Віша́р

назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз.
Н. Віша́р
Р. Вішара́
Д. Вішару́
В. Віша́р
Т. Вішаро́м
М. Вішары́

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

Ві́шар ’няскошаная трава, якая засталася зімаваць’ (Шат., Бес., Янк. I, Шатал.); ’топкае балота, дзе траву косяць толькі па лёдзе або яна там зазімоўвае’; ’трава ў выглядзе мурагу, якая не трэцца’, ’благое балотнае сена’ (Яшк.); ’гнілое сена’ (Шатал.); ’расліна пажарніца’ (Мат. Гом.). Укр. ви́шар ’леташняя трава’, польск. wiszar ’балотная трава, гушчар, мокры, зарослы травой луг’. Да віш 1 (Махэк₂, 691). Непрымальная думка Рудніцкага (1, 404) ад шар з прэфіксам ви‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Муша́рына ’лясная трава карычневага колеру’ (глус., Янк. Мат.). Утворана ад му́ха (гл.) пры ад’ідэацыі лексемы віш (вішар, ⁺вішарына). Параўн. таксама мша́ры (гл.).

Мушары́на ’невялікая балоцістая мясцовасць, парослая мохам і альхой’ (палес., Талст.). Да імша́ра (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віс 1 ’назва травы’ (Мат.). Карскі (Труды, 479) лічыць слова толькі палескім, супастаўляючы яго з варыянтам віш; параўн. лун. віш ’трава другога ўкосу’, петрык. ’подсціл’ і бяроз. выша́р ’тс’ (Шатал.). Адпаведнікі знаходзім у гаворках польскай моўнай тэрыторыі: wis//wisz ’чарот, Scirpus L.’, wis ’аер, Acorus L.’; ’від кіслай травы (асака?)’; ’мокры з чаротам луг’, wisowata łąka ’благое сена’, wiszowaty (аб сене) ’тс’, н.-луж. wis ’чарот’, а таксама ў славенкай мове: víš ’асака, Carex L.’, серб.-харв. виш ’расліна’. У гэту групу ўваходзіць і палес. вішар (гл.), драг. выше́р ’старая, у свой час не скошаная трава, якую выкарыстоўваюць пераважна для подсцілу’, сюды ж укр. виш ’тс’, виша́р ’леташняя трава’, польск. wiszar ’гушчар, нетры, зараснік’, рус. кур. виш ’кусты, купіны ў паплавах, зарослыя леташняй травой’, калін., сіб. виша ’губка, Bodiaga fluviatilis et lacustris’. Відавочна, звязана з літ. viksvà ’асака’, vìkšris ’сіт, Jungus L.’, прус. wissene ’трава’, weysigis ’луг’, ням. Wiese ’луг’, ст.-ісл. veisa ’іл’ (Брукнер, 624–625).

Віс 2 ’вісячае становішча цела гімнаста пры гімнастычных практыкаваннях’ (КТС), укр. вис, рус. вис, чэш., славац. vis, в.-луж. wis, польск. zwis, балг. вис ’тс’. У рускай мове гэта новая лексема (ССРЛЯ, 2, 389), якая паходзіць з чэш. мовы (КЭСРЯ, 63). Бел. слова запазычана з рус. мовы. Да вісе́ць (гл.).

Віс 3 ’тое, што вісіць’ (палес., Маш.), магчыма, в.-луж. wis ’схіл, склон, адхон, навісь, правес’. Палес. слова з’яўляецца (у фальклоры) дэсемантызаваным прасл. visъ. Да вісе́ць (гл.).

Віс 4 ’мера вагі (для солі)’ (Кольб., 52, 78). Відавочна, да віс 3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віш 1 ’зазімаваўшая (няскошаная) трава’ (Маш., Янк. I, З нар. сл., Мат. Гом., Шатал.), віша ’тс’ (Некр., Янк. I, Бір. Дзярж., З нар. сл.). Рус. дыял. кур. виш ’зараснікі кустоў, вялікая колькасць купін, леташняй травы ў паплавах’, ст.-рус. вишь ’зялёныя галінкі, хвораст’, польск. wisz ’тс’, н.-луж. wiš ’чарот, трава, якая расце на балоце’, чэш. viš, víš ’назва пэўнай расліны або парасткаў’, чэш. дыял. ’высокая лясная трава, якая расце на вільготных і балоцістых месцах’, серб.-харв. виш ’від балотнай травы’, славен. vȋš м. р., vȋš ж. р. ’асака, чарот’. Прасл. višь. Роднаснымі з’яўляюцца ст.-прус. wissene ’багун, Ledum palustre’, літ. viksvà ’асака’, vikšvà, vìkšris ’чарот, асака’, vizgà ’трава’ (Траўтман, 363; Брукнер, KZ, 44, 334; Фасмер, 1, 325; Махэк₂, 691). У якасці роднасных прыводзяцца таксама нарв. vîse ’мяцёлка, верхавіна расліны, сцябло’, vîs м. р. ’мяцёлка’, veis ’сакавітае сцябло’, veisa ’ціна’, ст.-в.-ням. wisa ’луг’ (Петэрсан, AfslPh, 36, 151; Хольтхаузен, IF, 32, 337). Магчыма, сюды ж рус. виша, вишь ’водная губка, Spongia fluviatilis’; параўн. нарв. veise ’ціна’. Гл. віс.

Віш 2 м. р. ’іней’ (Мат. Гом.). Рус. арл., кур. вишь, ж. р., ви́шей, ви́шай, ви́шар ’тс’. Магчыма, да віш 1, вішар (гл.) праз прамежкавую семантычную ступень ’вадзяная губка, Spongia fluviatilis, наплыў, рачная зеляніна’, якая ўтрымліваецца ў рус. вишь, виша; апошнія лексемы Махэк₂ (691) аб’ядноўвае з віш 1. Фасмер (1, 326) пытанне аб сувязі рус. виша ’вадзяная губка’ з виш 1 пакідае нявырашаным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)