сэцэ́сія, ‑і, ж.

1. У Старажытным Рыме — дэманстрацыйны выхад плебеяў за рысу горада, што з’яўлялася своеасаблівай формай іх барацьбы з патрыцыямі. // Раскол у якой‑н. арганізацыі.

2. Назва антыпартыйнай нацыяналістычнай групоўкі, якая ўтварылася ў снежні 1924 года ў Цэнтральным камітэце Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Тады Гурын арганізоўвае раскол партыі (так званую сэцэсію) і абвяшчае сябе кіраўніком адколатай групы. Машара.

[Лац. secessio — пакідаць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раско́л, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. расколваць — раскалоць і расколвацца — раскалоцца.

2. Месца, па якім што‑н. расколата або раскалолася; трэшчына. Лінія расколу.

3. перан. Раздзяленне каго‑, чаго‑н. на групы, часткі, абумоўленае наяўнасцю рознагалоссяў. У час спробы зрабіць раскол у партыйнай арганізацыі палітзняволеных Хмель быў выкрыты і выключаны з радоў партыі. Хромчанка. Гурын арганізоўвае раскол партыі.. і абвяшчае сябе кіраўніком адколатай групы. Машара.

4. Рэлігійна-грамадскі рух у Расіі, які ўзнік у сярэдзіне 17 стагоддзя, быў накіраваны супраць царквы і закончыўся ўтварэннем шэрагу сект.

5. Стараверства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стра́ціць, страчу, страціш, страціць; зак., каго-што.

1. Застацца без каго‑, чаго‑н. Лізавета Назараўна канчаткова страціла субяседнікаў. Корбан. Сяргей працуе бухгалтарам у сваім калгасе. Ён на фронце страціў нагу. Чарнышэвіч. Я ўсё кахаў цябе, Таіса, і мне цяжка было адчуваць, што назаўсёды страціў цябе. Скрыган. // Панесці страты (пра тых, хто загінуў, памёр). Страціла Радзіма мая столькі сыноў, колькі ў лесе дубкоў. Грачанікаў. Васіль Чаравака страціў бацьку, маці і замужнюю маладую сястру. Пестрак. // Панесці страты ў жывой сіле, тэхніцы ў час вайны, бою. У баі страцілі пятнаццаць чалавек. / Пра кроў. [Кастусь] ранен у бок і напэўна страціў многа крыві. Чорны.

2. Марна, без карысці патраціць што‑н. дарагое, каштоўнае (час, грошы і пад.). — А цяпер давайце ўсё-ткі займацца, а то мы цэлы вечар страцім, — у каторы раз схіліўся Косця над чарцяжом. Шыцік. [Чалавек:] — Я лепш галодны пасяджу, а капейкі не страчу. Чорны. Кратаў скронь пасівелую, Сумаваў, не таю: Ах, шкада, што даспелую Восень страціў сваю. Бялевіч.

3. Перастаць мець што‑н., валодаць чым‑н.; не захаваць, не зберагчы што‑н. У целе — дзіўная лёгкасць, быццам яно страціла вагу. Шамякін. [Хлопцы] ж страцілі апошнія сілы ў змаганні за вызваленне. Маўр. / Пра пачуцці, сімпатыі і пад. На вясну Аня выйшла замуж за футбаліста і ўжо страціла ранейшую прыхільнасць да Веры. Кулакоўскі. / Пра прывілеі, правы і пад. Гурын страціў права на літасць. Машара.

4. Застацца часткова або поўнасцю без якіх‑н. уласцівасцей, якасцей, сувязей і пад. Страціць надзею. Страціць вартасць. Страціць кантакт. □ Пан Вашамірскі болей іншых страціў гумар. Бядуля. Вось суровыя рады бярозавых крыжоў на самай ускраіне сяла ўжо страцілі свой беласнежны колер. Лынькоў. Перад дажджом крымская прырода страціла яркія фарбы. Лужанін. Няскошаныя травы пастарэлі, пажухлі, але яшчэ не страцілі водару. Гамолка. У вайну мы [Ваня і Жэня] страцілі ўсякую сувязь, і, калі сказаць праўду, зусім забыліся адно на аднаго. Васілевіч. // Выйсці з ранейшага становішча; змяніць размяшчэнне, позу. Упаў Даніла ў злосць, у ярасць, Уладу страціў над сабой. Колас. [Васпаваты чалавек] наважыўся ўдарыць Станіслава ў твар, але пахіснуўся, п’янае тулава страціла раўнавагу — ён грузка чмякнуўся аб падлогу. Мікуліч.

5. Збіцца, згубіць (пра дарогу, сцежку і пад.). Немцы не адважыліся ісці за .. [партызанамі] ці можа страцілі след. Мележ.

6. Абл. Загубіць, знішчыць. Надумаліся паны са свету .. [музыку] страціць. Якімовіч.

•••

Страціць ласку у каго — перастаць быць у пашане, у павазе.

Страціць прытомнасць — самлець, абамлець.

Страціць розум — здурнець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)