Калі́ль ’калі-небудзь’ (калінк., З нар. сл.), коліль; (Янк. 2), колілься (калінк., З нар. сл.). Магчыма, з калінь, колінь (параўн. ніжэй), з асіміляцыяй ‑л‑ да ‑н‑. Па тэрыторыі гэтыя ўтварэнні, праўда, з розных арэалаў Палесся. Менш верагодна бачыць у другой частцы прасл. li‑, вядомае ў розных функцыях (гл. спец. ESSJ SG, 2, 409–413). Як здаецца, нельга вывесці з формы каліколь (гл. вышэй), фіксацыя якой відавочна ўскладняе этымалагізацыю гэтых лексем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каліко́лечы ’калі-небудзь’ (гродз., Сцяшк., МГ). У Сл. паўн.-зах. не адзначана, у іншых гаворках быццам бы таксама не фіксуецца. Паводле лінгвагеаграфіі і структурнаму падабенству можна параўнаць з польск. часціцай ‑kolwiek (i‑kolwie), аформленаму як надоечы (гл.). Не выключана таксама, што тут структура, паралельная да каліль (гл.) ’калі-небудзь’ (*каліколь?), параўн. калінеячы (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Ка́лінь, ко́лінь ’калі-небудзь’ (пін., Нар. лекс.). Прыклад мадэлі, рэпрэзентаванай такімі ўтварэннямі ў гаворцы, як дэнь ’дзе-небудзь’, хтонь ’хто-небудзь’, кудань ’куды-небудзь’, шчонь ’што-небудзь’. У рус. гаворках адзначаны ўтварэнні тыпу коли не, колино, якія адлюстроўваюць іншы тып утварэння і па значэнню не супадаюць з бел. прыкладам. Магчыма, аб такой самай рэдукцыі другога слова (якое ўспрымаецца як складанае з істотна рознымі па функцыі часткамі?) сведчыць і адзначанае на іншай тэрыторыі каліль, коліль. Ізаляванасць гэтых форм дазваляе меркаваць, што яны другасныя і паходзяць ад колінь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)