клас, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. У навуковых і іншых класіфікацыях: сукупнасць прадметаў, з’яў, аб’яднаных на аснове якіх-н. агульных якасцей; катэгорыя, разрад, падраздзяленне.

Назвы класаў раслін у батаніцы.

К. паўзуноў.

К. мінаносцаў.

2. Вялікая група людзей, аб’яднаных аднолькавымі адносінамі да сродкаў вытворчасці, да размеркавання грамадскага багацця і агульнасцю інтарэсаў.

Рабочы к.

3. Падраздзяленне вучняў пачатковай і сярэдняй школы, якое адпавядае году навучання.

Шосты к.

4. Падраздзяленне вучняў мастацкай або іншай спецшколы, якія вывучаюць пэўны прадмет.

К. цымбалаў.

К. жывапісу.

5. Памяшканне ў школе, дзе займаюцца вучні.

Рамонт класа.

6. Група вучняў, якія вучацца сумесна.

Дружны к.

7. Мера якасці, ступень, узровень чаго-н.; кваліфікацыя.

Спецыяліст высокага класа.

Паказаць нізкі к. гульні.

Лётчык першага класа.

|| прым. кла́савы, -ая, -ае (да 2 знач.) і кла́сны, -ая, -ае (да 3—6 знач.).

Класавае грамадства.

Класны кіраўнік.

Класны пакой.

Класная дысцыпліна.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

клас, а, м.

1. Сукупнасць прадметаў, з’яў, аб’яднаных на аснове якіх‑н. агульных прымет, якасцей; разрад, падраздзяленне. Да агульных назоўнікаў адносяцца імёны, пры дапамозе якіх абазначаюцца цэлыя класы аднародных прадметаў, з’яў, жывых істот. Граматыка. // У спецыяльнай тэрміналогіі: а) у логіцы — сукупнасць аднародных прадметаў, падобных адзін да аднаго сваімі істотнымі прыметамі, якасцямі. Клас з’яў; б) у біялогіі — адно з вялікіх падраздзяленняў у сістэматыцы раслін і жывёл. Клас паўзуноў. Клас папаратнікаў; в) у матэматыцы — сукупнасць лічбаў трох суседніх разрадаў лікаў. Першы клас складаюць першыя тры разрады: сотні, дзесяткі і адзінкі. // Разрад суднаў у залежнасці ад тыпу будовы і абсталявання. Клас мінаносцаў. Клас лінкораў. // Тып вагонаў поезда або кают парахода, абсталяваных з пэўнай ступенню выгод, праезд у якіх аплачваецца па ўстаноўленаму тарыфу. Каюта першага класа.

2. Вялікая група людзей, аб’яднаных аднолькавымі адносінамі да сродкаў вытворчасці, да размеркавання грамадскага багацця і агульнасцю інтарэсаў. Рабочы клас. Клас прыгнятальнікаў.

3. Падраздзяленне пачатковай і сярэдняй школы, якое аб’ядноўвае вучняў аднаго года навучання і аднолькавага аб’ёму ведаў. Пяты клас. Дзевяты клас. // Падраздзяленне вучняў мастацкай або іншай спецыяльнай школы, якія займаюцца пад кіраўніцтвам пэўнага выкладчыка або вывучаюць пэўны прадмет. Камерны клас. Клас скрыпкі, // Група вучняў пачатковай або сярэдняй школы, якія вучацца сумесна. Дысцыплінаваны клас. // Памяшканне ў школе, дзе праходзяць вучэбныя заняткі. У калідоры зазвінеў званок, заклікаючы выхаванцаў у класы. Шамякін.

4. толькі мн. (кла́сы, ‑аў). Дзіцячая гульня, якая заключаецца ў тым, што на зямлі рысуюць фігуру, падзеленую на клеткі, і, скачучы на адной назе, перасоўваюць ёю каменьчык, кусочак шкла і пад. з адной клеткі ў другую, а таксама фігура для гэтай гульні.

5. Мера якасці, ступень, ўзровень чаго‑н. Тэхніка высокага класа. // Кваліфікацыя, ступень падрыхтаванасці. Лётчык першага класа. // Разм. Высокі ўзровень чаго‑н. Паказаць клас гульні.

6. У дарэвалюцыйнай Расіі — адно з падраздзяленняў у табелі аб рангах, якое адпавядала пэўнаму чыну. Чыноўнік чатырнаццатага класа. // Ступень некаторых грамадзянскіх званняў. Саветнік юстыцыі першага класа.

[Ад лац. classis — разрад.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́йстар-кла́с, -а, мн. -ы, -аў, м.

Кароткатэрміновыя курсы найвышэйшага майстэрства ў якой-н. галіне, якія арганізуюцца або праводзяцца вядучымі, выдатнымі майстрамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

экстра-кла́с, а, м.

Вышэйшы клас, разрад, кваліфікацыя і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

двара́нства, -а, н. (гіст.).

Вышэйшы прывілеяваны пануючы клас, які ўзнік у феадальным грамадстве.

|| прым. двара́нскі, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

дэзарганіза́тарства, а, н.

Дэзарганізатарскія паводзіны, дзеянні. Тут адмахнуцца нельга: хто не навучыўся спыняць канчаткова дэзарганізатарства, той не прыгодны ў арганізатары. А без арганізацыі рабочы клас — нішто. Ленін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўзу́н, -а́, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Той, хто не ўмее яшчэ хадзіць, а толькі поўзае (разм.).

2. Дэталь механізма, якая слізгаецца ўзад і ўперад па чым-н. у прамалінейным напрамку (спец.).

3. мн. Клас пазваночных жывёл, якія перамяшчаюцца пераважна паўзком (змеі, яшчаркі, кракадзілы, чарапахі).

|| прым. паўзу́нны, -ая, -ае (да 2 знач.; спец.).

П. механізм.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

выхава́льнік, а, м.

Той, хто займаецца выхаваннем каго‑н. [Люда:] — Увайшла я ў клас... І не адна ж зайшла, а як на суд: і выхавальнік іхні, і метадыст, і студэнты... Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

капіталі́ст, а, М ‑сце, м.

1. Прадстаўнік пануючага класа капіталістычнага грамадства, які валодае капіталам і атрымлівае прыбавачную вартасць шляхам эксплуатацыі наёмнай працы. Клас капіталістаў.

2. Разм. Багацей, багатыр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзяся́так, -тка, мн. -ткі, -ткаў, м.

1. Адзінка падліку, роўная дзесяці, а таксама дзесяць аднолькавых прадметаў.

Д. яек.

2. Дзесяць год узросту.

Дзявяты д. пайшоў.

3. мн. Перадапошняя лічба шматзначнага ліку.

Клас адзінак, дзясяткаў, соцень.

4. мн. Пра вялікую колькасць чаго-н.

Да яго звяртаюцца дзясяткі людзей.

Не з баязлівага дзясятка хто (разм.) — пра смелага, рашучага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)