Гера́сім

назоўнік, уласны, адушаўлёны, асабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. Гера́сім Гера́сімы
Р. Гера́сіма Гера́сімаў
Д. Гера́сіму Гера́сімам
В. Гера́сіма Гера́сімаў
Т. Гера́сімам Гера́сімамі
М. Гера́сіме Гера́сімах

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

натрапа́ць, ‑траплю, ‑трэплеш, ‑трэпле; заг. натрапі; зак., чаго.

1. Трэплючы, нарыхтаваць у якой‑н. колькасці. Натрапаць канапель.

2. і без дап. Нагаварыць няпраўды. Пасля снедання, выходзячы з хаты, Герасім папярэдзіў: — Ты вот натрэплеш на маю галаву чаго не трэба!.. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штодня́, прысл.

1. Тое, што і штодзень. Вусы і бараду Герасім штодня абстрыгаў нажніцамі, сеўшы пры люстэрку. Чарнышэвіч. Якое гэта шчасце штодня, штохвіліны глядзець у любімыя вочы! Навуменка.

2. З кожным днём, з дня на дзень. Ужо колькі дзён, як ціхімі вечарамі глуха гудзе зямля, і гэты гул нарастае штодня. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прырабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак.

1. што. Прымацаваць, трывала злучыць з чым‑н. Па вечарах [Ляткоўскі] стаў хадзіць з шомпалам, прырабіўшы да яго драўляную асаду. Вітка. // Прыбудаваць да чаго‑н. (якое‑н. памяшканне). [Бацька] да сяней прырабіў трысценак з адным акном, паставіў печ. Гурскі. Жыў Герасім у той жа маленькай варывеньцы. Толькі прырабіў да яе за гэты час дашчаную прыбудоўку з акенцам. Якімовіч.

2. Зарабіць у дадатак да асноўнага заработку. Прырабіць на разгрузцы вагонаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сто́пка 1, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Невялікая шклянка для віна. І наліў паўнютку стопку: — Стукні, друг, і... не дышы. Бялевіч. // Колькасць віна, гарэлкі і пад., якая ўмяшчаецца ў такую шклянку. Цяпер Герасім Іванавіч куляе стопку без лішніх слоў і, рукавом уцершы вусны, пачынае навейшы рэпертуар, дзе на першым месцы таксама вайсковыя маршы. Карамазаў. Сядзім удваіх за столікам. У нас нават па стопцы чырвонага віна. Васілевіч.

сто́пка 2, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Тое, што і варыўня. Старая перабірала бульбу ў стопцы. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́сці, вяду, вядзеш, вядзе; вядзём, ведзяце; пр. вёў, вяла, вяло; заг. вядзі; незак.

1. каго. Накіроўваць чый‑н. рух. Весці каня за повад. □ Маці бярэ мяне за руку і вядзе дамоў. Бядуля. Вядзі, гаспадар, калі ласка, Нашчадкаў на ганак цясовы! Калачынскі. Зорын вёў сваю партнёршу, як добра спрактыкаваны танцор. Гурскі. // Памагаць ісці. Весці хворага пад рукі. // Прымушаць ісці з сабою. Весці ў міліцыю. □ Арыштаваных вялі рыначным пляцам проста да ратушы. Чорны. // што. Кіраваць аўтамабілем, караблём, самалётам і пад. Весці паравоз. □ [Вася:] — Хвіліну я нічога не бачыў і вёў самалёт наўгад. Шамякін. [Брат] вёў праз мост памалу Наш мінскі самазвал. Гілевіч. // каго-што. Ісці на чале, узначальваць, камандаваць. Весці войскі ў бой. □ Адну з калон беспрацоўных вёў Зыгмунт Асядовіч. Чорны. Капітан.. не спыняўся, настойліва вёў роту на нямецкія пазіцыі. Мележ.

2. перан.; каго-што. З’яўляцца кіраўніком чаго‑н.; ажыццяўляць кіраўніцтва кім‑, чым‑н. Весці сход. Весці гурток, клас. □ Маці спраў весці не ўмела, і ў мінулым годзе запушчаную і ўшчэнт разбураную гаспадарку прыйшлося збыць. Васілевіч. Вёў Герасім Дзмітрыевіч урок як звычайна. Выклікаў.. вучняў да дошкі, расказаў новы матэрыял. Б. Стральцоў.

3. чым па чым. Рухаць (указкай, алоўкам і пад.) па паверхні чаго‑н. Весці ўказкай па карце.

4. што. Будуючы што‑н. (дарогу, трубаправод, лінію электраперадачы і пад.), пракладваць у пэўным напрамку. — Ты памятаеш, як вялі ў нас дарогу? — раздумліва спытаў у мяне Яўхім. — На Рэчыцу? Ракітны. Праз балоты і палі Будаўнікі з Дашавы трубы Да Мінска роднага вялі. Ляпёшкін.

5. Мець пэўны напрамак, быць шляхам куды‑н. Дзве сталёвыя каляі, ля якіх стаіць Птахава будка, вядуць з усходу на захад — з Гомеля на Брэст. Навуменка. Роўная, гладкая пясчаная дарога вяла да самага ўзлесся.. Курто. Стаяў [асабняк] на ўзгорку, з вуліцы да яго вялі шырокія.. усходкі. Шамякін. // перан.; да чаго. Мець сваім вынікам, цягнуць за сабою. Гэта да дабра не вядзе.

6. што. Рабіць, выконваць, ажыццяўляць, падтрымліваць што‑н. (ужываецца звычайна ў спалучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць дзеянне). Весці падлікі. Весці назіранне. Весці барацьбу. Весці перапіску. Весці размову. □ Сход праходзіў спакойна. Максім за сталом вёў пратакол. Машара. Адам вёў строгую канспірацыю і прывучаў да строгасці ў падпольных справах і Міколу. Якімовіч. Ганна Сцяпанаўна была не з маўклівых, і трэба было ўвесь час весці з ёй размову. Шыцік.

7. безас. Разм. Хіліць на што‑н.; адольваць. Яго вяло на сон.

•••

Весці (размову, гутарку) да чаго‑н. — гаворачы або робячы што‑н., мець на мэце што‑н.

Весці рэй — быць завадатарам, верхаводзіць. — Антоська!.. родны мой! Канаю... Перагарэў, адстаў, знікаю... Вядзі ж ты рэй, вядзі... адзін... Як лепшы брат, як родны сын. Колас.

Весці сваё — настойліва ажыццяўляць свае планы, намеры, погляды, думкі.

Весці сваю лінію — тое, што і гнуць сваю лінію (гл. гнуць).

Весці свой род (генеалогію) ад каго‑н. — лічыць сябе нашчадкам каго‑н.

І вухам не весці — не слухаць, не звяртаць увагі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)