Гла́бка ’верхняя планка ў драбінах воза’ (Шатал.). Параўн. укр. гла́бці ’лубкі ў санях; сані, абшытыя лубкамі’ (Грынч.). Паводле Рудніцкага (637), вытворнае ад асновы *glab‑, якая чаргуецца з *glob‑ (аб гэтай апошняй гл. Рудніцкі, 650) і ад якой утварылася таксама аглобля, галобля і да т. п. Гл. яшчэ ў Фасмера, 1, 413: глоба́ ’папярочная бэлька, жардзіна, доўгі шост’, укр. глоба́ ’дрэва, якое расце коса; жалезны клін’. Гэта група слоў, паводле Фасмера, адносіцца да рус. огло́бля. балг. сглобя́ ’збіраю, змацоўваю’, польск. głobić і г. д. (аб далейшых сувязях гл. у Фасмера). Параўн. яшчэ Слаўскі, 1, 291 (пад głobić).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Агло́бля, аглабня (КТС), аглабіна, аглабец ’верхняя частка драбін’ (Бір. дыс.), укр. оголоблі, рус. оглобля, оглобень, агульнаўсходнеславянскае да глоба ’балка’. Параўн. балг. зглоб, серб.-харв. згло̏б ’частка цела, член’, о̀глобље ’частка ткацкага стану’, чэш. ohlobně ’слуп’. Мяркуючы па апошніх дзвюх формах, усходнеславянскае слова — семантычнае новаўтварэнне або новаўтварэнне з больш шырокім арэалам (і тады словаўтваральна-семантычнае). На захадзе гэта слова ў значэнні ’аглобля’, магчыма, было выцеснена нямецкім па паходжанню дышаль. Гл. Патабня, РФВ, 5, 125; Брандт, РФВ, 22, 121; Ільінскі, РФВ, 62, 256. Бліжэйшыя індаеўрапейскія паралелі: літ. glóbti ’ахапіць’ і іншыя балтыйскія формы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)