Войтаўска-лаўніцкі суд, гл. Суд лаўнікаў
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙТАЎСКА-ЛА́ЎНІЦКІ СУД,
адзін з мясц. судоў для гар. насельніцтва ВКЛ. Дзейнічаў у гарадах, якія мелі магдэбургскае права. Яго юрысдыкцыі падлягалі ў асн. мяшчане. З’яўляўся асаблівай суд. калегіяй у складзе войта і лаўнікаў. Старшынёй суд. пасяджэння найчасцей быў войт ці яго намеснік — ландвойт. Колькасць лаўнікаў залежала ад памераў горада. Пасяджэнне суда адбывалася пры ўмове прысутнасці не менш як палавіны лаўнікаў. Разглядаў крымін. справы, маёмасныя спрэчкі, сведчыў дагаворы куплі-продажу, завяшчанні маёмасці і інш. Судовыя рашэнні выносіў войт. Дзейнічаў поруч з бурмістраўска-радзецкім судом. У малых гарадах і ў большасці прыватнаўласніцкіх гарадоў лаўнікі, бурмістры і радцы ўваходзілі ў склад аднаго суда.
Т.І.Доўнар.
т. 4, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙТАЎСКІ СУД,
мясцовы суд у гарадах ВКЛ. Войт, які ўзначальваў адміністрацыю горада, меў права і ўласнага суда. У грамаце 1390 на магдэбургскае права Брэсту ўпамінаецца толькі адна крыніца ўлады і суда — войт. У грамаце 1498 Полацку гаворыцца, што бурмістры і радцы не маглі судзіць без войта. Каралева Бона ў 1551 запатрабавала, каб у велікакняжацкіх гарадах суд. спрэчкі старосты разглядалі сумесна з гар. войтам. У многіх прыватнаўласніцкіх гарадах, дзе не было ўведзена магдэбургскае права, таксама дзейнічаў або войтаўскі суд, або войтаўска-лаўніцкі суд. Поруч з войтаўскім судом існаваў бурмістраўска-радзецкі суд.
Т.І.Доўнар.
т. 4, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЎНІК (польск. ławnik засядацель),
1) член магістрата ў гарадах Польшчы і ВКЛ, якія мелі права на самакіраванне (магдэбургскае права і інш.). Выбіраліся гар. абшчынай (грамадой), радай ці прызначаліся войтам з мяшчан гэтага горада. Разам з войтам складалі войтаўска-лаўніцкі суд, які разглядаў крымінальныя справы гараджан. Часам Л. былі і ў гарадах без права на самакіраванне.
2) Службовая асоба ў дзяржаўнай (велікакняжацкай) вёсцы ВКЛ, уведзеная паводле «Уставы на валокі» 1557 на польскі ўзор. Выбіраўся або прызначаўся з заможных сялян (па 2—3 у кожнай вёсцы), падпарадкоўваўся войту. Л. разглядалі дробныя справы, выконвалі паліцэйскія функцыі. У 16—18 ст. Л. былі і ў прыватнаўладальніцкіх вёсках.
т. 9, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІСТРА́Т (ад лац. magistratus начальнік, чыноўнік, улада),
выбарны адм. і судовы орган у гарадах Цэнтр. і Усх. Еўропы, якія мелі права на самакіраванне (магдэбургскае права або інш.). У ВКЛ уводзіліся з канца 14—15 ст. У велікакняжацкіх гарадах Беларусі і Літвы М. складаўся з гар. рады і лавы. Рада займалася справамі гар. кіравання і суда па маёмасных і цывільных справах мяшчан. Лава выконвала функцыі суда па крымінальных справах гараджан. Гал. распарадчую ўладу ў гар. абшчыне выконваў войт, які ўзначальваў войтаўскі суд або войтаўска-лаўніцкі суд. Гал. органам самакіравання была рада, якая складалася з бурмістраў і радцаў, дзейнічаў бурмістраўска-радзецкі суд. У прыватнаўладальніцкіх гарадах у склад М. ўваходзілі войт, бурмістры, радцы, лаўнікі і гар. пісар, якія засядалі разам. У 17—18 ст. ў М. часта дзесяцігоддзямі засядалі прадстаўнікі некалькіх сямей, звычайна з заможных купцоў і цэхмістраў, М. ператвараўся ў орган карпаратыўнага кіравання горадам з боку мяшчанскай алігархіі. М. на аснове магдэбургскага права праіснавалі на Беларусі да канца 18 ст. і былі скасаваны пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ўказамі Кацярыны II у 1775 (для ўсх. часткі Беларусі) і 1795 (для цэнтр. і зах. яе частак). У Расіі М. як органы саслоўнага самакіравання ўзніклі ў 1720. У 1775 пераўтвораны ў губернскія і павятовыя суды для гар. саслоўяў (мяшчанства і купецтва), існавалі і на Беларусі. Паводле Даравальнай граматы гарадам 1785 М. ўвайшлі ў сістэму гар. самакіравання, але засталіся ў асн. суд. ўстановамі. Пасля суд. рэформы 1864 паступова скасаваны.
А.П.Грыцкевіч.
т. 9, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)