камо́к

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. камо́к камкі́
Р. камка́ камко́ў
Д. камку́ камка́м
В. камо́к камкі́
Т. камко́м камка́мі
М. камку́ камка́х

Крыніцы: nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2023, актуальны правапіс)

камо́к, ‑мка, м.

Разм. Тое, што і камяк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Камок ’кавалак гразкай зямлі, цеста; скамечаны ў камяк воск’ (Бяльк., ТСБМ, Сержп. Прымхі, Інстр. I, Др.-Падб.; віл., З нар. сл.), да ком (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кумя́ш ’густы суп’ (Сцяшк. Сл.). Да *камяж ад камок. камяк. Нерэгулярнае ўтварэнне. Імёны на ‑яж адпрыметнікавага паходжання (параўн. густыгусцяж) (Сцяцко, Афікс. наз., 97).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Камсі́ць ’біць таўхлямі’ (мсцісл., З нар. сл.), камсаць ’моцна біць, лупцаваць’ (мсцісл., Мат. Маг.), комшаць ’жаваць’ (в.-дзвін., Сл. паўн.-зах.). камишніца ’цёртая салома’ (Сцяшк. Сл.), комшыцца, камшоліцца ’капацца, марудзіць’ (слаўг., Нар. словатв.), камшыць, комкаць ’ляпіць снег у камок’, ’змяць адзежыну’ (КЭС, лаг.), камшыць ’камячыць’ (ТСБМ) і комшъць, комкъць ’прагна есці’ (міёр., Нар. сл.), комчаць ’комкаць’, комшаны ’мяты, цёрты’ (ТС). Шматлікія прыклады-адпаведнікі з іншых слав. моў гл. Трубачоў, Эт. сл., 10, 180. Прасл. konibsati ’рваць, глытаць вялікімі кавалкамі’, дзеяслоў з ‑s‑ нарашчэннем кораня, да копгъ > ком. камяк (гл.). Параўн. таксама Слаўскі, 2, 393.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тугі́, ‑ая, ‑ое.

1. Моцна, да адказу нацягнуты. Тугая струна. Тугі лук. □ Цяпер конь не паспяваў за .. [Засмужцам]: ішоў на тугім повадзе. Мележ. Да тугіх правадоў гуртам ластаўкі ліпнуць, Каб у родных краях Заказаць сабе гнёзды. Нядзведскі. // Шчыльна сплецены, скручаны, звіты. Тугія косы. □ Густыя .. валасы [Акіліны], сабраныя ў тугую куклу.., зусім не кранула сівізна. Вітка. // Які шчыльна аблягае, моцна сціскае (фігуру, часткі цела). Тугі каўнер. Тугі гарсэт.

2. Напоўнены, моцна напханы чым‑н. Тугі мяшок. □ З лавак падымаюцца салдаты. Абвешаныя тугімі ранцамі з парашутамі, рукзакамі і зброяй, яны падобны да казачных жыхароў невядомай планеты з фантастычнай кнігі. Жычка. // Наліты, пруткі, ядраны. Тугі колас. Тугі качан. □ А калі лісты з тугіх пупышак Вырваліся ў свет сям’ёй густой, — Ён [лось] зусім пакінуў наш зацішак, Перастаў хадзіць на вадапой. Бялевіч. [Дзяўчына] ўсміхнулася, і на тугіх маладых шчоках з’явіліся дзве прывабныя ямінкі. Ваданосаў. Заганяе [Алёша] ў капу па самы чаранок вілы, напружваецца ўсім сваім тугім, налітым сілай целам і — цэлую гару сена валіць на драбіны. Вышынскі. // Не рыхлы, крамяны. Скажы: хвала і слава тым, Хто слова даў, палі араў. Начэй нямала недаспаў, Раллі тугія камякі Зрабіў рукой мякчэй мукі. Панчанка. // Круты (пра цеста).

3. Які цяжка сціскаецца або расцягваецца, нацягваецца; пругкі. Тугая гума. Тугая спружына. // Які вызначаецца вялікай сілай; напружаны. У шыбах зашумеў, засвістаў тугі сустрэчны вецер, і нейкі час чуваць былі толькі гэты шум і свіст, толькі песня вялікай хуткасці. Палтаран. Калючая, тугая вада страляе з крана. Вялюгін. Над прыціхлай зямлёй павіс тугі гул танкавых матораў, з-за лесу паказаліся лабатыя, з вуглаватымі вежамі машыны. «ЛіМ».

4. перан. Непадатлівы або скупы на што‑н., у якіх‑н. адносінах (пра чалавека). [Харытон:] — Тугія ў Муравейніках людзі. Не тое гета, што ў Бродзе. Адным словам, натурыстыя. Баранавых. [Афіцэр:] — Ціха! Глядзіце, каб вам не захацелася плакаць. — На плач мы тугія... — сказаў нехта з кутка. Пестрак. // Які марудна, з вялікімі цяжкасцямі ўспрымае, засвойвае што‑н. (пра разумовыя здольнасці чалавека). Нягледзячы на ўзрост — яму ўжо ішоў трэці год — хлапчук быў вельмі тугі на мову. Васілевіч.

5. перан. (звычайна ў спалучэнні са словамі «камяк», «камок»). Які сціскае моцна горла (пра спазмы ў горле пры адчуванні моцнай крыўды, радасці і пад.). Горкі тугі камяк вырас у грудзях, падступіў пад горла. Навуменка. У Паўла то падкочваўся к горлу тугі камок, то яму рабілася смешна. Грахоўскі.

•••

Тугі кашалёк гл. кашалёк.

Тугі (тугаваты) на вуха — які дрэнна чуе, недачувае, глухаваты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сабра́цца, збяруся, збярэшся, збярэцца; збяромся, зберацеся; зак.

1. Сысціся, з’ехацца ў адно месца. Заўтра дзень кірмашовы ў сяле Сілічах, Там, ён [Цімох] ведае гэта, збяруцца сябры. Куляшоў. Калі ж мы зноў збяр[о]мся ў цесны круг, Як раніцай збіраюцца заранкі? Глебка. Яшчэ ў першы дзень, як толькі Сашка прыехаў у Багатую Граду, у дзедаву хату сабралася нямала хлопчыкаў і дзяўчынак. Даніленка. // Адкрыцца, пачаць сваю работу (пра сход, пасяджэнне і пад.). Раніцай павінен быў сабрацца савет МТС. Лобан. Можна сказаць, не пас[я]дж[э]нне гэта было, а сапраўдны сход. Увесь сельсавет сабраўся, і так яшчэ актывістаў пазвалі. Чорны. // Згрупавацца тым ці іншым чынам вакол каго‑, чаго‑н. Сабралася ў кола Шаснаццаць сясцёр, Усе маладыя, амаль аднагодкі. Здружыла ў змаганні, ў паходах жыццё І працай зраднілі сясцёр пяцігодкі. Лужанін. // Зляцецца ў чародкі (пра птушак). Па позвах тых гусі З лясоў і балот Сабраліся: хутка У вырай адлёт. Калачынскі.

2. Дайсці да якой‑н. колькасці, да якога‑н. ліку. Гасцей сабралася чалавек дваццаць. Дуброўскі. Войска, брат, ёсць. Узвод — не ўзвод, а аддзяленне добрае збярэцца. Брыль.

3. Паступова накапіцца ў адным месцы, у адных руках. Аднойчы здарылася так, што нам выдалі стыпендыю ды мой старэйшы брат прыслаў мне дапамогу — рублёў дваццаць пяць. Разам у мяне сабраўся цэлы капітал. Дубоўка. // перан. Адкласціся ў душы, набалець. У гэтай сцэне сабраўся ўвесь накіп усяго таго, што рабілася каля .. карчмы праз шмат год. Чорны. Старая зноў ўспомніла Лідачку, Міхася, і ўся тая злосць на жыццё, якую яна толькі мела, сабралася, здаецца, адразу. Брыль.

4. Адвольна назбірацца ў якой‑н. колькасці (пра вадкасць, пару і пад.). [Залатарова:] — Усё зразумела. У воку сабралася глаўкомная вадкасць. Мяжэвіч. Ралля паруе — цеплыня Сабралася за час зімовы. Прануза. // Паступова насунуцца, згусціцца (пра хмары, навальніцу). Пад вечар шэрыя хмаркі ўсё ж такі сабраліся ў адну і затулілі ўсё неба. Маўр. / у безас. ужыв. І, бач, зноў жа сабралася на дождж. М. Стральцоў. // Пачацца ў выніку паступовага нарастання пэўных змен у атмасферы. Пад раніцу дождж збярэцца.

5. Набухнуць (пра пупышкі дрэў, кветак). На верхавіне сцябла парасонам сабраліся пучкі, гатовыя распусціцца ў кветкі. Маўр.

6. Падрыхтаваць усё неабходнае ў дарогу. Сабраўся дзед Баўтрук, забраў сякія-такія рэчы, сякерку сваю цяслярскую вострую ўзяў і, не аказаўшыся нявестцы, выйшаў з хутара на дарогу. Колас. // Намерыцца пайсці куды‑н., пабываць дзе‑н. Сабраўся аднойчы дзядзька Антось у лес, закінуў стрэльбу за плечы, гукнуў Таксу. С. Александровіч. — Куды гэта ў поўнач сабралася? — нездаволена спытала .. [Маню] маці. Васілевіч. // з інф. Наважыцца зрабіць што‑н. — Ці не вагоны ты перасаджваць сабралася? Якімовіч. Часамі мне хочацца як-небудзь сабрацца перачытаць іх [ апавяданні] ды паправіць. Скрыган. // Надумацца стаць кім‑н. Сабрацца ў інжынеры.

7. (звычайна са словамі «сілы», «думкі», «дух» і пад.). Унутрана арганізаваць сябе. Трэба было супакоіцца, сабрацца з сілаю, суняць сэрца ў грудзях, каб ударыць без промаху. Быкаў. Мімаволі падкасіліся ногі, і Анісся прыхілілася да заснежанага плота, каб аддыхацца, сабрацца з думкамі. Лынькоў. Разгублены Папас не ўмеў сабрацца са словамі. Галавач. І дзіва, чым бліжэй падыходзіў [Сіліцкі] да Людмілінага дома, тым больш пачынаў хвалявацца.. Каля самага дома ён аж прыпыніўся, каб сабрацца з духам. Арабей. // Напружыць мышцы, падрыхтавацца да якога‑н. руху, дзеяння. Усё .. цела [Аляксея] напружылася, сабралася. Мележ. Кошка ў гэты момант .. ужо сабралася скокнуць, каб схапіць вераб’я. Бяспалы.

8. Стуліцца, як быццам зрабіцца меншым. Вялікі жаль да бацькі агарнуў усю .. малую істоту [Міколкі], і ён нібы сабраўся ўвесь у маленькі камок. Лынькоў. Бровы яе збегліся на пераноссі, і ўвесь твар сабраўся ў жаласлівы камяк. Крапіва. // Утварыцца, з’явіцца (пра маршчыны, складкі). Залатыя дзянькі прайшлі і канулі ў нябыт. Маршчынкі, як павуцінне, сабраліся ўжо каля вачэй. Чарнышэвіч. Лоб сабраўся ў гармонік і гэтым выразна аддзяляў сябе ад лысіны. Кулакоўскі.

•••

Сабрацца адно к аднаму — накапіцца чаго‑н. дзе‑н. (пра справы, незадавальненне, гнеў). [Злобіч:] — Даруй, Рыгор ... неяк з гарачкі я ... Сабралася адно к аднаму. М. Ткачоў.

Сабрацца (пайсці) у прочкі — звычайна пайсці ад мужа; пакінуць сям’ю, сваю хату з прычыны неладоў.

Сабрацца (прыйсці) у свіныя галасы — позна, у позні час, са спазненнем.

Хмары сабраліся над кім-чым гл. хмара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)