Жо́ўты. Рус. желтый, укр. жо́втий, польск. żółty, серб.-луж. žółty, чэш. žlutý, славац. žltý, балг. жълт, макед. жолт, серб.-харв. жу̑т, славен. žôlt ’тс’. Ст.-слав. жлътѣница ’гатунак салаты’, ц.-слав. жлътъ ’жоўты’. Ст.-рус. жьлтый ’тс’. Параўн. яшчэ вытворныя жаўток, жаўцець, жаўціна прасл. характару і шэраг пазнейшых. Прасл. *žьltъ, роднаснае літ. gel̃tas ’жоўты’, лат. dzęltęns, ст.-прус. gelatynan ’тс’, узыходзіць да і.-е. кораня *gʼhel‑ або *ghel‑. Покарны (1, 429–30) лічыць зыходным першы, які мае шэраг і.-е. адпаведнікаў (у тым ліку ст.-іран. zari ’жоўты’, лац. helvus ’мёдава-жоўты’, брэтонск. gell ’светла-карычневы’, ням. gelb ’жоўты’ і інш.), але на слав. грунце дае зялёны, залаты (гл.). Тады, паводле Покарнага (услед за Персанам і Крэчмерам), балта-слав. *gel‑ тлумачыцца запазычаннем з моў kentum. Іншае тлумачэнне балта-слав. форм: праз наяўнасць і.-е. *g​hel‑ (> *gel‑, *gil‑), якое давала слав. *žьl‑ і ўзаемадзейнічала з *gʼhel‑ (Тапароў, E–H, 199). Так ці іначай у жоўты адлюстравана балта-слав. суфіксацыя *‑t‑, прычым у слав. корані (у адрозненне ад балт.) ‑ĭ‑. Гл. Фасмер, 2, 43–44; Траўтман, 83–84; Шанскі, 1, Ж, 282; Булахаў, Прым., 3, 76; Махэк₂, 730. Гл. яшчэ жоўць1, жоўкнуць, жаўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жо́ўкнуць ’рабіцца жоўтым, жаўцець (пра зеляніну)’ (ТСБМ). Рус. же́лкнуть, укр. жо́вкнути, польск. żółknąć, славац. žltnúť, дыял. žlknuť, балг. жлътвам се, серб.-харв. жу̏тнути ’жоўкнуць’, чэш. žluknouti ’набываць непрыемны запах і горкі смак, псавацца (пра тлушч)’, славен. žółgniti, žółkniti ’псавацца (пра арэхі, муку і г. д.)’. Балг., серб.-харв., славац. формы з ‑t‑ адлюстроўваюць кантамінацыю з жоўты (гл.). Для іншых рэканструюецца прасл. *žьlknǫti са значэннем ’псавацца, горкнуць, жоўкнуць (пра зеляніну)’, дзе ‑nǫ‑ti — дзеяслоўныя суфіксы. Элемент *žьlk‑ (Брукнер, 665) выступае ў значэнні ’горкі’ (жоўклы агурок, жаўкляк таксама, як і тлушч, і арэхі, горкі); ён, аднак, ужо адлюстроўвае ўплыў *žьlt‑. Зыходнай слав. формай можна лічыць *zьlknǫti. Магчыма, такая форма адлюстравана ў чэш. дыял. zelknouti, zliknút ’жоўкнуць’, zalklý ’затхлы’, якія прыводзіць Махэк₂, 729. Менавіта ад формы *zьlk‑ ’горкі’ ўтвораны адцягнены назоўнік ад прыметніка на > ‑ь: *zьlčь ’жоўць’, адлюстраваны ў ранейшых. ст.-слав. помніках як злъчь. Назва жоўці (гл.) потым зазнала ўплыў слова жоўты, як і жоўкнуць. І.‑е. адпаведнікам для *zьlk‑ ’горкі’, магчыма, трэба лічыць занатаваную у Покарнага (1, 434) форму gʼhēlā: ст.-інд. hālā ’гарэлка’, грэч. χάλις ’неразбаўленае віно’. Але магчыма, што сюды і корань gʼhel‑ (Покарны, 1, 429), прадстаўлены грэч. χολος ’жоўць, злосць’, ст.-в.-ням. galla ’тс’. ‑к‑ звычайна — пашырэнне кораня. Магчыма, без гэтага пашырэння корань прадстаўлены ў *zъlъ (гл. злы), які ў Покарнага (1, 489–90) семантычна не вельмі верагодна аднесены да сям’і *g̑h​uel ’згінацца’: не выпадкова так шырока вядома пераноснае значэнне *žьlčь ’злоба’. Іншыя тлумачэнні: Махэк₂ (729) супастаўляў žluknouti (бел. форму ён не ўказваў) з рус. ёлкийбел. ёлкі, ёлкнуць, гл.) і выводзіў žluknouti з jьz‑jьlъk‑nǫti. Фасмер (2, 43 і 45), спасылаючыся на познюю фіксацыю желкнуть, схільны лічыць яго прадуктам трансфармацыі желтый, а ўзнікненне ‑к‑ на месцы ‑т‑ тлумачыць праз форму *žьltlъ (адкуль желклый), у якой, відаць, адбылася дысіміляцыя. Так ці іначай форма жоўкнуць*zьlčь > жоўць) у далейшым семантычна развівалася побач з жоўты і пад яго моцным уплывам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)