старшыня́, ‑і, м.

1. Асоба, якая вядзе сход, праводзіць пасяджэнне. Ён [палкоўнік Груп] — камандзір і старшыня, Сам абвясціў павестку дня. Колас.

2. Кіраўнік некаторых устаноў, аб’яднанняў, арганізацый або іх аддзелаў, органаў. Старшыня выканкома. Старшыня камітэта па друку. □ — Я скажу, сусед, аб гэтым Табе толькі пад сакрэтам: У мяне, бач, ёсць радня — Сельсавета старшыня. Крапіва. Лаўніцкі застаўся чакаць старшыню калгаса — яму сказалі, што ён павінен тут хутка быць. Шахавец.

3. (з вялікай літары). У саставе афіцыйнай назвы кіраўніка дзяржавы, урада або вышэйшых дзяржаўных органаў. Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Старшыня Савета Міністраў СССР. Старшыня Савета Нацыянальнасцей. Старшыня Вярхоўнага Суда СССР.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адвалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аддзяліўшыся, адарваўшыся, адпасці. Са сцяны, пад акном, адваліўся карычневы абломак тынку, упаў на стол. Мележ. // перан. Знікнуць, прайсці (пра адчуванні, пачуцці). Патапчык крочыў на Алеся, потым стаў і крута павярнуў убок. Калі ён знік у гушчарніку, Алесь падняўся. Уся нуда, здаецца, раптам адвалілася ад яго. Чарнышэвіч.

2. Адхіліцца тулавам назад, адкінуцца. Лаўніцкі сеў, адваліўся на спінку крэсла, падрыхтаваўшыся да размовы. Шахавец.

3. Разм. Пад’еўшы, здаволіўшыся, пакінуць есці. [Пракоп:] — От толькі што адваліўся ад сваёй бульбы, дык ваша, мабыць, не ўлезе. Сабаленка.

4. перан. Стаць меншым, паменшаць (пра мароз, спёку і пад.). Мароз адваліўся, і з неба, нізка павісшага над вёскай, церушыў драбнюткі сняжок. Дуброўскі. Пад вечар, калі трохі адвалілася гарачыня, на вялікі брукаваны двор казармы другога бабруйскага батальёна ўвайшоў невысокі дзядок з берасцянай вярэнькаю за плячыма. Грахоўскі.

•••

Рукі адваліліся гл. рука.

Рукі не адваляцца гл. рука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ва́дзіць, ‑дзіць; безас. незак. (часцей з адмоўем).

Разм. Шкодзіць, перашкаджаць. [Паўлюк Трус] трохі своеасабліва вымаўляў «р», але гэта не толькі не вадзіла, а рабіла чытанне яшчэ прыемнейшым. Лужанін.

•••

Не вадзіць — так і трэба; не шкодзіць.

вадзі́ць, ваджу́, во́дзіш, во́дзіць; незак.

1. каго. Накіроўваць хаду каго‑н., памагаць ісці. Вадзіць дзіця за руку. Вадзіць хворага. □ Мы вадзілі коней у лес, у такое месца, куды не вельмі хто трапляў. Кулакоўскі. // Хадзіць з кім‑н., паказваючы яму што‑н. [Дзядок:] — Учора зяць з дачкой вадзілі мяне ў тэатр. Корбан. // каго-што. Хадзіць на чале каго‑, чаго‑н., кіраваць; узначальваць. Вадзіць полк у атаку. // Разм. Прыводзіць з сабою каго‑н. Вадзіць сяброў да сябе ў хату. // Даглядаць, ахоўваць (пра птушак, звяроў). Вадзіць куранят. // Прымушаць хадзіць з сабою. Тады цыганы ў горадзе Смаргоні абучалі мядзведзяў розным фокусам, пасля чаго вадзілі іх па гарадах. Бядуля.

2. што. Кіраваць рухам самаходнай машыны. Вадзіць камбайн. Вадзіць цягнікі.

3. чым па чым. Рухаць чым‑н. па паверхні чаго‑н. Вадзіць алоўкам па карце. □ Настаўнік зняў са сцяны скрыпку, настроіў сяк-так струны і пачаў вадзіць па іх смыкам. Колас. Сеецца, дрыжыць мрок. Здаецца, чуваць, як нехта ўгары водзіць далонню па шурпатым палатне. Пташнікаў. // чым. Рухаць, перамяшчаючы з аднаго боку ў другі. Лаўніцкі, гартаючы кнігу, хутка вадзіў вачыма па старонках, час ад часу спыняўся і нешта запісваў у блакнот. Шахавец. Не хапаючыся, не высільваючыся, ашчадна трацячы сілы, мерным, спрактыкаваным рухам вадзіў.. [Васіль] касою. Мележ.

4. што, з кім. Падтрымліваць (знаёмства, дружбу і пад.). Вадзіць блізкае знаёмства. □ Да яго [земляка] зайшоў на службу, У ягоны кабінет: Як-ніяк — вадзілі дружбу Многа зім і многа лет. Бялевіч.

5. пераважна безас. каго-што. Хістаць у бакі, заносіць пры хадзьбе, яздзе. Машыну пачало вадзіць на мокрай дарозе. □ Ішоў.. [малады чалавек] так павольна і так яго вадзіла ў бакі, што льга было думаць, што ён некалькі тыдняў нічога ў рот не браў. Чорны.

6. Кіраваць гульнямі, танцамі. Вечарынкі-карагоды Пад баян вадзіла ты. А. Александровіч.

•••

Вадзіць дзяды — драмаць, седзячы спаць.

Вадзіць за нос — абяцаць і не выконваць, уводзіць у зман.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)