Карб ’гадавое кольца на розе каровы’ (З нар. сл.), карбы ’знакі на рагах у каровы’, ’зарубкі на бірках’ (З нар. сл.). Да ўкр. карб ’знак, след, зарубкі’, літ. kar̃bas ’зарубка’ і інш. — запазычанні з польск. karb ’зарубка’, якое ў сваю чаргу з с.-в.-ням. kërbe ’зарубка’ (Слаўскі, 2, 70). Гл. карбаваць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарбе́жыцца (скорбе́жыцца) ‘скруціцца ў скруткі’ (ТС). Да карбе́ж ‘рубец, засечка, зарубка, штрых’ (ТС); гл. карб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Карбава́ць ’рабіць зарубкі’ (ТСБМ), укр. карбувати ’тс’ запазычанні з польск. karbować ’тс’. Дзеяслоў не з’яўляецца адыменным дэрыватам папярэдняй лексемы. На беларускай моўнай глебе лексема карб (гл.) амаль толькі ў спецыфічным значэнні, таму яе можна разглядаць як другасную адносна карбаваць (Слаўскі, 2, 70).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рубе́ль1 ’грашовая адзінка, роўная 100 капейкам’, ’банкнот і манета такой вартасці’ (ТСБМ), ст.-бел. рубель ’грашовая адзінка, роўная 100 грошам’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж рублёвы ’які каштуе адзін рубель’ (ТСБМ), рублёўка ’манета або казначэйскі білет вартасцю ў адзін рубель’ (ТСБМ). Як назва грашовай адзінкі ва ўсіх славянскіх мовах з рус. рубль ’рубель’, якое ад рубить ’сячы’ (гл. руб), паводле Фасмера (3, 511), “абрубак грыўны”. Параўн. укр. карбо́ванець пры карб ’засечка; рубец’, карбува́ти ’рабіць нарэзы; рэзаць; сячы’, карбо́ваний ’пакрыты разьбой; парэзаны’ (ЕСУМ, 2, 388). Гл. таксама рубель2.

Рубе́ль2 ’тоўстая жэрдка, якой уціскаюць на возе сена, снапы і пад.’ (ТСБМ), ’жордка, да якой прымацоўваюць бярвёны пры складанні плытоў сплаўнога лесу’ (стол., лельч., петр., Маслен.), ’тоўстая рухомая жэрдка, на якой стаяць, крыючы страху саломай’, ’кладзь, якая агароджвае застаронкі ў станку (курэні)’ (ТС), рубэ́ль ’жэрдка ў нажной ступе’ (Клім.), ’прылада для ўціскання сена ці саломы на возе або машыне’ (пін., стол., Сл. Брэс.). Ст.-рус. рубль ’кляп, адсечаны кавалак’ (Сразн., 3, 182). Але, магчыма, новы беларускі аддзеяслоўны назоўнік з суф. ‑ель ад рубіць (гл.) са значэннем выніку дзеяння як бурдзе́ль ’пракіслая страва’ ад бурдзе́ць ’пракісаць’, круце́ль ’перавясла’ і ’падобныя’. Параўн. балг. ръ́бел ’адбітая частка прылады для рэзання, сячэння; зазубрына на вастрыі прылады’, н.-луж. rubjel ’абрубак палкі’ (< прасл. *robьlь ’адсечаны кавалак’, Шустар-Шэўц, 2, 1249).

Рубе́ль3 ’драўлянае прыстасаванне для разгладжвання бялізны’ (Сл. рэг. лекс.). Рус. дыял. рубе́ль ’тс’, ’жэрдка з зарубкамі па краях, якой прыціскаюць сена’. Фасмер (3, 511) выводзіць ад рубить (гл.). Відаць, да папярэдняга слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)