Гла́бка ’верхняя планка ў драбінах воза’ (Шатал.). Параўн. укр. гла́бці ’лубкі ў санях; сані, абшытыя лубкамі’ (Грынч.). Паводле Рудніцкага (637), вытворнае ад асновы *glab‑, якая чаргуецца з *glob‑ (аб гэтай апошняй гл. Рудніцкі, 650) і ад якой утварылася таксама аглобля, галобля і да т. п. Гл. яшчэ ў Фасмера, 1, 413: глоба́ ’папярочная бэлька, жардзіна, доўгі шост’, укр. глоба́ ’дрэва, якое расце коса; жалезны клін’. Гэта група слоў, паводле Фасмера, адносіцца да рус. огло́бля. балг. сглобя́ ’збіраю, змацоўваю’, польск. głobić і г. д. (аб далейшых сувязях гл. у Фасмера). Параўн. яшчэ Слаўскі, 1, 291 (пад głobić).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Глабі́на ’аглобля’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. ґлабня́, гла́бка, агло́бля (аглабня, аглабіна). Гл. *globa, *globati, *globiti ў Трубачова, Эт. сл., 6, 131–134.

Глабіна́ глыбокае месца на рацэ; таўшчыня торфу на балоце’ (слаўг., Яшкін). У гэтым жа значэнні ўжываецца таксама глубыня́, глубачы́нь (слаўг., Яшкін, там жа, 49). Слова глабіна́ цікавіць нас тым, што ў ім адлюстроўваецца іншая фанетычная форма слова глуб‑окі, а іменна *glъb‑, якое дае глоб‑ (з вакалізацыяй ъ > о), а не глыб‑ (як гэта звычайна ў бел. і ўкр. мовах), г. зн. глабіна < *глъбіна (праз *глобіна). Параўн. таксама глабо́ка ’глыбока’ (Сл. паўн.-зах.) < *glъb‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)