зачына́льнік, ‑а, м.

Той, хто пачынае якую‑н. справу; пачынальнік, заснавальнік. Скарына — зачынальнік усходнеславянскага кнігадрукавання. □ Карусь Каганец быў.. адным з першых зачынальнікаў палітычнай карыкатуры ў Беларусі. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парка́ніна, ‑ы, ж.

Разм. Адна штыкеціна з паркана. Тут быў Базыль, Антось Тацянін, Карусь Дзівак (ён між парканін Схаваў трайню, рагач, дзве восі, Тайком узяўшы ад Антося). Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трайня́, ‑і, ж.

Падоўжны брус у калёсах, які злучае пярэднюю вось з задняй. Тут быў Базыль, Антось Тацянін, Карусь Дзівак (ён між парканін Схаваў трайню, рагач, дзве восі, Тайком узяўшы ад Антося). Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыту́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да прытупнуць.

2. Стукаць, біць нагой (нагамі) аб падлогу, зямлю ў такт чаму‑н. Ілья прытупваў у такт, дырыжыраваў аркестрам і сам выцінаў на жалейцы. Дуброўскі. Спяваў Карусь і ў такт песні прытупваў нагой. С. Александровіч. // Суправаджаць якое‑н. дзеянне тупаннем; тупаць час ад часу. Хлопец.. пабег, знарок па-заечы падкідваючы нагамі і прытупваючы. Мележ. Коннікі прытупвалі на марозе. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыбядня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

Прыкідвацца бедным, менш забяспечаным, чым у сапраўднасці. — Ат, швагер, не прыбядняйся, — прамовіў Карусь Дзівак. — Кавалак хлеба і да хлеба ты маеш, а што больш трэба? С. Александровіч. Потым Марцініха так пачала прыбядняцца, што выходзіла: дапамагаць трэба не сям’і Враніслава, а сям’і Марцінавай. Карпюк. // Перамяншаць свае заслугі, магчымасці і пад. — Вы ўжо, Стась, не прыбядняйцеся. Вы б і за Зеўса маглі сысці, — сказала Галя. Сабаленка. — Можна, не хвалячыся і не прыбядняючыся, сказаць: тое-сёе зрабілі. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

га 1, нескл., м.

Скарочанае абазначэнне слова гектар (ужываецца звычайна пры лічэбніках). 50 га. Пасеяць 40 га пшаніцы. □ Раўняйся па лініі ўдарных брыгад! Хто спаборніцтвам там не ахоплены? Каб зацвілі сотні тысяч га Пад ільном ды пад каноплямі. Крапіва.

[З пачатковых літар слоў «гекта» і «ар».]

га 2, часціца.

1. Тое, што і а ​3 (у 1 знач.). «Юзік! — паўтарыў ён мацней. — Юзік!» — «Га? Што?» Чорны. Рачкоўскі зусім неспадзявана для Карызны павесялеў: — А праўда, Сымоне, слаўна жылося там, га? Зарэцкі.

2. Абл. Тое, што і а ​3 (у 2 знач.). — Тата, га, тата, а заўтра хто павядзе каня? — запыталася яна. Гартны.

га 3, выкл., часта з працяглым вымаўленнем (га-а-а!).

1. Выражае здзіўленне пры апазнанні каго‑н., радасць сустрэчы з кім‑н. — Га, Пятрусь, і ты тут? — сустрэў Петруся Карусь Акалот. Колас.

2. Гучны выкрык, якім хочуць напалохаць каго‑н. Схаваўшыся за куст, Грышка моўчкі наглядаў за сваім сябрам... Раптам вылецеў з-за куста і гукнуў на ўсю моц: — Га-а! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знайсці́, знайду, знойдзеш, знойдзе; пр. знайшоў, ‑шла, ‑ло; заг. знайдзі; зак., каго-што.

1. У выніку пошукаў выявіць, адшукаць. Дзеду трэба знайсці тую часць чырвонага войска, камандзір якога стаяў у яго на кватэры. Колас. У горадзе, зразумела, можна было б знайсці хірурга. Якімовіч. // Падшукаць, падабраць. Два тыдні ў нашай вёсцы не было старасты, немцы не маглі знайсці халуя на гэты пост. Краўчанка. [Сястра] не ведае, што адказаць. Тузаецца, не можа знайсці слоў. Скрыган. // Прыдумаць (у выніку разважання). Знайсці выхад з цяжкага становішча. // (у спалучэнні з інф. і словамі «чым», «чаму», «за што» і пад.). Ужываецца для выражэння іранічных адносін да выказвання; роўна па значэнню адмоўным канструкцыям: нечым, нечаму, няма за што і пад. Знайшла чым хваліцца. Знайшоў чаму радавацца. □ — Знайшлі за што сварыцца, — умяшаўся Карусь. Колас. // Выявіць у выніку спецыяльных пошукаў, даследаванняў; адкрыць, вынайсці. Знайсці новыя залежы каменнага вугалю. Знайсці новы спосаб рашэння задачы. // Вызначыць шляхам вылічэнняў, вывадаў. Знайсці суму двух лікаў. Знайсці корань слова. // Выбраць, удзяліць для чаго‑н. (які‑н. адрэзак часу). Знайсці вольную хвіліну. □ Калі час толькі вольны знайду — Збіраюся ў падарожжа! Нядзведскі.

2. Выявіць, убачыць, заўважыць. — Надоечы мы знайшлі ў алешніку прыкрытую ламаччам яму. Бажко. // (звычайна ў пытальнай канструкцыі са словам «што»). Выявіць, убачыць у кім‑, чым‑н. якія‑н. уласцівасці, якасці. — Што ты смешнага тут знайшоў, супастат? Лынькоў. — Што ты з мяне, старога, кпіш, знайшоў таварыша!.. Чорны. // Застаць, заспець. Прыйшлі і не знайшлі цябе.

3. Атрымаць, набыць. Знайсці прымяненне. Знайсці адлюстраванне. □ [Білецкі:] Ты памятаеш, Сцяпан, — я не дрэнна страляю і, можаш не сумнявацца, кожная выпушчаная мною куля знойдзе свой адрас. Маўзон. Разбіты граніт Знойдзе месца сваё ў адбудове. Танк. // у кім-чым. Сустрэць з боку каго‑н. якія‑н. адносіны, пачуцці; адшукаць у кім‑, чым‑н. крыніцу якіх‑н. пачуццяў, адчуванняў. Сямён рашыў пайсці да Булая. Не затым, каб паскардзіцца на каго-небудзь. Проста хацелася раскрыць сваю душу, знайсці спачуванне. Шыцік.

4. са злучн. «што». Прыйсці да якога‑н. вываду, заключэння. Ва ўрадніка пранеслася ў галаве думка: арыштаваць і папа за пакрыванне крамольніка. Але перадумаў і знайшоў, што не варта. Колас. // Палічыць, прызнаць. Знайсці неабходным паведаміць аб прыездзе.

•••

(Днём) з агнём не знойдзеш; са свечкай не знойдзеш — пра што‑н. далёка закінутае, схаванае.

Знайсці агульную мову — дасягнуць узаемаразумення, узгодненасці.

Знайсці дарогу к чыйму сэрцу — выклікаць у каго‑н. да сябе любоў, сімпатыі.

Знайсці канец (канцы) — разабрацца ў чым‑н., даведацца пра што‑н.

Знайсці смерць (магілу) — загінуць, памерці.

Знайсці сябе — правільна вызначыць свае схільнасці, зразумець сваё прызванне.

Знайшоў (знайшлі) дурня (іран.) — выражэнне нязгоды з кім‑, чым‑н., адмаўлення ад чаго‑н.

На дне мора знайсці — адшукаць у любым выпадку, незалежна ад абставін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)