Казімі́р

назоўнік, уласны, адушаўлёны, асабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. Казімі́р Казімі́ры
Р. Казімі́ра Казімі́раў
Д. Казімі́ру Казімі́рам
В. Казімі́ра Казімі́раў
Т. Казімі́рам Казімі́рамі
М. Казімі́ру Казімі́рах

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

дрымо́тна,

1. Прысл. да дрымотны.

2. безас. у знач. вык. Пра дрымотны, санлівы стан. У невялікім фальварку пана Казіміра Рэклайціса не толькі ціха, але нават дрымота, сонна. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адука́цыя, ‑і, ж.

1. Навучанне, асвета. Грамадзяне СССР маюць права на адукацыю.

2. звычайна з азначэннем. Сукупнасць ведаў, набытых у выніку навучання. Вышэйшая, спецыяльная, сярэдняя адукацыя. □ Бацька Казіміра, Адам Рэклайціс, юрыст па адукацыі, уласнік трохсот дзесяцін зямлі разам з лесам, удзельнічаў у паўстанні 1863 года. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спіхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Тое, што і сапхнуць. Пакульгваючы, бягу да Казіміра, памагаю спіхнуць човен і саджуся на вёслы. Савіцкі. Не баяўся [Савелій], што які-небудзь спрытны інжынерык спіхне яго з месца. Шамякін. У Рыбакова паступова складаўся план — спіхнуць справу на каго-небудзь іншага, а самому заняцца чым-небудзь больш цікавым. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пы́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да пыхкаць.

2. Раптоўна і хутка заняцца агнём. Агонь .. [Падбярэцкі] расклаў адным махам — смалякі пыхнулі, як порах. Пташнікаў. Дасталі запалкі, падпалілі сухі ядловец, і касцёр адразу пыхнуў. Дубоўка. // Раптоўна загарэцца, засвяціцца ярчэй. Падышла дзяўчынка, высыпала з прыполу на вуголле шматкі бяросты. Ярка пыхнула полымя. Хомчанка. // Хутка і моцна пачырванець. Твар Казіміра зноў пыхнуў чырванню. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пяня́цця (пенятца) ’папікаць, дакараць, выгаворваць’ (Нар. Гом.), параўн. укр. пеняти ’наракаць; быць няўклюдным’, пеня ’бяда’, рус. пенять ’закідаць камусьці нешта; скардзіцца’, пеня ’папрок’, польск. pieniąc się ’абвінавачваць адзін аднаго; судзіцца’, pienia ’абвінавачванне ў судзе’. Апошняе з канцылярскай мовы ВКЛ (вядомае з 1392 г.): аже вчиниться пеня гостю в Литве (дамова Казіміра Ягайлавіча з Ноўгарадам і Псковам 1440 г.), лічыцца літуанізмам, параўн. літ. painė, painiava ’складаная, заблытаная справа’, у адрозненне ад пеня ’штраф’ (гл.), якое праз польск. репа з лац. росна ’кара’ (Банькоўскі, 2, 553; гл. таксама Фасмер, 3, 233). Дзеяслоў, відавочна, ад першага назоўніка, параўн. літ. painioti ’блытаць, заблытваць; ублытваць, умешваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дуга́, і́, ДМ ‑дузе́; мн. ду́гі (з ліч. 2, 3, 4 дугі́), дуг; ж.

1. Частка конскай збруі з сагнутага тонкага ствала дрэва, якая служыць для прымацавання аглобляў да хамута. Хутка Гнеды стаяў у аглоблях, пад жоўтаю кантоваю дугою. Гартны. Аднаго дня брычка са званочкам пад дугою пад’ехала да ганка пана Казіміра. Пестрак.

2. Частка акружнасці або круглаватай крывой лініі. Апісаць дугу. // у знач. прысл. дуго́й. У форме дугі, выгнутай лініі. Бровы дугой. □ Лес абгінаў сяло дугой. Шамякін.

3. Разм. Прыёмнік току на трамвайных вагонах. Ад слупа да слупа нацягнуты трасы, а да іх падвешаны правады, з якіх тралейбусныя штангі і трамвайныя дугі здымаюць ток. Жычка.

•••

Электрычная дуга; вольтава дуга — дугавы разрад паміж вугальнымі або металічнымі блізка размешчанымі электродамі.

Сагнуцца ў дугу гл. сагнуцца.

Сагнуць у дугу гл. сагнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкры́цца, ‑крыюся, ‑крыешся, ‑крыецца; зак.

1. Накрыцца, пакрыцца чым‑н. Васіль Сымонавіч прачытаў інфармацыю «З залы суда», пацікавіўся прагнозам надвор’я і ўжо збіраўся, як заўсёды, прыкрыцца газетаю і падрамаць з гадзінку. Арабей. Ліда ляжала на пасцелі, прыкрыўшыся да пояса лёгкаю дзяружкаю. Колас. Калгасны вартаўнік Максім, які сачыў за ўсім гэтым, лёг на посцілку, зверху прыкрыўся. Сабаленка. // Разм. Апрануцца збольшага. [Даміра:] — Бачыш, дзеўкі ў шаўках сядзяць. А пасля вайны прыкрыцца не было чым. Асіпенка. Не меў ён [Музыка] ні двара, Ні гароду; Толькі сярмяжку старую, — Прыкрыцца калі ў непагоду, — І жалейку жывую. Танк.

2. Засланіцца, загарадзіцца чым‑н. Увішны вадзіцель дае поўны ход назад, скіроўвае ўбок, пад мост, каб прыкрыцца ад агню. Гурскі. Насустрач выбеглі кіпарысы: «Ад нашага сонца, таварыш, прыкрыйся». Панчанка.

3. перан. Схаваць, замаскіраваць свае дзеянні, намеры. А я — паехаў, кінуў сябра, выкруціўся ад свайго дзяжурства, прымусіў Казіміра пайсці на варту, хоць чарга была мая. І чым прыкрыўся! Вельмі, маўляў, трэба пабачыць Валю, памагчы, пагаварыць з ёю. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заня́цца 1, займуся, зоймешся, зоймецца; заг. займіся; зак.

1. чым. Узяцца за якую‑н. справу, прыступіць да якога‑н. занятку. Заняцца спортам. □ Бумажкоў заняўся арганізацыяй вялікай сталоўкі і шпіталя. Чорны.

2. кім-чым і з кім-чым. Накіраваць сваю ўвагу на каго‑, што‑н., праявіць цікавасць да каго‑, чаго‑н. Заняцца хворым. □ Дзед Талаш, так удала вырваўшыся са свайго палону, заняўся Саўкам Мільгуном: што з ім рабіць? Колас. У аддзяленні Віцем заняўся пажылы светлавусы капітан. Якімовіч. Адукацыяй маладога Казіміра, якому было ў часе паўстання пятнаццаць год, заняўся нейкі дзядзька па матчынай лініі, засцянковы шляхціц, прызначаны судом за апекуна. Пестрак.

3. з кім-чым. Разм. Узяць на сябе кіраўніцтва кім‑, чым‑н., дапамагчы каму‑, чаму‑н. (у вучобе, занятках і пад.). Заняцца з адстаючымі вучнямі.

заня́цца 2, зоймецца; зак.

1. Загарэцца, успыхнуць. Было ўжо суха і горача. Ад гэтай хаты занялася другая, трэцяя — і пажар выкаціў амаль увесь гарадок. Лобан. Бацька прыбег на пажар, калі ўжо занялося і наша гумно. Хведаровіч.

2. Наступіць, пачацца (пра раніцу, зару і пад.). Заняўся ранак. Людзі ў поле Ідуць на працу грамадой. Прыходзька. Недзе далёка-далёка, там, дзе канчалася балота, заняўся золак, а я ўсё ляжаў і думаў. Бажко. / на што, безас. Каржакаваты хвойнік прытуліў .. людзей у сабе тады, калі неўзабаве павінна было заняцца на дзень. Чорны. // перан. Зарадзіцца, узнікнуць. У Марыны Паўлаўны занялася кволая невыразная надзея. Зарэцкі.

3. чым. Разм. Узяцца коркай, пакрыцца чым‑н. Антось тут сам пачаў тлумачыць: — Была паводка гэта, значыць, Вада па лузе разлілася, А потым лёдам занялася. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плы́сці і плыць, плыву, плывеш, плыве; плывём, плывяце; пр. плыў, плыла, плыло; заг. плыві; незак.

1. Перамяшчацца па паверхні вады або ў вадзе, робячы адпаведныя рухі рукамі і нагамі (лапамі, плаўнікамі і пад.). Расстраляўшы ўсе патроны, Старобінскі кінуўся плысці цераз Нёман. Гурскі. // Перамяшчацца па вадзе (пра карабель, лодку, плыт і пад.). Насустрач... [людзям] з другога берага плыла лодка. Якімовіч.

2. Ехаць на караблі, лодцы і пад. Плысці на параходзе. Плысці на пароме.

3. перан. Плаўна рухаючыся, перамяшчацца ў паветры. Над вёскай плыве ў небе ястраб. В. Вольскі. Угары эскадрыллямі плылі самалёты. Мележ. У небе, пераганяючы адна адну, плылі шэрыя хмары. Гурскі. І зноў на палі і на травы сівыя плывуць туманы. Кляшторны. / Пра месяц, сонца. Месяц ціха плыве Залатым чаўнаком. Бядуля. / Пра гукі, пахі. Над рэчкай плыла мелодыя нейкай вельмі знаёмай песні. Асіпенка. Праз запацелыя шыбы плылі гукі піяніна. Грахоўскі. Акно было расчынена насцеж, і ў пакой шырока плыў духмяны водар асенняга саду. Краўчанка. Пахла спелай збажыной — пах гэты плыў з палёў. Шамякін.

4. перан. Плаўна рухацца, ісці. На высокай роўнядзі ляжалі жоўтыя кучы саломы, а на хвалістай нізіне за сцяною жыта плыў камбайн. Дуброўскі. Бесперарыўны паток войск плыве і плыве па галоўнай вуліцы. Пестрак. // Прабягаць перад вачыма (тых, хто едзе на чым‑н.). І вось плывуць міма акна знаёмыя саснякі-пасадкі, шэрыя з лапінамі прозелені лугавіны, асеннія палі. Навуменка. // Аб чым‑н., што здаецца рухомым чалавеку ў паўпрытомным стане. А ў таго [Гарыка] ногі дрыжалі, у вачах плылі кругі. Скрыпка. Плывуць зялёныя кругі Ў яго [вязня] вачах. Колас. // Праходзіць у памяці (пра думкі, вобразы і пад.). Але зусім не туды плылі думкі Казіміра. Пестрак. // Ісці няспынным патокам (пра пісьмы, паперы і пад.). З ваяводства плылі загады за загадамі — узмацніць варты над банкамі, над маёнткамі, над касцёламі, пашырыць і узмацніць разведку. Пестрак.

5. перан. Праходзіць, мінаць. Праходзіў час, плылі нядзелі, Далёка бежанства, шпіталь, І дні дзяцінства адляцелі Кудысь у выцвіўшую даль. Колас. Над Старыцай, далёкім ад Мінска паселішчам, над палямі і ляснымі нетрамі, гэтак жа, як і над Мінскам, плыла позняя вераснёвая ноч. Хадкевіч.

6. перан. Высыпацца (аб пераспеўшым збожжы). Па сонцы жыта, як вада, плыве. Чуць дакранешся — усе зярняткі так і сыплюцца. Грахоўскі.

7. Разм. Тое, што і цячы (у 1 знач.). Вада ў рэчцы плыве, здаецца, цішэй. Чорны. У Мішкі з вуха плыве кроў, а з вачэй — слёзы. Лупсякоў.

•••

Плысці па цячэнню — прыстасоўвацца да абставін, дзейнічаць згодна з абставінамі, не выказваючы супраціўлення.

У рукі плыве — пра тое, што лёгка, без намаганняў дастаецца каму‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)