трыумфа́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які служыць для ўрачыстага шэсця трыумфатара; збудаваны ў гонар якога‑н. трыумфу, перамогі, урачыстасці. Трыумфальная арка.

2. Урачысты, пераможны; які праходзіць з незвычайным уздымам. Трыумфальнае шэсце. □ — Цімафей Ільіч хоча зрабіць у ваш гонар, Міхаіл Дзям’янавіч, нейкае трыумфальнае віншаванне, — сказаў Трухан. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бандэро́ль, ‑і, ж.

1. Шырокая папяровая абгортка для ўпакоўкі кніг, дакументаў пры паштовых перасылках. // Паштовае адпраўленне ў такой упакоўцы. [Паштальён:] — А вам, Міхаіл Дзям’янавіч, сёння тры тэлеграмы, дзве заказныя бандэролі і пісем штук пяць. Даніленка.

2. Папяровая наклейка на тавары, якая сведчыць аб тым, што пошлінныя зборы за гэты тавар заплачаны.

[Фр. banderole.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

квіты́, у знач. вык.

Разм. Разлічыліся, расквіталіся. — Апошні воз бульбы, Андрэй Дзям’янавіч, у лік плана адправіў на нарыхтоўчы пункт. З дзяржавай мы квіты. Хадкевіч. — Вазьміце граду, а то і дзве з нашага агарода за хатай, і будзем квіты, — прапаноўвалі адзін перад адным памяркоўныя хлопцы, але стары ўпарта стаяў на сваім. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мі́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які любіць мір, згоду, не схільны да сваркі; рахманы. Мірны характар. □ Ануфрый Скірдзель чалавек працавіты, дабрачынны, мірны, сумленны. Ларчанка. Мядзведзі былі рахманыя і мірныя. В. Вольскі. // Не варожы; схільны да згоды. Часта спрачаліся Аляксандр Дзям’янавіч і дзядзька Мірон .. Але спрэчкі гэтыя былі зусім мірныя. Лынькоў.

2. Які нічым не парушаецца, поўны ўнутранага спакою. Усё навокал зіхацела блакітам і зеленню, і стаяла такая мірная цішыня. Гарбук. Мірны лірычны пейзаж: лужок, старыя дубы, бярозы, рачулка. Бядуля.

3. Які мае адносіны да міру ​1 (у 2 знач.); не ваенны. Мірныя абставіны. □ За два гады .. [галоўны ўрач партызанскай брыгады] навучылася ўсяму, чаму ў звычайных мірных умовах нельга было б навучыцца і за дзесяцігоддзе. Шамякін. // Які адбываецца ў абставінах міру, які не парушаецца вайной. Мірнае будаўніцтва. □ Работай мірнай, шчаснай Заняты твой народ: Рабочы і калгаснік, Вучоны і пілот. Глебка. Вось яно і прыйшло, нарэшце, шчасце: мірная праца, каханне, сям’я. Брыль. // Які не прымае ўдзелу ў ваенных дзеяннях; цывільны. Мірныя жыхары. □ Акупанты грабілі беларускі народ, вывозілі ў Германію збожжа, жывёлу, лес, сыравіну, чынілі дзікія расправы над мірным насельніцтвам. «Весці». // Які праводзіць палітыку міру. Мірная дзяржава.

4. Звязаны з заключэннем дагавору аб міры. Мірныя перагаворы. Мірны дагавор.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)