прыту́лак, ‑лку, м.

1. Месца, дзе можна схавацца ад каго‑, чаго‑н., адпачыць, прабыць патрэбны час. Амаль кожная кватэра давала прытулак двум, тром ці нават чатыром сем’ям. Мележ. Сафрон Дзядзюля .. цёрся каля бежанскай фурманкі, пакуль высокі гаспадар яе хадзіў па хатах і апытваў прытулку. Чорны.

2. У дарэвалюцыйнай Расіі — дабрачынная ўстанова для сірот, беспрытульных дзяцей, старых і інш. Камітэт па справах бежанцаў змясціў хворую ў бальніцу, а сямігадовую Галіну накіраваў з партыяй дзяцей у адзін з дзіцячых прытулкаў Мінска. Галавач. Прыйшлі людзі, пагаравалі і, гледзячы на сірот, сказалі: — Куды іх цяпер? Застаецца адно — у прытулак. Данілевіч.

3. Права бяспечнага пражывання, што дае якая‑н. дзяржава іншаземным грамадзянам, якіх праследуюць улады іншых краін. Беларуская ССР дае права на прытулак іншаземцам, якія праследуюцца за абарону інтарэсаў працоўных і справы міру, за ўдзел у рэвалюцыйным і нацыянальна-вызваленчым руху, за прагрэсіўную грамадска-палітычную, навуковую або іншую творчую дзейнасць. Канстытуцыя БССР.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адлюстрава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. адлюстроўваць — адлюстраваць і адлюстроўвацца — адлюстравацца.

2. Адбітак прадмета на гладкай люстранай паверхні. Адлюстраванне лодкі ў возеры нічым не адрознівалася ад рэальнай лодкі на паверхні. В. Вольскі. Пазаўчора я аглядаў у вадзе нейкай пушчанскай сажалкі сваё даволі журботнае адлюстраванне. Брыль. // Адбітак у нашай свядомасці з’яў аб’ектыўнай рэальнасці. Ленінская тэорыя адлюстравання. □ Матэрыялізм — прызнанне «аб’ектаў у сабе» або па-за розумам; ідэі і адчуванні — копіі або адлюстраванні гэтых аб’ектаў. Процілеглае вучэнне (ідэалізм): аб’екты не існуюць «па-за розумам»; аб’екты ёсць «камбінацыі адчуванняў». Ленін.

3. Тое, што ўвасабляецца, выяўляецца ў мастацкіх вобразах, малюнках і пад. У вершах, апавяданнях і байках, з якімі К. Крапіва выступіў у друку, шырокія масы працоўных убачылі адлюстраванне сваіх поглядаў, думак і пачуццяў. Казека.

4. Тое, што з’яўляецца вонкавым выяўленнем чаго‑н.; адбітак. Хоць Дзядзюля і не разбіраўся лішне ў тонкасцях тых адлюстраванняў, якія кладзе душа на твар, усё ж ён.. падумаў, што гэтая жанчына ўжо, мусіць, глыбока ведае цану з’явам свету. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)