Лі́шка1 ’градка’ (пін., стол., Сл. Брэс.). Да ляха́1 (гл.).

Лі́шка2 ’няцотны лік’ (Нас., Гарэц., ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ; слонім., Шн.), ’лішак, рэшта’ (Нас., Бяльк., Касп., Шат., ТС), стол. лы́шка ’тс’ (Нар. лекс.), укр. ли́шка ’тс’, рус. смал., пск., ли́шка ’няцотны лік’, паўн. ’многа, з лішкам’. Да прасл. lišьka < lixъ > лі́ха (гл.). Сюды ж лі́шкі — назва гульні (Анік.), даўг. лі́шка ’невялікая колькасць грошай’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лы́жка, ложка ’прадмет сталовага прыбора для зачэрпвання рэдкай або рассыпістай ежы’ (Яруш., Гарэц., Касп., Сцяшк., Анох., ТСБМ, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.). Укр. ложка, ли́жка, ли́шка, ли́жґа, рус. ложка, кастр. лы́жка, ст.-рус. лъжька, ложька; польск. łyżka, łyška, lyjška, łyska, łóška, łuška, leška, каш. lëška, łiška, ст.-н.-луж. łežka, чэш. lyžka, łezka, славац. lyžka, liška, усх. ložka. Прасл. паўн. lъžka ’лыжка’ (Слаўскі, 5, 441–445), якая першапачаткова рабілася з дрэва, з кары; гэта дэмінутыўнае ўтварэнне ад *lъga, і.-е. адпаведнікам якога з’яўляюцца алб. lugë ’тс’, усх.-асец. alịgd ’надрэз’, alịgdịn ’падразаць’, ст.-інд. rujati ’ламае’. Аналагічна англ. spón ’лыжка’ ∼ ст.-в.-ням. spân ’трэска’, ст.-ісл. spánn ’лыжка, трэска’, швед., дац. sked ’лыжка’ ∼ ст.-в.-ням. sceidôn ’расколваць’. Іншыя менш імаверныя версіі гл. Слаўскі (5, 444–445); Фасмер (2, 511–512), Махэк₂ (346), Скок (3, 683), Трубачоў (Ремесл. терм., 169–170). Карскі (1, 149; Труды, 501) мяркуе, што бел. лы́жка — паланізм. Сюды ж лы́жачнік ’майстар, які робіць лыжкі’ (ТСБМ), лы́жачка ’дыхавіца’ (ТСБМ; КЭС, лаг.) — у выніку пераносу значэння паводле падабенства (упадзіна ў грудной клетцы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліс ’драпежная жывёла з сямейства сабачых, Vulpes vulpes’, ліса́ ’самка ліса’, ’футра гэтай жывёлы’, лісіца, лісіцка ’ліс, ліса’ (ТСБМ, Касп., Нас., Бяльк., Шат., Сцяшк., Яруш., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.); ліс, ліса — ’пра хітрага, ліслівага чалавека’, ’падліза’ (Нас., ТСБМ). Укр. лис, лиса́, лиси́ця, рус. лис, лиса, лиси́ца, арханг. лиса́ва; польск. lis, lisiec, lisa, lisica, liszka, ст.-польск. liszyca, палаб. laiskə; н.- і в.-луж. liška, чэш., славац. liška, lišiak, ст.-чэш. lisa, славен. lisíca, lisják, lȉs, серб.-харв. ли̑с, лѝсица, лиси̏ца, lesica, ли̏ска, ли́сац, лѝсјак, liśȃk, лиса і з XVIII ст. ли́ха > ли́ја, ли̑х, ли̑ј, макед. лиса, лисица, лисец, лишʼица (та) ’тс’, лишка ’звер’; балг. лиса, лисица, ст.-слав. лиса ’ліс, ліса’. Прасл. lisъ, lisica; для зах.-слав. варыянта liš‑ъka Слаўскі (4, 292) не выключае праформу lixa, паралельную да lisa (супраць чаго Трубачоў (Этимология–73, 179)). Відаць, прасл. lisa генетычна звязана з літ. lãpė, лат. lapsa, ст.-прус. lape, лац. volpēs, vulpēs (< *u̯ləps), ст.-грэч. ἀλώπηξ ’ліс (а)’, ст.-інд. lōpāśá‑, ’шакал’, с.-перс. rōpās, брэтон. louara, арм. ałues ’ліс’, літ. vilpišỹs ’дзікі кот’, якія можна аднесці да і.-е. асновы *u̯l̥pek̑‑ (Трубачоў, Эт. сл., 15, 139), а для прасл. выводзіцца *u̯leipk̑‑ > lisa або *u̯leip‑soi/‑sā ў аўтараў: Бернекер, 1, 724; Фасмер, 2, 500; Скок, 2, 306; Бязлай, 2, 143–144. У гэтай праформе *u̯l̥pek̑‑ (Трубачоў, там жа) з’яўляецца верагодным удзел двух семантычна блізкіх каранёў: і.-е. *u̯el‑ ’драць, ірваць’ (> ’красці’, ’хітрыць’ і pek̑‑ ’драць, шчыпаць’ — такім чынам, праформа магла б абазначаць ’хітрая драпежніца’ (ліса і дзікі кот). Мартынаў (Регион. особенности…, Гомель, 1985, 135) прасл. lisъlisiti (параўн. каш. lësëc ’ісці па следу’) суадносіць з прагерм. *leisleisan ’трапіць на след’ і з прасл. lьstь ’хітрасць’; семантычны пераход lisъ ’хітры’ > ’ліс’ адбыўся на слав. моўнай глебе. Сюды ж ліс‑мікіта (гульня), лісава́нік ’воз’ (мін., КЭС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)