Астрэ́шыць, остре́шить ’пакрыць хату саломай’ (Шушк.). Дзеяслоў утвораны цыркумфіксам о‑ити ад стреха ’страха’ (гл. страха). Адсюль і остришнык (Клім.) ’саламяны снопік, які ідзе ў ніжні рад для пакрыцця страхі’: стрехаострешиеострешьныйострешник.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ісці́ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Нас., Сл. паўн.-зах.), іці́ (Нас., Бяльк., Шат., Сл. паўн.-зах.), іці́ць (Нас., Бяльк., Юрч., Мат. Маг.). Рус. идти́, дыял. пск. исти́, укр. іти́, польск. iść, в.-луж. hić, н.-луж. hyś, палаб. ait, чэш. jíti, славац. isť, славен. íti, серб.-харв. ѝћи, балг. и́да, макед. иде. Ст.-слав. ити, ст.-рус. итти, ити, итить, ст.-бел. ити. Прасл. *jьti, *jьdǫ — рэфлекс і.-е. *ei̯‑ ’ісці’; параўн. літ. eĩti, лат. iêt, ст.-прус. ēit, ст.-інд. éti, авест. aēiti, ст.-перс. aitiy, грэч. εἶμι, лац. īre, гоц. iddja ’ішоў’, тахар. i‑. Гл. Покарны, I, 293–294; Трубачоў, Эт. сл., 8, 247–248 (з літ-рай); Фасмер, 2, 117–118; Слаўскі, 1, 472–473; Махэк₂, 229 (суфіксальнае ‑d‑ звязвае з і.-е. *i‑dhi, загадны лад); Скок, 1, 707–708; Безлай, 1, 213–214. Збліжэнне з выклічнікам ei! (Крэчмер, Glotta, 13, 137) няпэўнае. Бел. ісці < *id‑ti.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абаку́ліваць ’падманваць, ашукваць’ (Нас., Бяльк.), абакуліцца ’памыліцца’ (Нас., Яруш.), абакульнік ’ашуканец’ (Бяльк.), абакула ’той, хто ашуквае’ (Касп., Яруш.) < *о‑ба‑кул‑ити < *бакуля < *бакаць. Што датычыць словаўтваральнай мадэлі, параўн. абдзяжуліць (гл.). Рус. бакулить ’гаварыць, балбатаць’, бакуля, бакуня ’балбатун’, бакать ’гаварыць, балбатаць’. Параўн. ст.-польск. bakać, чэш. bakati ’зваць’ (< прасл. bajati ’гаварыць’). Інакш Фасмер, 3, 97, які абакуливать < аб + акула. Рус. окула ’ашуканец’ хутчэй за ўсё памылковая дэкампазіцыя ад обакулить, бакулить. Гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 1, 17. Гл. бакулы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абазу́рыцца ’страціць сорам’ (Касп.) < *обо‑зор‑ити‑ся. Параўн. рус. пск. абазуриться ’прыстасоўвацца, сваволіць’, абазурнік ’нахабнік, гультай’, абазурить ’страціць сорам’, абазориться (‑абазуриться), абазорник (‑абазурник; параўн. рус. озорник, зазорный, позор). Магчыма, таксама кантамінацыя абазориться з опозориться. Неверагодна Тапароў (Зб. Бернштэйну, 455), які сцвярджае іранскую крыніцу для гэтага слова. Маецца на ўвазе ўзнікшае на аснове ст.-іран. zūrah ’несправядлівасць’, ст.-перс. zūrah ’тс’ гіпатэтычнае *aba‑zū̆r з наступным марфалагічным перараскладам на славянскай моўнай глебе. Супраць іранскай крыніцы таксама лінгвагеаграфія слова. Гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 1, 17.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аско́р ’ачыстка ствала ад кары’ (Сцяшк.). Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова *аскарыць, *аскараць, што павінен быў азначаць ’ачышчаць ад кары’; блізкі дзеяслоў вядомы ў польскай oskórować ’здымаць скуру; забяспечваць скураным пакрыццём’, аднак генетычна зразумела толькі другое значэнне, якое надаецца пры ўтварэнні дзеясловаў паводле мадэлі о‑ + корань назоўніка + ити са значэннем ’прыдаць тое, што выражана назоўнікавым коранем’ (параўн. аснасціць, ашкліць). Для першага значэння больш характэрна выкарыстанне прэфікса ‑ад (параўн. і польск. odskórzanie ’здыманне скуры’). Пры замацаванні зафіксаванай дыялектнай формы з а‑, а не ad‑, магчыма, мела значэнне наяўнасць элемента ‑c‑, які ўспрымаўся не як частка кораня (што атаясамліваўся з кара, кор‑, а не з скор‑), а як прэфіксальны элемент з‑ (с‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)