Каўтуны́

назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, множны лік, множналікавы

мн.
Н. Каўтуны́
Р. Каўтуно́ў
Д. Каўтуна́м
В. Каўтуны́
Т. Каўтуна́мі
М. Каўтуна́х

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

каўту́н

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. каўту́н каўтуны́
Р. каўтуна́ каўтуно́ў
Д. каўтуну́ каўтуна́м
В. каўту́н каўтуны́
Т. каўтуно́м каўтуна́мі
М. каўтуне́ каўтуна́х

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

каўту́н, -у́, м.

1. Хвароба скуры на галаве, пры якой валасы зблытваюцца і зліпаюцца ў камяк.

К. марудна вылечваецца.

К. і ў коней бывае.

2. мн. -ы́, -о́ў. Валасы (разм., пагард.).

Прычашы свае каўтуны.

|| прым. каўту́нны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

каўту́н, ‑а, м.

1. толькі адз. Хвароба скуры на галаве, пры якой валасы зблытваюцца і зліпаюцца. Галава .. [пані Даміцэлі] з прычыны каўтуна абкручана палатнянай наміткаю. Колас. // Хвароба скуры ў коней (звычайна пад грывай).

2. Зблытаны, збіты пук валасоў, поўсці і пад. [Міхаська] успомніў, як калісьці дзед расказваў пра ласак, маленькіх вёрткіх звяркоў, якія вельмі любяць бегаць па конях, заплятаючы ў каўтуны ім грывы. Рылько.

3. толькі мн. (каўтуны́, ‑оў). Разм. пагард. Валасы. — Давялося пайсці на грэх: тузануў я .. [гаспадыню] за кудлы, ды так з тымі каўтунамі, што асталіся ў руцэ, і падаўся ў вішняк. Кулакоўскі.

[Ад казах. калтук — пучок валасоў.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ля́мец1, ляме́ц, ля́мац, ля́мяц, ля́міц, ле́мыц, ля́мэць ’тоўсты, шчыльны матэрыял, звалены з воўны, шэрсці’ (ТСБМ, Грыг., Гарэц., Уладз., Нас., Шат., Касп., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’пракладка з лямцу ў хамуце пад хамуцінай’, ’лёгкая пракладка з саломы ці лямцу пад клешчамі’, ’падхамутнік’, ’потнік’, ’від хамута’ (Маслен., Бяльк., Нас., Сл. ПЗБ, Касп.), ’лямка, шляя’ (Др.-Падб.), ’ярмо, цяжкая работа’ (Мат. Гом.), ’ільняны або саламяны абруч, на які паляшучкі накручвалі валасы’ (Малч., Тарн., Маш., Сержп. Грам.; мазыр., Шпіл.), ля́мцы ’непрычасаныя валасы’ (клец., Нар. лекс.), ’каўтун’ (Мат. Гом.), ля́мчыцца ’збівацца ў камяк, каўтуны’, ля́мчыць ’валіць воўну’ (Нас.; КЭС, лаг.; ТСБМ, ТС), ля́мец ’пласт гною, сена і інш.’ (жытк., Нар. словатв.; ТС). Укр. ля́мець, рус. ля́мец ’тс’, польск. lamec ’тс’, lemiec, чэш. límec, lémec ’каўнер’. Няясна. Фасмер (2, 551) рус. лексему выводзіць з польск. lemiec ’каўнер’, адкідаючы версію Бернекера (1, 700), які ўзводзіць гэту лексему да франц. lame ’палоска, тонкі дрот’. Слаўскі (4, 39) дапускае бел. мову ў якасці крыніцы для запазычання з польск. lamiec або з ням. Lahn‑tresse ’стружка, галун з шоўку’. Карловіч (Wyr. obce, 335) і Брукнер (290) лічаць крыніцай с.-в.-ням. lîm ’рамка, аблямоўка’. Махэк₂ (326) лічыць роднасным (да чэш. lem ’тс’) грэч. λῶμα ’аблямоўка’.

Ля́мец2 ’гультай’ (Мат. Гом.). У выніку семантычнага пераносу з ля́мец1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

валасы, чупрына, чуб, шавялюра, локаны; кудзеркі (памянш.-ласк.); космы, стрыжакі, кучары (разм.); кудлы, патлы, каўтуны, грыва (разм. зняваж.) / пучок: хахол; віхор, віхры (разм.) / коратка падстрыжаныя: вожык / у хвалістых завітках: буклі (уст.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

ла́ска 1, ‑і, ДМ ласцы, ж.

1. Выражэнне любві, пяшчоты. Матчына ласка. □ Асенні вечар ля акон... І твае словы, жэсты, ласка Запамінаюцца бы казка Дзіцячых, бесклапотных дзён. Лойка. // Мяккасць, пяшчота, лагоднасць. — Яшчэ сядзіш, дачушка? — ад слоў бацькі, як і заўсёды, вее стрыманай ласкай і клопатам. Васілевіч. Сонца пракладае Шлях красе маёвай, Атуляе хаты Ласкай і цяплом. Журба.

2. Спачувальныя, прыхільныя адносіны, прыветлівае абыходжанне. Стары не выказаў ніякага здзіўлення з прычыны нечаканай начальніцкай ласкі. Самуйлёнак.

3. Міласць, паблажка, спагада. Не будуць сіроты Ласкі панскай прасіць!.. Танк. Байцы, забыўшы слова — страх, у смерці ласкі не прасілі. Хадыка.

•••

Без чужой ласкі — самастойна, без чужой дапамогі (зрабіць, абысціся і г. д.).

Быць у ласцы гл. быць.

Дзякуй за ласку гл. дзякуй.

Добрая ласка чыя — як пажадае хто‑н. І гэта іх [дзяцей] добрая ласка: захочуць праведаць старую маці — прыедуць... Ракітны.

З вялікай ласкі чыёй — дзякуючы каму‑н.

З ласкі чыёй — па чыйму‑н. дазволу, загаду і пад.

З ласкі на пацеху — так сабе, нізавошта; так уздумалася, так раптоўна захацелася.

Зрабі(це) ласку гл. зрабіць.

З якой (гэта) ласкі? — навошта? чаму?

Калі ласка — ветлівы зварот, ветлівая просьба, ветлівае пабуджэнне. Віця пачырванеў ад няёмкасць і далікатна прапанаваў: — Дык, калі ласка, праходзьце далей... Якімовіч.

Ласку прыняць гл. прыняць.

Мець ласку гл. мець.

На ласку — а) на добрую волю каго‑, чаго‑н.; б) ветлівы зварот. [Салдат:] — Скажы, на ласку, ці з сяла ніхто Не ўратаваўся? Танк.

Не ў ласцы — не ў гуморы, не ў настроі. — Паненка наша нешта не ў ласцы сёння, — укалола сястру Тэкля. Гартны.

Ні гневу ні ласкі гл. гнеў.

Праз ласку чыю — па чыёй‑н. віне, праз каго‑н.

Прасіць ласкі гл. прасіць.

Трапіць у ласку гл. трапіць.

Убіцца ў ласку гл. убіцца.

Як ваша (твая, яго) ласка — як вы (ты, ён) захочаце (захоча), пажадаеце (пажадае).

ла́ска 2, ‑і, ДМ ласцы; Р мн. ласак; ж.

Невялікая драпежная жывёліна сямейства куніцавых з тонкім гібкім целам. Дзед расказваў пра ласак, маленькіх вёрткіх звяркоў, якія вельмі любяць бегаць па конях, заплятаючы ў каўтуны ім грывы. Рылько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)