Аршы́н. Ст.-бел. аршинъ. Рус. аршин з 1489 у помніках зносін з Польска–Літоўскай дзяржавай (Унбегаун, La langue russe, 166), ст.-укр. аршин гл. Рогаль (З історії, 182). Крыніца беларускага слова — цюркская з іранскай (Вольскі, «Узвышша», 1929, 6, 114; Юргелевіч, Курс, 137; Курс суч., 161). Параўн. Фасмер, 1, 92; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 30; Конанаў, ИОРЯ, 1966, 229. Дзмітрыеў (Строй, 522–523) лічыць непасрэднай крыніцай рус. аршин татарскае (казанска-татарскае) слова. Бел. аршын, верагодна, з крымска-татарскай, у якой з турэцкай, магчыма, праз украінскае пасрэдніцтва; тур. arsin ’тс’ < іран. арш ’локаць’ (Локач, 10). Нельга цалкам выключыць і беларускае запазычанне з рускай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аргама́к ’парода рослых скакавых коней’ (БРС). Рус., укр. аргамак ’тс’, ст.-бел. ограмак, громакъ (Гіст. мовы, 1, 139). Польск. rumak < hromak < ohromak (з XVI ст. — Брукнер, 468). Запазычанне з цюрк. аргамак, аргымак, арыгмак і да т. пад. (гл. Севарцян, 171). Конанаў (ИОРЯ, 1966, 229) указвае на персідскую крыніцу цюркскага. Рускае слова можа быць з кожнага з трох арэалаў: Каўказ, Крым, Усход (у Даля — трухменскія і кабардзінскія аргамакі). Беларускае хутчэй з крымска-татарскай, турэцкай, магчыма, праз украінскую ці паралельна. Польскае з украінскай ці беларускай. Калі ст.-бел. толькі ограмак, нельга выключыць паўторнае запазычанне праз рускую мову (Крукоўскі, Уплыў, 74). Супрун, Зб. Крымскаму, 125–126; Фасмер, 1, 84; Трубачоў, Происх., 57.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апанча́, ст.-рус. япончица (Слова аб палку Ігаравым), ст.-бел. епанча, апонча, опанча, опонча (з 1508, Гіст. лекс., 139, 142). Рус. епанча (з канца XVI ст., Сразн.); дыял. опунча ’неахайны чалавек’, укр. дыял. опанча. Польск. oponcza, балг. япанджак, макед. јапанџак. Параўн. тур. yapinca, крым.-тат. јапынџы ’плашч, папона’ і пад. ад цюрк. jap‑ ’пакрываць’ (Расянен). У бел. з крым.-тат. ці тур., магчыма, праз укр. Бел., укр., польск. формы адлюстроўваюць кантамінацыю з опона ’пакрывала’. Параўн. бел. дыял. апоня ’шырокае, не дапасаванае да фігуры адзенне’ і ’чалавек, які носіць такое адзенне’ (Янк. III). Літ. jupančia, магчыма, не толькі з польскай (Фрэнкель, 198), але і праз беларускую. Гл. Фасмер, 2, 20–21; Конанаў, ИОРЯ, 1966, 226.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)