Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́МАН (Сяргей Дзям’янавіч) (24.9.1917, г. Ейск Краснадарскага краю, Расія — 24.6.1944),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з 1943. Стралок радавы Р. 1-га Бел. фронту вызначыўся ў Бел. аперацыі 1944 у баі каля в. Пружынішчы Акцябрскага р-на Гомельскай вобл., калі першы ўзняўся ў атаку, натхняючы байцоў асабістым прыкладам; паранены, у рашаючы момант атакі закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ЦКІ (Сяргей Дзям’янавіч) (5.11. 1913, в. Мудроўка Мінскага р-на — 20.9.1944),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Варонежскі зоатэхн. ін-т (1938). Працаваў у Смаленскай вобл. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах., 1-м Укр. франтах Удзельнік вызвалення Луцка, Бродаў, Перамышля.
Камандзір кав. эскадрона, ст. лейт. К. вызначыўся пры выхадзе на чэхаславацкую граніцу 19—20.9.1944, калі яго эскадрон захапіў 2 варожыя батарэі, 7 аўтамашын, знішчыў больш за 70 гітлераўцаў. Загінуў у гэтым баі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНЦЭ́ВІЧ (Анатоль Дзям’янавіч) (н. 6.8.1934, в. Свіслач Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
расійскі фізікахімік. Акад.Рас.АН (1987, чл.-кар. 1981). Ген.-лейт. (1987). Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Ваен. акадэмію хім. аховы (1958), дзе і працаваў (з 1977 праф.). Дырэктар Цэнтра экатаксіметрыі пры Ін-це хім. фізікі Рас.АН. Навук. працы па арган. і прыкладной хіміі, даследаванні новых рэчываў і іх рэакцыйнай здольнасці ў монамалекулярных слаях, на мяжы падзелу фаз у мнагафазных сістэмах. Распрацаваў тэарэт. асновы стварэння высокарэакцыйных сарбентаў. Абгрунтаваў канцэпцыю «каардынацыйнага эфекту» ў рэакцыях нуклеафільнага замяшчэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЎНІР (Сцяпан) (Стафан) Дзям’янавіч (1695, с. Гваздоў Кіеўскай вобл. — 1786),
украінскі дойлід. Прыгонны Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе працаваў больш як 60 гадоў пад кіраўніцтвам і сумесна з П.Няелавым, Г.І.Шэдэлем, І.Грыгаровічам-Барскім. Пабудовы К. ў стылі ўкр. барока: т.зв. Коўніраўскі корпус (1744—72), званіцы на Далёкіх (1754—61) і Блізкіх (1759—62) пячорах і інш. ў лаўры, Клоўскі палац (1754—58, з Няелавым), званіца Брацкага манастыра на Падоле (1756, не захавалася) — усе ў Кіеве; царква Антонія і Феадосія і званіца ў Васількове (1756—58), Троіцкая царква ў Кітаеве (1763—67) каля Кіева.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ПА (Лапо) Мацвей Міхаіл Дзям’янавіч
(Дамінікавіч; 13.10.1788, б. маёнтак Рудобелка, цяпер у складзе г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл. — 27.8 1840),
удзельнік руху дзекабрыстаў. Выхоўваўся ў Магілёўскім езуіцкім калегіуме, Пецярбургскім пансіёне пастара Колінса. З 1819 у лейб-гвардыі, з 1824 падпаручнік. З 1819 чл. тайнага т-ва «Хейрут» («Вольнасць», філіял «Саюза дабрабыту»). У снеж. 1825 спрабаваў узняць на паўстанне каля Пецяргофа батальён, у якім служыў. Арыштаваны 4.1.1826. Разжалаваны ў радавыя без пазбаўлення дваранства, у вер. 1826 пераведзены ў Каўказскі асобны корпус, дзе даслужыўся да чыну прапаршчыка. У 1835 звольнены ў адстаўку, жыў на радзіме ў Рудобелцы пад наглядам паліцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗЬ (Піліп Дзям’янавіч) (1890, в. Масева Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 27.11.1937),
дзяржаўны дзеяч БССР. Вучыўся ў Баршаўскім тэхн. вучылішчы. З 1905 працаваў у Варшаве, Маскве, вучыўся на камандзірскіх курсах у Лефортаве, служыў ваен. камісарам аднаго з раёнаў г. Масквы. З 1918 у органах дзяржбяспекі: чл. Кантрольнай калегіі ВЧК, нач. асобага аддзела ВЧК на Зах. фронце і інш. У 1924—25 старшыня Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення БССР і адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНКСССР па Зах. краі. Удзельнік аперацыі па арышце ў Мінску Б.В.Савінкава. З 1926 паўнамоцны прадстаўнік АДПУ па Далёкаўсх. краі, АДПУСССР у Ленінградскай ваен. акрузе і Ленінградскай вобл. З 1934 нач. упраўлення НКУССССР па Ленінградскай вобл. У снеж. 1934 арыштаваны і зняволены на 3 гады «за злачынна-халатныя адносіны да службовых абавязкаў», якія прывялі да гібелі С.М.Кірава. 27.11.1937 паўторна асуджаны і пакараны смерцю. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРЭ́НКА (Васіль Дзям’янавіч) (19.6.1923, г. Днепрапятроўск, Украіна — 16.9.1983),
бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1955, клас І.Патаржынскага). З 1955 працаваў у Пермі і Маскве. З 1960 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. У операх бел. кампазітараў выканаўца партый: Лявон Бурак («Калючая ружа» Ю.Семянякі, Апанас («Алеся» Я.Цікоцкага), Лагоўскі («Яснае світанне» А.Туранкова), Платонаў («Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера), сенатар Фаскары («Джардана Бруна» С.Картэса); у класічным рэпертуары — Анегін, Ялецкі, Роберт («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Жэрмон («Травіята» Дж.Вердзі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Малатэста («Дон Паскуале» Г.Даніцэці), Валянцін («Фауст» Ш.Гуно), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), граф Альмавіва («Вяселле Фігара» В.А.Моцарта), а таксама камісар Арцем’еў («Брэсцкая крэпасць» К.Малчанава), Фердынанд («Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’ева). Вёў канцэртную дзейнасць. З 1980 выкладаў у Бел. кансерваторыі (у опернай студыі кансерваторыі паставіў оперы «Паяцы» Р.Леанкавала і «Яўген Анегін»). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне твораў Мусаргскага (1956).