гуме́нца

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, ніякі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. гуме́нца гуме́нцы
Р. гуме́нца гуме́нцаў
Д. гуме́нцу гуме́нцам
В. гуме́нца гуме́нцы
Т. гуме́нцам гуме́нцамі
М. гуме́нцы гуме́нцах

Крыніцы: nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

гуме́нца, ‑а, н.

Памянш.-ласк. да гумно; невялікае гумно. І вось над хатай, над гуменцам Сняжынкі жвавыя гуляюць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

параздзіма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Раздзьмуць усё, многае. Гуменца, крытае саломай, Ад доўгіх часаў пасівела; Салома кудламі вісела, Яе вятры параздзімалі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасцяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Тое, што і пасцягваць. Гуменца, крытае саломай, Ад доўгіх часаў пасівела, Салома кудламі вісела, Яе вятры параздзімалі, А трохі хлопцы пасцягалі, На стрэху лазячы, бывала. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прарэ́х, ‑а, м.

1. Разадранае ці разрэзанае месца ў адзенні; дзірка. Шырокі прарэх адкрывае грудзіну і жывот. Колас. // Адтуліна, дзірка ў чым‑н. Пакрыўленае гуменца свяціла прарэхамі ў страсе, праз якія відно было, як дрыжэлі зоры на сінім пагодным небе. Пестрак. // перан. Недахоп, недагляд. — Непаладак і прарэхаў у рабоце ў нас яшчэ шмат, — прамовіў .. [Дубовік] з неахвотай. Сіўцоў. [Сакратар:] — Каму-каму, а табе вядома, што пры ўсёй той велізарнай рабоце, якую вядзём у апошнія гады, і пры пэўных поспехах хапае і прарэхаў. Шамякін.

2. Пярэдні разрэз у штанах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Кале́шня, коле́шня і кол́эшня: ’гуменца для сена, саломы’ (кам., Нар. сл.), ’мякіннік, прыбудова да хлява, гумна’ (кам., Нар. сл.), ’паветка для калёс, плуга, бараны, саней’ (кам., брэсц., малар., пін., стол., Нар. сл.; Хар.), ’прыбудоўка, дзе знаходзілася майстэрня на колы, калёсы’ (пруж., кобр., драг., усх.-палес., Нар. сл.), ’дрывотня’ (зах.-палес., Нар. сл.; малар., Харузін). Фанетычны варыянт да калесьня ў падобных значэннях. Яшчэ Харузін (263) пісаў: «Слово колешня, по-видимому, стоит в прямой связи с общеславянским словом коло — круг, колесо». Паводле семантыкі — інавацыя, з падобнай фанетыкай адзначаецца і ў іншых, відавочна, укр. або блізкіх ім гаворках. Статус інавацыі не вельмі ясны. Параўн. укр. валын. колешня ’дрывотня’, гуц. ’вазоўня; таксама і для жывёлы пад адным дахам з хатай’, колішня ’двухколавы перадок у плузе’, рус. дан. ’першая пара быкоў, якая знаходзіцца непасрэдна каля пераду плуга’. Адносна суфіксацыі гл. яшчэ Сцяцко, Афікс. наз., 165–166.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цьмець, ‑ее; незак.

Разм.

1. Цьмяна гарэць; ледзь свяціцца. Толькі каля вакзальчыка цьмеў ліхтарык. Пестрак. Там-сям у лесе цьмелі чырвоныя вогнішчы, .. цямнеліся фурманкі, кухні. Гарэцкі. // перан. Скрыта існаваць, тлець. У ягонай [Турковай] душы цьмела ўсё тая капітанава абяцанка наконт разведкі. Быкаў.

2. Станавіцца цьмяным, цямнейшым. Неба на ўсходзе пачынала шарэць і зоры цьмелі. Чорны. // перан. Станавіцца менш выразным, менш яскравым, нязначным. Цьмеў воблік малой, паціху, непрыкметна, але адыходзіў у нябыт. Мележ. Тое, што .. [Марына] цяпер не адна, а з бацькам, вярнула да яе многа дзіцячага, што ў адзіноце пачало ўжо цьмець і губіцца. Чорны.

3. Вылучацца сваім цьмяным колерам; цямнецца. Наперадзе, метраў за дзвесце ад хаты, чарнелі сцены старой пуні, за ёй слаба цьмеў лясок. Хадкевіч. [Рыбак] павярнуў па цаліку да знаёмага гуменца, касабокія будынкі якога цьмелі непадалёк у змроку. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свяці́ць 1, свячу, свеціш, свеціць; незак.

1. Выпраменьваць святло ў прастору. Некалькі дзён быў дождж, а сёння свеціць сонца. Брыль. Спі, маленькі мой сыночак! Вочкам не міргні: Свеціць месяца кружочак, Ты ж аб долі спі. Купала. Па небе плыў, амаль што бег месяц, была ноч, свяцілі то тут, то там, прарэзаўшыся праз рэдкія хмары, зоры. Сачанка. Грукала цяпер ужо цішэй і недзе збоку, далёка за Лонвай. Толькі маланкі свяцілі і свяцілі, ад іх рабілася цямней і на дарозе, і ў полі. Пташнікаў. // Накіроўваць святло асвятляльнага прыбора ці іншай крыніцы святла ў які‑н. бок. Убачыўшы Курловіча,.. [Дзям’ян] працягнуў з падкрэсленай пашанай: «А-а-а!» — і стаў, ідучы, старанна свяціць яму пад ногі. Дуброўскі. Архіп Паўлавіч дастаў ліхтарык і доўга свяціў ім. Шашкоў. // перан.; каму. Прыносіць радасць, шчасце, здавальненне. Я помню толькі ясныя раніцы, ясныя дні і вечары, бо Ганіна каханне свяціла мне, як само сонца. Чарнышэвіч. Жыў чалавек на свеце, Якому лёсам суджана было Сказаць, Што шчасце толькі смелым свеціць, Што толькі ў рэвалюцыі святло... Свірка.

2. Ззяць, адбіваючы святло, прамені. На гімнасцёрцы ветэрана свяцілі медалі. // Вылучацца сярод іншых прадметаў сваім светлым колерам, быць бачным, віднецца (пра што‑н. светлае). Белымі прамавугольнымі плямамі свяціла падлога. Гэта сталяр уставіў на месца праламаных дошак новыя. Нядзведскі. Меншы [хлопец] быў у вялікай чорнай кепцы — пасунулася аж на вочы; з’ехалі штаны, і на спіне свяціла голае цела — вузкай белай палоскай. Пташнікаў. // Выглядаць, быць старым, трухлявым і пад. (пра дзіравае адзенне, збудаванне і пад.). Пакрыўленае гуменца свяціла прарэхамі ў страсе. Пестрак.

3. перан. Іскрыцца святлом радасці (пра вочы); быць азораным унутраным святлом (пра твар). Ты ж, як праходзіш знаёмаю сцежкай, свеціш сустрэчным гарэзнай усмешкай. А. Вольскі. Аб шчасці марыцца, калі Нязгасным бляскам вочы свецяць... Тарас.

4. Траціць здольнасць бачыць; слепнуць (пра вочы). [Дзед:] Вочы дрэнна ўжо свецяць, Пачытай ты мне, голубе. Гілевіч. Ледзь не грудзьмі ўзлёгшы на руль, выехаў [каваль] з гаража, узяўся на дарогу і тут адчуў, што і рукі млеюць, і вочы слаба свецяць. Кулакоўскі.

5. перан. Заставацца неўміручым, вечным. Але песня не памерла, яна свяціла і будзе свяціць праз вякі, бо толькі ў ёй ідэал народнага шчасця. Навуменка. Памяць пра Коласа... Гэта яго кнігі, якія будуць свяціць вечна. «ЛіМ».

•••

Свяціць вачыма — аказацца ў няёмкім становішчы, знаходзіцца ў стане разгубленасці.

Свяціць голым целам — быць апранутым у падраную вопратку, бедна.

свяці́ць 2, свячу, свеціш, свеціць; незак., каго-што.

Выконваць над кім‑, чым‑н. царкоўны абрад асвячэння; асвячаць. Свяціць ваду. Свяціць хлеб. □ З самае раніцы ў царкву, што стаяла за мястэчкам, ішлі людзі свяціць вярбу. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агу́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ажыццяўляецца ўсімі, у якім усе ўдзельнічаюць. Агульная справа. □ — Хлопцы, дзяўчаты, давайце танцаваць! Агульныя танцы! — камандаваў Андрэй. Дуброўскі.

2. Які належыць усім (пэўнай групе, калектыву); калектыўны. Дубейка пахадзіў па парабках, гаворачы, што трэба заводзіць агульную гаспадарку. Скрыган. Калгасны свіран, ну, як сонца, Святлее беллю сваіх сцен. А паглядзіце на гуменца — Прад ім старыя гумны — тлен. Прасторна, светла ў ім, утульна. Зірнеш — каўказская гара. А колькі зложана дабра. То — ўсё калгасны скарб агульны. Колас. // Прызначаны для сумеснага карыстання. Агульная кухня. □ Было некалькі агульных пакояў, дзе ў вольны час’заўсёды шмат збіралася людзей. Чорны.

3. Які аб’ядноўвае ўсіх у якую‑н. групу, калектыў; сабраны ў адно цэлае. Агульны сход. Агульны збор.

4. Аднолькавы, уласцівы каму‑н. адначасова з іншым (іншымі); той самы для аднаго і другога (другіх). Агульная задача. Агульная мэта. □ Дзед Талаш палічыў сваім абавязкам не пакідаць Букрэя і партызан, і ён цвёрда пастанавіў падпарадкаваць свае асабістыя інтарэсы інтарэсам агульным. Колас. Доўга яшчэ не спалі ў зямлянцы, успаміналі даваенныя дні, колішнія сустрэчы, агульных знаёмых. Лынькоў. У Данусі і ў радысткі я знаходзіў штосьці агульнае. Карпюк. Розніца эпахальная! Але пры гэтай гістарычнай розніцы агульным паміж паэтамі [Міцкевічам і Купалам] было тое, што яны жылі інтарэсамі народа. Палітыка. / у знач. наз. агу́льнае, ‑ага, н. Шмат агульнага маюць яны [навелы] з фальклорнымі казкамі. Казека.

5. Які ахоплівае ўсіх і ўсё, пашыраецца на ўсіх і на ўсё навокал. Агульнае правіла. Агульныя недахопы. □ Так, бяда наша агульная, і выбрацца з яе нялёгка, — загаварыў адзін камандзір. Новікаў. Да агульнага страху за хлопцаў і да гордасці імі ўпляталася.. няўпэўненасць у тым, што і цяпер у іх нешта выйдзе. Брыль. // Які распаўсюджваецца на ўвесь арганізм. Агульная паўза сэрца.

6. Які не мае спецыяльнага прызначэння. Агульны вагон. Агульны стол. Агульная адукацыя. □ — Нічога, — сказала маці. — Набудзе ў ізалятары дзень, а потым у агульны цялятнік пусцім [цялушку]. Яна ж амаль здаровая ўжо. Даніленка.

7. Увесь, у поўным аб’ёме, сукупны. Агульны аб’ём вытворчасці. Агульная плошча пасеваў. □ Гэта быў напрамак галоўнага ўдару. Ад удачы тут залежаў агульны поспех аперацыі. Шамякін.

8. Які датычыцца асноў чаго‑н. Агульны курс матэматыкі.

9. Які ўспрымаецца ў цэлым, без уліку дэталей, дробязей. Агульнае ўражанне. Агульны ход падзей. Агульны план экспедыцыі. □ Было яшчэ невялікае дапаўненне да агульнага малюнка: некаторыя хаты стаялі з павыбіванымі вокнамі і знятымі з крукоў сенечнымі дзвярыма. Чорны. // Галоўны, вызначальны, асноўны. Агульная накіраванасць твора. Агульны напрамак дзейнасці.

10. Схематычны, павярхоўны, неканкрэтны. Агульныя распараджэнні. Агульныя апісанні. □ Надзя суцяшала як магла, але сама адчувала, што ўсе гэтыя суцяшэнні, супакаенні былі такімі агульнымі, такімі ўмоўнымі, што яна і сама ў іх не верыла. Лынькоў.

•••

Агульны рынак гл. рынак.

Агульнае месца гл. месца.

(Знайсці) агульную мову гл. мова.

Прывесці да агульнага назоўніка гл. прывесці.

У агульных рысах гл. рыса.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)