прыходу куды‑н. — Трэба будзе сказаць, што вас сюды [у дэпо] прывяло, як вы думаеце працаваць? Гурскі. Я сеў, адразу растлумачыў, што прывяло мяне сюды, хто параіў кватэру. Ваданосаў. // Схіліць, давесці да якога‑н. вываду, рашэння і пад. Прывесці да заключэння. □ Велізарны жыццёвы вопыт, цяжкія нягоды, перажытыя ў час вайны, прывялі Янку Маўра да.. думкі пра тое, што шчасце — у жыцці, барацьбе, працы. Кучар.

4. перан.; каго-што і без дап. Давесці да якога‑н. выніку, выклікаць што‑н., паслужыць прычынай чаго‑н. Прывесці краіну да перамогі. □ — Марына тут ні пры чым, Міхаль Пятровіч, — спакойна адказаў Собіч.. — Але ж гэта можа прывесці да вялікіх непрыемнасцей і для яе і для нас... Скрыган.

5. каго-што. Давесці да якога‑н. стану, падаць які‑н. выгляд. Прывесці ў рух. Прывесці веды ў сістэму. □ [Грабок:] — Дапамажы нашым кавалям інвентар у спраўнасць прывесці, да вясны падрыхтавацца. Краўчанка. Каб падрыхтавацца, прывесці сябе ў адпаведны выгляд, я прыйшоў з работы нават трошкі раней. Ракітны. // Прымусіць перажыць якія‑н. пачуцці, стан і пад. Прывесці гледачоў у здзіўленне. Прывесці ў захапленне. □ Чаму іменна гэтая жанчына прыводзіць мяне ў такі ганебны страх, чаму ад позірку яе чорных праніклівых вачэй у мяне ўсё нямее і я губляю раўнавагу. Рамановіч. Упартасць Петруся прывяла Алёну ў замяшанне. Мележ.

6. каго. Разм. Даць жыццё каму‑н., нарадзіць (пра жывёлу). Перадавалі [па радыё] нават аб тым, што карова «Елка» прывяла двух бычкоў. Шамякін. [Назар:] — Гэта доечы сучка мая прывяла трое шчанят. Сачанка. // Разм. Нарадзіць. У той дзень стала вядома на ўсім двары, што ў «прыбудоўцы абарваная дзеўка прывяла дзіця і яно крыху неданошанае». Чорны.

7. што. Паведаміць што‑н. для падмацавання свайго меркавання, спаслацца на каго‑, што‑н.; працытаваць. Прывесці прыклад. Прывесці выказванне вучонага. □ — Прывяду па памяці хоць пару лічбаў і фактаў у адказ на вашы сцвярджэння.. Марціновіч. — Ногі — дугі. Значыцца — кавалерыст, — прыводзіць .. [цесць] пераканаўчы доказ свайго кавалерыйскага мінулага. Хомчанка.

•••

Прывесці да агульнага назоўніка — ураўнаваць рад прадметаў або з’яў, зрабіць іх падобнымі ў якіх‑н. адносінах.

Прывесці да ладу — тое, што і давесці да ладу (гл. давесці).

Прывесці да парадку каго — прымусіць весці сябе належным чынам.

Прывесці ў выкананне (прыгавор, рашэнне і пад.) — выканаць, здзейсніць.

Прывесці ў сябе (да памяці) — а) вывесці са стану непрытомнасці; б) вывесці са стану разгубленасць задуменнасці і пад. Гром апладысментаў прывёў.. [Любу] у сябе. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)